Меркаванне. Ці дастаткова добра чысцяць дарогі і тратуары? (+відэа)

Важнае Грамадства

Снежная зіма ‒ выпрабаванне для работнікаў камунальнай гаспадаркі.

Пытаемся ў жыхароў горада і раёна, ці дастаткова добра, на іх погляд, ў нас чысцяць дарогі і тратуары?

Зоя Лукашэвіч:

‒ На мой погляд, аўтамабільныя дарогі ў нас чысцяць добра, у адрозненне ад тратуараў: сёння, напрыклад, хадзіць па горадзе цяжка ‒ вельмі слізка. Пясок дапамагае, але маецца не ўсюды. Пра сітуацыю ў дварах дакладна сказаць не магу: я не мясцовая, прыехала з Вензаўца. Вось там дарогі чысцяць вельмі добра, за што дзякуй.

Уладзімір Кісялёў:

‒ Снег камунальшчыкі прыбіраюць добра, але робяць гэта павольна. Зразумець іх можна: людзей і тэхнікі мала, а горад вялікі. Дзесьці проста не паспяваюць пачысціць своечасова, асабліва, у моцныя маразы і снегапады. У той жа час мне падабаецца, як чысцяць снег у двары, дзе я жыву (вуліца Камсамольская). Нават асабіста ведаю дворніка, які працуе на гэтым участку і з упэўненасцю магу сказаць, што са сваёй няпростай задачай ён спраўляецца выдатна.

Ганна Дзянішчык:

‒ Хацелася б, каб дарогі і, асабліва, тратуары чысцілі больш аператыўна. Сёння, напрыклад, яны расчышчаны добра і амаль усюды пасыпаны пяском. Але так, на жаль, бывае не заўсёды, асабліва, у моцныя снегапады і адлігі, калі дарога ператвараецца ў сапраўднае выпрабаванне.

Марыя ПАПОВА