На старонках газеты “Перамога” не адзін раз друкаваліся інтэрв’ю з салдатамі, якія праходзілі тэрміновую службу ў вайсковай часці 33933 горада Слоніма.
Праз некалькі гадоў пасля публікацый цікавімся ў герояў артыкулаў, як склалаўся іх лёс пасля арміі і ці стала служба адпраўной кропкай для неверагодных перамен у жыцці.
Ігар Нікіпорчык, загадчык гаспадаркі Дзятлаўскай ветлабараторыі
У войска маладога чалавека праводзіў увесь дружны калектыў ветэрынарнай лабараторыі. Сюды ён і планаваў вярнуцца назад. Служыў ён радавым роты аховы і абслугоўвання, кіраваў аўтамабілем “УАЗ-3151”, удасканальваў свае навыкі вадзіцеля і механіка, вучыўся пунктуальнасці і дысцыплінаванасці. У аграгарадку Вензавец яго чакалі са службы бацькі і каханая дзяўчына.
– Ігар, як вы ўладкаваліся пасля службы?
– Вярнуўся ў ветлабараторыю, дзе мяне вельмі чакалі калегі па рабоце. Працаваў тут вадзіцелем, а не так даўно атрымаў павышэнне: цяпер я загадчык гаспадаркі. Працаваць някепска.
– Ці спатрэбіліся навыкі, вопыт, набытыя ў арміі?
– За час службы я толькі ўдасканаліў свае навыкі кіравання аўтамабілем. Апроч таго, армія каласальна памяняла мой светапогляд і адносіны да жыцця. Навучыўся беражлівасці ў адносінах да фінансаў, да рэчаў і да ўласнага часу. Цяпер – усё ў сям’ю. Стаў патрыётам у пэўным сэнсе слова. Да службы я думаў пра далёкія краіны, а цяпер зразумеў, што магу дастойна жыць і зарабляць у сваім раёне, усё залежыць толькі ад мяне.
– Дачакалася вас з войска дзяўчына?
– Вядома, дачакалася! Цяпер Таццяна – мая жонка. У наступным пасля дэмабілізацыі годзе я ў час камандзіроўкі ў Мінску набыў пярсцёнак і папрасіў яе рукі. Як ажаніліся, спачатку жылі ў сямейным інтэрнаце ў Дзятлаве, а нядаўна ўжо пераехалі ў свой дом у Раклевічах. У Дзятлава на працу ездзім на ўласным аўтамабілі.
Дзмітрый Матылевіч, вадзіцель Дзятлаўскага ПМС
За ўзорнае нясенне ваеннай службы гвардыі радавы вайсковай часці 33933 быў адзначаны ўзнагародай, тэкст якой публікаваўся на старонках “Перамогі”. Яго бацькі атрымалі Падзячны ліст на сцэне раённага Цэнтра культуры ў Дзень абаронцаў Айчыны. У дакуменце адзначалася, што салдат добрасумленна выконвае свой воінскі абавязак перад Радзімай і беларускім народам, дасканала ведае і ўпэўнена валодае даверанай яму тэхнікай і ўзбраеннем, з’яўляецца ўзорам асабістай дысцыплінаванасці.
– Да арміі і ў час тэрміновай службы вы былі вадзіцелем. Ці памянялі спецыяльнасць?
– Так і застаўся вадзіцелем, змяніў толькі арганізацыю. Да службы працаваў у гаспадарцы “Паўлава-Агра”, цяпер – у прадпрыемстве меліярацыйных сістэм. Кірую аўтобусам, важу людзей на аб’екты. У цяперашні час дапамагаем жыллёва-камунальнай гаспадарцы раёна ва ўборцы снегу. З надыходам сезону езджу ў камандзіроўкі па ўсёй вобласці.
– Ці была карыснай ваенная падрыхтоўка для паўсядзённага жыцця?
– Не пашкодзіла, дакладна. Вельмі добра, што за паўтара гады службы я не згубіў, толькі падмацаваў сваю прафесію. Акрамя таго, у час службы загартаваўся характар. З’явіліся такія яго якасці, як сабранасць, хуткасць у выкананні справаў і прыняцці рашэнняў. Гэта вельмі дапамагае.
– Якія маеце планы на будучыню?
