Напярэдадні Дня праваслаўнай кнігі на базе Хвінявіцкай сельскай бібліятэкі – цэнтра фарміравання здаровага ладу жыцця прайшла гадзіна духоўнасці “І свет духоўнасці не патухне”.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел навучэнцы 8-9 класаў Хвінявіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы. На сустрэчу з вучнямі завітаў святар Накрышскай Барыса-Глебскай царквы – айцец Мікалай. Ён паведаміў прысутным, што ў 2021 годзе праваслаўная царква адзначае 800-годдзе з дня нараджэння дзяржаўнага дзеяча і таленавітага палкаводца – Аляксандра Неўскага, нагадаў, чаму праз стагоддзі помняць і ўшаноўваюць памяць аб ім як чалавеку з вострым розумам, смелым сэрцам, добрай душой і найперш мудрасцю. Дасягнуў ён усіх высот жыцця дзякуючы таму, што вельмі любіў кнігі, з павагай ставіўся да настаўнікаў, меў цвёрдую веру ў Бога ў сваёй душы. Айцец Мікалай пазнаёміў прысутных з жыціем знакамітага князя-воіна, палітыка, дыпламата. У 1547 годзе Аляксандр Неўскі быў кананізаваны Рускай праваслаўнай царквой у ліку дабраверных.
На мерапрыемстве засяродзілі ўвагу на тым, як часта не хапае ў сучасным грамадстве талерантнасці, спагады і духоўных адносін паміж людзьмі, на неабходнасць сваімі ўчынкамі і справамі ўмацоўваць мір і спакой.
Айцец Мікалай прэзентаваў цікавую і ўнікальную выставу праваслаўнай кнігі “Духоўная кніга – крыніца вялікай мудрасці”. Вучням былі прадстаўлены старажытныя царкоўныя кнігі. Навучэнцы яшчэ раз змаглі ўпэўніцца, што кніга адыгрывае важную ролю ў жыцці чалавека, яна найпершая крыніца інфармацыі, самы старажытны спосаб перадачы ведаў, свайго роду машына часу, якая дае магчымасць чалавеку трапіць у самыя патаемныя куточкі жыцця і свету.
Калі хочаш дасягнуць поспеху ў жыцці, сябруй з кнігай, яна з’яўляецца важным дасягненнем чалавецтва. Такі вывад зрабілі для сябе навучэнцы пасля гадзіны духоўнасці.
Таццяна ЖЫНКО,
настаўніца Хвінявіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы