Лепшых супрацоўнікаў і работнікаў падраздзяленняў Дэпартамента аховы па выніках 2020 года нядаўна вызначылі на Гродзеншчыне.
Крыштальны знак “Лепшы дзяжурны пульта кіравання” і дыплом да яго на гэты раз “прыехалі” на Дзятлаўшчыну.
Ва ўрачыстай абстаноўцы заслужаныя ўзнагароды нашай зямлячцы Таццяне Мацеевіч уручыў начальнік Дзятлаўскага аддзела Дэпартамента аховы Дзмітрый Харошка.
Па словах кіраўніка, Таццяна Іосіфаўна – адказны і вопытны дзяжурны пульта кіравання. У прафесію яна прыйшла ў сакавіку 1998 года і амаль за 23 гады работы зарэкамендавала сябе як бясспрэчны прафесіянал. Таццяна Мацеевіч выдатна ведае, што ад прынятых ёю ў час дзяжурства за пультам кіравання рашэнняў напрамую залежыць аператыўнасць і выніковасць работы групаў рэагавання.
– Калі трывожны сігнал паступае з ахоўваемага аб’екта, які знаходзіцца ў Дзятлаве, я перадаю звесткі групе затрымання нашага аддзела аховы, а калі “спрацоўка” адбылася на раёне – паведамляю пра гэта ў міліцыю, – уводзіць у курс сваіх працоўных абавязкаў Таццяна Іосіфаўна. – За гады маёй работы дзяжурным пульта кіравання здаралася рознае. Аднойчы, напрыклад, давялося рэагаваць на пранікненне ў магазін вёскі Лапушна. Таго злодзея праваахоўнікі затрымалі па гарачых слядах. А колькі ўвогуле правапарушэнняў было спынена і папярэджана, ужо і не пералічу.
Асабліва неспакойнымі нашы дзяжурствы бываюць, калі на Дзятлаўшчыне бушуе непагадзь: у такія гадзіны атрымліваем самую вялікую колькасць спрацовак, і на ўсе трэба правільна адрэагаваць. Але ў рабоце мне падабаюцца новыя сітуацыі і эфект нечаканасці. Я “на зубок” ведаю патрабаванні службовых інструкцый, таму не баюся прымаць самастойныя рашэнні.
На “ты” Таццяна Іосіфаўна і з “разумнай” тэхнікай аддзела. За апошнія два дзесяцігоддзі прагрэс значна крочыў наперад, і цяпер былы пульт “Нява” ўжо далёкі ўспамін. На змену яму прыйшлі навейшыя тэхналогіі. Згодна з патрабаваннямі часу, адбылася мадэрнізацыя аўтаматызаванай сістэмы апавяшчэння “Алеся” з устаноўкай новага абсталявання УПА-GSM, якое працуе па канале сувязі 3G. Таццяна Мацеевіч прызнаецца, што “пасябраваць” з такой складанай тэхнікай дзяжурным пульта ўпраўлення ўдалося дзякуючы таму, што новаўвядзенні прыходзілі да іх паступова.
Паслухаўшы аповед пра аснашчэнне аддзела, цікаўлюся ў Таццяны Мацеевіч, ці не тэхнічная ў яе спецыяльнасць.
– Вы недалёка адыйші ад ісціны, – усміхаецца мая субяседніца, – я сапраўды тэхнік, але зубны.
Аказваецца ў нашай зямлячкі ёсць чырвоны дыплом “зубнога тэхніка”, і ў свой час вучэбную практыку яна праходзіла менавіта ў Дзятлаве. Праўда, папрацаваць па прафесіі на малой радзіме ёй так і не ўдалося з-за адсутнасці вакансій. Затое пяць гадоў Таццяна Іосіфаўна была масажыстам, а калі з-за фізічнага напружання ў яе пачаліся праблемы са здароўем, – вырашыла шукаць іншую работу. Тады нашай зямлячцы і пашчасціла ўладкавацца ў Дзятлаўскі аддзел Дэпартамента аховы.
– Аб тым, што жыццё зрабіла круты паварот, я ніколі не шкадавала, – разважае Таццяна Мацеевіч. – Лёс прывёў мяне ў цудоўны калектыў, дзе ёсць узаемавыручка і сяброўства. Дзяжурнымі пульта ўпраўлення ў нас працуюць пяць чалавек, і ўсе пяць – жанчыны. Увогуле ж пераважная частка працоўнага калектыву Дзятлаўскага аддзела аховы – гэта мужчыны, сярод іх апошнім часам нямала маладых людзей. Некаторыя – равеснікі майго дваццацігадовага сына і, дзякуючы супрацоўніцтву з імі, я глыбей пазнаю маладое пакаленне, іх інтарэсы, адносіны да жыцця, памкненні, што дапамагае наладжваць даверлівыя адносіны з сынам.
З-за гнуткага працоўнага графіка Таццяне Іосіфаўне не раз даводзілася сустракаць Новы год, 8 Сакавіка, Вялікдзень і іншыя святы на рабочым месцы. Як правіла, для дзяжурнага пульта ўпраўлення святочныя дні больш напружаныя, чым будні, бо людзі адпачываць па-рознаму, і даводзіцца ўсе 12 гадзін быць пільнай.
Пасля такіх дзяжурстваў проста неабходны добры адпачынак, што выдатна разумеюць муж Юрый Мадэставіч і сын Іван, якія забяспечваюць з прыходам матулі ёй некалькі гадзінаў цішыні.
Ірына СТЫРНІК