– Думаю атрымаць катэгорыю на цяжкагрузныя машыны і пайсці працаваць дальнабойшчыкам.
Антон Румянцаў, укладчык хлебабулачных вырабаў Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства
На момант апублікавання артыкула Антон служыў радавым першай роты сёмага асобнага танкавага батальёна, быў механікам-вадзіцелем танка. На службу малады чалавек не скардзіўся, штодзённыя выпрабаванні яму дапамагалі пераадольваць сябры-саслужыўцы. У арміі ён навучыўся кіраваць баявой машынай, страляць з розных відаў зброі.
– Раскажыце пра сваё жыццё пасля дэмабілізацыі з войска.
– Калі вярнуўся дадому, адпачыў пару месяцаў і ўладкаваўся на працу афіцыянтам. Але хутка зразумеў, што гэта не маё. Больш за год працаваў на трубным заводзе, зволіўся адтуль, каб рэалізаваць жыццёвыя планы. Але сусветная пандэмія ўнесла ў іх істотныя карэктывы. Калі зноў шукаў працу, была вакансія на хлебазаводзе, і я пайшоў працаваць сюды. Праца тут не з лёгкіх, але спраўляюся.
– Чым дапамагла вайсковая служба?
– Па-першае, у арміі я быў вадзіцелем танка, атрымаў карысныя ўменні па доглядзе і рамонце тэхнікі, якія спатрэбіліся мне для рамонту ўласнага аўтамабіля, і сябрам дапамагаў таксама. Як вярнуўся са службы, адразу пайшоў вучыцца на правы катэгорыі “В”. Па-другое, набыў вельмі важныя якасці характару. Акрамя стойкасці і дысцыплінаванасці, гэта ўменне правільна паводзіць сябе з людзьмі, пазбягаць канфліктных сітуацый, што мне спатрэбілася ў рабоце.
– Адным з самых каштоўных момантаў у вайсковай службе вы лічылі сяброўства. Кантактуеце цяпер з саслужыўцамі?
– Далёка не з усімі, з кім служыў, але верныя сябры па арміі засталіся. Дагэтуль тэлефануем адзін аднаму, ездзім у госці, гатовы прыйсці сябрам на дапамогу.
– Вы служылі амаль у адзін час з малодшым братам Дзмітрыем. Дзе ён цяпер?
– Так, мы прызываліся з розніцай у паўгода, але я ў Слонім, а ён – у Барысаў. Брат таксама ўжо адслужыў, цяпер паехаў у Мінск “прабіваць глебу” наконт працаўладкаваня.
Міхаіл Калодка, механізатар ААТ “Граніт-Агра”
Толькі паўгода пасля заканчэння Лідскага індустрыяльнага каледжа ён працаваў вадзіцелем у ААТ “Граніт-Агра” і быў прызваны на тэрміновую службу, якую праходзіў радавым рамонтнай роты. У арміі ён удасканаліў свае навыкі механіка, набыў новыя ўменні, атрымаў добрую фізічную загартоўку, навучыўся дысцыплінаванасці і жыццю па распарадку. Пасля службы ён планаваў вярнуцца ў родныя Таркачы, дзе яго чакала сям’я.
– Міхаіл, як склалася ваша жыццё пасля арміі?
– Вярнуўся ў родную вёску, дзе жыву цяпер у бацькоўскім доме. Працую ў гаспадарцы “Граніт-Агра” механізатарам на трактары МТЗ-1221. З вясны да восені быў заняты на палявых работах. Гэтай зімой давялося займацца расчысткай снегу, якога выпала багата. Працую з задавальненнем, бо сельская гаспадарка – гэта сапраўды маё.
– Спатрэбілася ваенная навука?
– Выдатна, што нават у час вайсковай службы я меў справу з тэхнікай, так што не забыўся і нават замацаваў веды і прафесійныя навыкі. Армія дадала мужнасці і ўмення адказваць за свае ўчынкі.
– Якія планы на перспектыву?
– Асаблівых планаў няма. Застацца на сваёй зямлі, займацца тут любімай справай. Спадзяюся, атрымаецца стварыць тут уласную сям’ю.
Наталля АВЯРЧУК
Фота з архіву рэдакцыі, з асабістых архіваў, фота аўтара