Не першы год Беларускі прафсаюз работнікаў аграпрамысловага комплексу праводзіць акцыю пад назвай “Наш жывёлавод”.
Яе мэта – паляпшэнне санітарна-бытавых умоваў на жывёлагадоўчых фермах, стымуляванне працы работнікаў жывёлагадоўлі, павышэнне эфектыўнасці і якасці вытворчасці, нарошчванне аб’ёму вытворчасці і паляпшэнне якасці прадукцыі.
Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Уладзімір Казак у рамках акцыі “Наш жывёлавод” наведаў малочнатаварную ферму “Раготна” КСУП “Дварэц-Агра”.
Пад пільнай увагай раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу знаходзяцца працоўныя і бытавыя ўмовы работнікаў. Нядаўна ў бытавым памяшканні жывёлаводаў на ферме “Раготна” быў зроблены рамонт.
Работы было нямала: ад замены падлогі і столі – да тынкоўкі печы і сценаў, рамонту ў памяшканні для пераапранання.
Уладзімір Казак павіншаваў жавёлаводаў з наваселлем, пажадаў моцнага здароўя, дабрабыту, вытворчых поспехаў і уручыў ім каштоўныя падарункі.
– Не сакрэт, што жывёлаводы працуюць у вельмі напружаным рэжыме, але па-іншаму ў гэтай прафесіі поспеху не даб’ешся. Клопат пра людзей працы, абарона іх правоў застаецца нязменнай задачай прафсаюзных арганізацый, – адзначыў Уладзімір Фёдаравіч.
Акцыя “Наш жывёлавод” прадаўжаецца.
Вольга ЮШКЕВІЧ