24 лютага выдалася багатым на падзеі для жыхароў гарадскога пасёлка Казлоўшчына.
Дэлегат VI Усебеларускага народнага сходу, старшыня Казлоўшчынскага сельвыканкама Вадзім Бялатка дзяліўся ўражаннямі ад форуму з калектывам Казлоўшчынскай гарпасялковай бальніцы. Затым разам са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Аляксандрам Бараноўскім, таксама дэлегатам усебеларускага форуму, ён прыняў удзел у рабоце першай у раёне дыялогавай пляцоўкі па пытаннях VI Усебеларускага народнага сходу, якая таксама праходзіла ў Казлоўшчыне.
– Чырвоным радком праз увесь форум праходзіла думка аб неабходнасці аб’яднацца, – зазначыў Вадзім Аляксандравіч. – Толькі разам беларусы змогуць стаць эканамічна мацнейшымі і незалежнымі. Яшчэ адзін важны тэзіс сходу – берагчы традыцыйныя сямейныя каштоўнасці, падтрымліваць сем’і з дзецьмі і клапаціцца аб дэмаграфічнай бяспецы.
Спадабаліся яму выступленні дэлегатаў і гасцей форуму, асабліва сербкі Іваны Джыган. Яна расказала аб тым, як пачалася вайна і быў унесены раскол у грамадства на яе Радзіме. Цяпер у каляровых рэвалюцый і без ваенных, дастаткова сродкаў, каб раздзяліць людзей, што ў 2020 годзе на сабе адчулі і беларусы.
– Перамены ў нашай краіне будуць, але шляхам навуковага, эканамічнага і тэхнічнага прагрэсу. Адно з новаўвядзенняў анансаваў Прэзідэнт. Хутка будзе створана канстытуцыйная камісія, якая выпрацуе змяненні ў галоўны дакумент Беларусі. Рэферэндум па прыняцці новай Канстытуцыі будзе сумешчаны з выбарамі ў мясцовыя Саветы дэпутатаў, значыць, адбудзецца ў канцы гэтага ці пачатку наступнага года, – дадаў дэпутат.
– Нам пашчасціла трапіць у склад дэлегацыі Дзятлаўшчыны для ўдзелу ў народным сходзе, – падзяліўся сваімі уражаннямі ад форуму Аляксандр Барноўскі. – Наша дэлегацыя складалася з 10 чалавек: 7 – былі абраны раённым Саветам дэпутатаў, яшчэ тры – грамадскімі аб’яднаннямі раёна. За два дні работы былі падведзены вынікі мінулай пяцігодкі, распрацаваны і абмеркаваны задачы на наступную. Хачу падкрэсліць, што за апошнія гады ў Беларусі, нават на Дзятлаўшчыне і ў вашым пасёлку ў прыватнасці, зроблена нямала, яшчэ больш належыць зрабіць.
На Гродзеншчыне сярод важкіх праектаў на пяцігодку – будаўніцтва новага ўчастка завода “Азот” і дрэваапрацоўчага цэху ў Свіслацкім раёне.
На Дзятлаўшчыне ў бліжэйшы час плануецца пабудаваць 2 станцыі абезжалезвання ў Раклевічах і Лапушне, 72-кватэрны жылы дом – у райцэнтры; рэканструяваць кацельню каля дзятлаўскага кінатэатра, 2 малочнатаварныя фермы – у сельгаспрадпрыемстве “АграМілк”, вентыляцыю – у асноўным вытворчым корпусе ААТ “Молочный Мир”; замяніць кацёл на Парэцкім участку ААТ “Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь”, скончыць будаўніцтва чацвёртага корпуса санаторыя “Радон” і многае іншае. Аднак для дасягнення пастаўленых мэтаў сумленна працаваць павінен кожны!
Жыхары гарадскога пасёлка Казлоўшчына пацікавіліся ў выступаючых, як у далейшым будзе выкарыстоўвацца будынак ранейшага ўнівермага.
Вадім Бялятка патлумачыў, што цяпер будынак выкуплены, яго ўласнік праводзіць рамонт. Як раней паведамляў новы гаспадар, пасля завяршэння рамонту ён збіраецца здаваць памяшканні ў арэнду пад гандлёвыя аб’екты, у тым ліку сецявому бізнесу.
Ірына СТЫРНІК