Кажуць, што чалавека вызначае тое, як ён ставіцца да жывёлін.
Аднак бязмерная і бяздумная, а галоўнае – непаслядоўная любоў і шкадаванне да братоў нашых меншых можа звярнуцца для іншых людзей нязручнасцямі і небяспекай. “Мы адказваем за тых, каго прыручылі”, – гаворыць нам Сент-Экзюперы. Дзяржава дадае: за тых, каго прыручылі, мы адказваем перад людзьмі і законам.
З пытаннямі прававога рэгулявання адносінаў у сферы абыходжання з хатнімі і дзікімі жывёлінамі карэспандэнтка газеты “Перамога” звярнулася да прадстаўнікоў зацікаўленых службаў раёна.
Андрэй Юшкевіч, начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі АУС Дзятлаўскага райвыканкама:
– Першае, што рэгулюецца заканадаўствам, гэта месцы выгулу хатніх жывёлін. Большасць паведамленняў ад жыхароў раёна мы атрымліваем па фактах нанесенай шкоды ў выніку знаходжання хатніх жывёлін у недапушчальных для гэтага месцах. Ёсць шэраг забаронаў, пра якія гаспадарам гадаванцаў (асабліва сабак), трэба памятаць. Нельга выгульваць сабак (асабліва патэнцыйна небяспечных парод) дзецям; нельга прыводзіць жывёлін у аб’екты грамадскага харчавання, бытавога абслугоўвання, гандлёвыя аб’екты, навучальныя ўстановы, грамадскія будынкі, паркі, скверы і на стадыёны (дзе, дарэчы, многія любяць ажыццяўляць несанкцыяваны выгул сабак). Таксама гаспадарам варта сачыць за месцазнаходжаннем сваіх хатніх гадаванцаў. На жаль, нярэдкія сігналы, калі, сабака пакінуў свой падворак і напалохаў грамадзян або пакусаў, або нанёс шкоду хатняй птушцы, маёмасці. Такія факты разглядае адміністрацыйная камісія Дзятлаўскага райвыканкама або суд (у выпадку, калі нанесена шкода маёмасці або здароўю грамадзян). Па кожным з такіх правапарушэнняў прызначаецца адміністрацыйнае пакаранне – ад папярэджання да штрафу. Напрыканцы хачу яшчэ раз нагадаць жыхарам раёна, што за сваіх гадаванцаў у адказе толькі яны самі.
Віктар Дзедуль, намеснік дырэктара Дзятлаўскага РУП ЖКГ:
– Адной з функцый жыллёва-камунальнай гаспадаркі з’яўляецца адлоў бадзяжных жывёлін, мы пастаянна атрымліваем сігналы аб небяспецы для людзей і рэагуем на іх. У гэтай сувязі хачу нагадаць, што варта зрабіць грамадзянам, каб не страціць гадаванцаў, якія выпадкова пакінулі жыллё. Усіх хатніх жывёлін гаспадары не проста маюць права, а абавязаны рэгістраваць у Дзятлаўскім РУП ЖКГ. Пры рэгістрацыі выдаецца пасведчанне, памятка па ўтрыманні жывёлін і жэтон, які змяшчаецца на ашыйнік у гадаванца. Калі гэта сабака байцоўскай пароды (даберман і падобныя), гаспадары павінны папярэдне прайсці навучанне ў кіналагічным цэнтры. Хачу падкрэсліць, што жыллёва-камунальная гаспадарка не мае ў сваім распараджэнні месцаў для ўтрымання катоў і сабак. Таму, на жаль, з адлоўленымі ў час рэйдаў жывёлінамі праводзіцца эўтаназія. Калі знаходзяцца грамадзяне, гатовыя забраць да сябе адлоўленых жавёлін і даглядаць іх, мы не адмаўляем у гэтым. Рэдка, але ўсё ж звяртаюцца да нас са скаргамі па пытаннях утрымання катоў. Вырашаем такія спрэчкі ў індывідуальным парадку, пры ўдзеле камісіі: калі хатнія жывёліны не зарэгістраваны, гаспадары караюцца па законе. Пераканаўча прашу грамадзян сумленна і адказна ставіцца да ўтрымання хатніх жывёлін: пасяляючы ў жыллі (асабліва ў кватэры) новых гадаванцаў, варта рэальна ацэньваць бытавыя ўмовы і свае магчымасці, каб некалі хатнія жывёліны не папоўнілі шэрагі бадзяжных.
Баляслаў Кулеш, загадчык Дзятлаўскай раённай ветэрынарнай станцыі:
– Галоўная мэта нашай дзейнасці – бяспека здароўя жывёлін і людзей. Згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 252 ад 28 чэрвеня 2019 года, адна з важнейшых задач ветэрынарнай службы раёна – не дапусціць распаўсюджання ў жывёлін асабліва небяспечных інфекцыйных захворванняў і перадачы іх чалавеку. З гэтай мэтай мы праводзім прафілактычныя мерапрыемствы, наведваем жыхароў сельскай мясцовасці, дзе прышчапляем хатніх жывёлін ад шаленства і падобных цяжкіх хваробаў. Разам з тым, клапатлівыя гаспадары могуць звярнуцца да нас са сваімі гадаванцамі, правесці дыягностыку, атрымаць парады па догляду, прафілактычныя прышчэпкі. Калі патрэбны больш сур’ёзныя ветэрынарныя працэдуры, вам спатрэбіцца звярнуцца ў суседнія гарады.
Дзмітрый Балькоўскі, начальнік Дзятлаўскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя:
– Апошнім часам стала модным трымаць дома дзікіх жывёлін. Сапраўды, такое магчыма ажыццявіць, але толькі строга кіруючыся законам. Ажыццяўляць адлоў і ўтрыманне дзікіх жывёлін можна ў двух выпадках. Першы – калі жывёліна знаходзіцца ў бядотным становішчы. Рашэнне па стане жывёліны і пытанні яе ўтрымання ў няволі вырашае спецыяльная камісія па аказанні дапамогі дзікім жывёлінам, якая працуе пры Дзятлаўскім райвыканкаме. Калі вы вырашылі трымаць дзікую жывёліну дома самі, то трэба, па-першае, атрымаць дазвол названай камісіі, па-другое, выканаць патрабаванні Міністэрства прыродных рэсурсаў па ўмовах утрымання дзікіх жывёлін у няволі. Напрыклад, тую ж казулю вы ніяк не зможаце трымаць у кватэры, для яе патрэбны вальер. На Дзятлаўшчыне былі выпадкі аказання дзікім жывёлінам дапамогі, аднак добраахвотнага жадання ўтрымліваць іх у сябе дома доўгатэрмінова ніхто не выказваў.
Наталля АВЯРЧУК