Хутчэй, вышэй… смачней: прайшлі зімовыя старты ў Дзятлаве (+відэа)

Важнае Спорт і турызм

Провады зімы – самы час не толькі адпачыць, павесяліцца ды блінамі пачаставацца, але і памерацца волатаўскай сілаю ды спрытам спартыўным.
У час народных гулянняў на Плошчы 17 Верасня за званне самых моцных, спрытных, дружных і непераможных змагаліся восем каманд – Вензавецкай сярэдняй школы, Дзятлаўскага лясгаса, ААТ “Молочный мир”, гімназіі № 1 горада Дзятлава, КСУП “Войневічы”, Дзятлаўскага раёна электрычных сетак, каманда жылкамунгаса і, нарэшце, зборная выпускнікоў факультэта фізічнай культуры.

У напружаных спартыўных змаганнях канкурсантам трэба было прайсці па асфальце на “лыжах-хадунах”, ёмка ўдарыць па Зіме малатком (забіць цвік у дрэва), весела і па-спартыўнаму пачаставацца блінамі, выйграць хакейнае пары і паказаць трапнасць у біятлонным дартсе.

Спаборніцтвы праходзілі вельмі эмацыянальна, бурна і азартна, пры актыўнай падтрымцы балельшчыкаў. У “Хакейным пары” перамогу заваявала каманда РУП ЖКГ, лепшыя лыжнікі і гурманы – у камандзе “выпускнікоў ФФК”, упартую перамогу ў дартсе атрымалі спартсмены з Вензавецкай сярэдняй школы, а найбольш хутка і спрытна забілі цвік прадстаўнікі лясгаса.

Падлічыўшы ўсе ачкі, галоўны суддзя спаборніцтваў агучыла вынікі. Першае месца ў турніры заняла каманда выпускнікоў ФФК, другой стала каманда Дзятлаўскага РУП ЖКГ, а на трэцяй пазіцыі – зборная раёна электрычных сетак.

Наталля АВЯРЧУК
Фота аўтара, Марыі ПАПОВАЙ