Марына Бортка: “Акцэнт – на патрыятычнае выхаванне”

Важнае Грамадства

Метадыст раённай бібліятэкі Марына Бортка падзялілася ўражаннямі ад VI Усебеларускага народнага сходу са сваімі калегамі.

Калектыў Марыны Леанідаўны цікавіла не толькі афіцыйная частка ўсебеларускага сходу, але і якім быў гала-канцэрт майстроў мастацтваў у Дварцы спорту, як дэлегатаў сустракалі ў сталіцы, ці змаглі яны выступіць перад журналістамі і многае іншае.

– Я ўпершыню пабывала на такім важным і маштабным мерапрыемстве, дзе выпрацоўваць стратэгію развіцця Беларусі на бліжэйшую пяцігодку сабралася больш за дзве тысячы чалавек з розных рэгіёнаў, – зазначыла Марына Леанідаўна. – Сферу культуры на форуме прадстаўляла Людміла Шымбалева, дырэктар карціннай галерэі з Гомеля. Яна акрэсліла кола праблем, якія тычацца развіцця дадзенай галіны. У прыватнасці расказала, што, акрамя традыцыйных формаў работы, шырокае выкарыстанне за апошні час атрымалі інтэрактыўныя і крэатыўныя. Разам з тым, галіна культуры, як і некаторыя іншыя, адчувае патрэбу ў маладых спецыялістах. Каб моладзь тут замацоўвалася, неабходна прымаць меры па яе дадатковым стымуляванні. Ёсць патрэба і ў павышэнні зарплат работнікам культуры. Не менш важна сёння больш увагі надаваць грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню.

На патрыятычным выхаванні беларускай моладзі ў сваім дакладзе зрабіў акцэнт і Прэзідэнт нашай краіны. Шмат увагі Аляксандр Рыгоравіч надаў пытанням развіцця сацыяльнай сферы, паабяцаў, што ў бліжэйшыя пяць гадоў зарплаты бюджэтнікаў абавязкова павысяцца. Кіраўнік дзяржавы праанансаваў праект “Беларусь шматдзетная” і адзначыў, што ў бліжэйшы час дэмаграфічнай бяспецы і зберажэнню здароўя нацыі будзе надавацца вялікая ўвага. Два дні форуму для мяне праляцелі незаўважна, – падрахункавала сваё выступленне Марына Бортка. – Яны пакінулі глыбокія ўражанні і веру ў тое, што разам мы зможам выканаць усе пастаўленыя задачы.

Ірына СТЫРНІК    



Теги: