У семінары-вучобе ў рамках Адзінага дня бяспекі прынялі ўдзел работнікі культуры раёна.
Пажары, эвакуацыя, шашлыкі
Менавіта так гаварылі на семінары і пра любімы многімі адпачынак на прыродзе, прыгатаванне ежы на мангале на прысядзібным участку. Як адзначыў першы намеснік начальніка Дзятлаўскага РАНС Сяргей Кухарчык, на пікніках часта не выконваюцца элементарныя правілы бяспекі. А яшчэ – пры спальванні сухой расліннасці. Снег растае, пажоўклая трава і сухое лісце, што засталося з восені пад снежным покрывам, многія гаспадары хутка пачнуць паліць. Сяргей Іванавіч нагадаў, якія меры засцярогі неабходна прыняць, каб не загінуць з-за падпаленай травы. Папярэдзіў спецыяліст прысутных аб правільных дзеяннях іх, як работнікаў арганізацый, пры ўзнікненні пажараў і ў выпадку эвакуацыі.
Старшы інжынер РАНС Сяргей Новік патлумачыў, як праводзіцца арганізацыя грамадзянскай абароны.
Актыўная ці пасіўная асабістая маёмасная бяспека?
Лічбы гавораць, што ў папярэджанні кіберзлачынстваў людзі сталі больш “прадзвінутымі”, а вось пра маёмасць сваю клапоцяцца слаба.
– Сёння ўжо многія дзятлаўчане разумеюць, што ніколі спецыяліст банка не будзе па тэлефоне пытацца ў кліента інфармацыю пра нумары картак і паролі, на провадзе – махляр, які хоча скрасці грошы з чужога карт-рахунка, – адзначыў начальнік штаба аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Анатоль Андалюкевіч. – Колькасць падобных кіберзлачынстваў стала змяншацца.
Крадзяжы ж з прысядзібных участкаў толькі “прырастаюць”. Па словах Анатоля Анатольевіча, зараз злачынцы аддаюць перавагу крадзяжам не з пакінутых без нагляду дамоў, а з участкаў вакол іх. Як кажуць, бяруць усё, што дрэнна ляжыць, і без усялякага ўзлому. Таксама спецыяліст заклікаў работнікаў культуры, якія з’яўляюцца арганізатарамі і ўдзельнікамі масавых мерапрыемстваў, праяўляць пільнасць, звяртаць увагу на падазроныя прадметы і паведамляць аб гэтым супрацоўнікам праваахоўных органаў.
Пазнаёміў Анатоль Андалюкевіч удзельнікаў семінара-вучобы з правіламі бяспечных паводзін на чыгунцы і са змяненнямі, якія з’явіліся ў новым Кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэннях, што ўступіць у сілу з 1 сакавіка. Сярод асноўных новаўвядзенняў КаАП – прафілактычныя і папераджальныя меры.
Газ у быце, а кавід навокал – таксама небяспека
Пра правілы карыстання газам у быце і на вытворчасці, іх парушэнне і адказнасці за гэта расказаў вядучы інжынер Дзятлаўскага раёна газазабеспячэння Уладзімір Данільчык. А доктар-эпідэміёлаг раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Мікалай Дзядовіч – пра хваробу, з якой мы ўжо прывыклі жыць і стаміліся змагацца. Дарэчы, Мікалай Мікалаевіч настройваў людзей, што адзінае, чым сёння можна засцерагчыся ад кавіду, – гэта прышчэпка. На жаль, хвароба не сезонная і будзе “мучыць” людзей і ў мароз, і ў спякоту. Доктар падзяліўся сваімі адчуваннямі пасля ўвядзення вакцыны, паколькі сам быў у шэрагу першых, хто ў нашым раёне вакцыніраваўся ад кавіду.
– Ніякіх асаблівых змяненняў у арганізме не адчуў, усё добра, – рэзюмаваў эпідэміёлаг.
Ірына КАМАРОВА
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