Што новага чакае нас у 2021 годзе?

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Змяненні сёлета чакаюць беларусаў у розных сферах жыцця, але многіх з нас цікавяць сацыяльныя гарантыі.

Што новага адбылося ў гэтым кірунку і што варта ведаць нашым землякам, карэспандэнтцы газеты расказала начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Дзятлаўскага райвыканкама Алена Васкель.

Павялічаны пенсійны ўзрост

– З першага дня 2021 года пенсійны ўзрост павысілі яшчэ на паўгода, – зазначае Алена Васкель. – Сёлета беларускія жанчыны будуць выходзіць на пенсію ў 57,5 ​​года, мужчыны – у 62,5 года.

Вырас і мінімальны страхавы стаж, неабходны для атрымання працоўнай пенсіі. Сёлета ён складае 18 гадоў, на працягу якіх ажыццяўляліся выплаты ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Мінімальны страхавы стаж будзе штогод павялічвацца на 6 месяцаў, пакуль ў 2025 годзе не дасягне 20 гадоў, каб прэтэндаваць на працоўную пенсію. Нагадаю, што страхавы стаж – гэта тэрмін, на працягу якога наймальнік адлічвае ўзносы ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва.

Пенсійныя гарантыі для шматдзетных маці

З 1 студзеня 2021 года пры прызначэнні пенсіі будзе па-іншаму разлічвацца працоўны стаж для шматдзетных маці. Жанчынам, якія маюць чацвёра і больш дзяцей, у агульны стаж можа быць уключана дадаткова яшчэ тры гады. У сукупнасці атрымаецца 12 гадоў (да 2021 года было 9 гадоў).

Для маці, якія нарадзілі чатырох дзяцей, дастаткова будзе 10 гадоў мінімальнага страхавоага стажу, замест сёлетніх агульнавызначаных 18 гадоў.

Падрасла базавая велічыня

Базавую велічыню ў Беларусі афіцыйна паднялі з 27 да 29 рублёў. Такая мера прадугледжана пастановай Савета міністраў ад 30 снежня 2020 года № 783. Ад базавай велічыні залежыць памер дапамогаў па беспрацоўі.

Так, мінімальная дапамога для афіцыйных беспрацоўных вырасце да 29 рублёў, максімальная – да 87.

Мінімальная зарплата павялічылася

З 1 студзеня 2021 года ў Беларусі ўсталявалася месячная мінімальная заработная плата ў памеры 400 рублёў. Гэта прадугледжана пастановай Савета міністраў ад 21 снежня 2020 года № 740.

Вырасла базавая стаўка, падняліся заробкі сацработнікаў

Памер базавай стаўкі з новага года вырас на 10 рублёў і дасягнуў 195 рублёў. Гэтая стаўка выкарыстоўваецца для налічэння заробкаў бюджэтнікаў і работнікаў іншых арганізацый, якія атрымліваюць субсідыі.

Унесены змяненні ва Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 18 студзеня 2019 года № 27 “Аб аплаце працы работнікаў бюджэтных арганізацый”. Будзе павялічаны памер сродкаў, што накіроўваюцца на прэміраванне, з 5 % да 20 % ад сумы акладаў работнікаў (норма ўступае ў сілу з 1 ліпеня 2021 года).

Таксама пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны № 101 усталёўваецца новая стымулюючая выплата работнікам бюджэтных арганізацый сферы сацыяльнага абслугоўвання. Гэта работнікі дамоў-інтэрнатаў, Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Надбаўка за спецыфіку працы складзе ад 8 % да 12 % акладу, што прадугледжвае рост заробкаў на 35-130 рублёў.

Сямейны капітал будзе праіндэксаваны

Пры нараджэнні (усынаўленні, удачарэнні) трэцяга і наступнага дзіцяці ў перыяд з 1 студзеня па 31 снежня 2020 года памер прадастаўляемага сямейнага капіталу складаў 22500 рублёў. Сямейны капітал у беларускіх рублях прадастаўляецца ў перыяд з 1 студзеня 2020 года па 31 снежня 2024 года. Пры гэтым кожны наступны каляндарны год сума сямейнага капіталу будзе змяняцца нарастаючым вынікам шляхам яго штогадовай індэксацыі на велічыню індэкса спажывецкіх цэн за папярэдні год.

Гэта значыць, што, у 2021 годзе памер сямейнага капіталу зменіцца і ўжо будзе не 22500 рублёў, а ўзрасце на велічыню індэкса спажывецкіх цэн за 2020 год. Такое змяненне будзе ажыццяўляцца штогод. Памер сямейнага капіталу будзе афіцыйна апублікаваны на сайце Міністэрства працы і сацыяльнай абароны да 31 студзеня бягучага года.

Ірына СТЫРНІК