Мова – душа народа, векавая памяць многіх пакаленняў, наш галоўны нацыянальны скарб.
Жыве мова — жыве народ, жыве памяць продкаў.
У Жукоўшчынскай сельскай бібліятэцы – цэнтры духоўна-мастацкай спадчыны Тыдзень роднай мовы пачаўся з афармлення кніжнай выставы “Чароўная скарбонка роднай мовы”.
Разам з выхавальнікамі Наталляй Конан і Людмілай Дзядовіч бібліятэку наведалі выхаванцы Жукоўшчынскага дзіцячага сада. Дзеці праслухалі вершы беларускіх паэтаў, казкі, адказалі на загадкі. Бібліятэкар пазнаёміла іх з лепшымі дзіцячымі творамі на беларускай мове. З кнігамі, якія выхоўваюць найлепшыя і найважнейшыя чалавечыя якасці — чуласць, дабрыню, павагу да старэйшых, любоў да прыроды, людзей, Радзімы. У гэты ж дзень у бібліятэцы была арганізавана акцыя “Пасвячэнне ў чытачы”, кожны ўдзельнік атрымаў чытацкі білет. Напрыканцы мерапрыемства дзеці запісаліся ў бібліятэку і выбралі кнігі.
Людміла Цюленіна,
бібліятэкар Жукоўшчынскай сельскай бібліятэкі – цэнтра духоўна-мастацкай спадчыны