Рыхтуемся да Усебеларускага сходу. Віталь Шулейка: “Кірунак – на ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва з сельгаспрадпрыемствамі”

Галоўнае Грамадства

Кандыдатам на VI Усебеларускі народны сход ад раённага Савета дэпутатаў вылучаны дырэктар ААТ “Дзятлаўская сельгастэхніка” Віталь Шулейка.

Карэспандэнтам газеты “Перамога” Віталь Тадэвушавіч расказаў аб дасягненнях сваёй арганізацыі і падзяліўся думкамі, чаго чакае ад удзелу ва ўсерэспубліканскім форуме.

– ААТ “Дзятлаўская сельгастэхніка” мае багатую гісторыю. Створана наша арганізацыя напрыканцы 40-х гадоў мінулага стагоддзя для абслугоўвання сельскай гаспадаркі.

На сёння ў нас ёсць такія структурныя падраздзяленні як рамонтная майстэрня, цэх нестандартнай вытворчасці абсталявання, лінейны будаўніча-мантажны ўчастак, таксама ў свой час была далучана база хімпрадукцыі. Яна займаецца забеспячэннем угнаеннямі трох раёнаў – Дзятлаўскага, Навагрудскага, Карэліцкага. Цэх нестандартнай вытворчасці выконвае розныя работы пераважна з металам. Наладжана вытворчасць даільнага абсталявання з выкарыстаннем камплектуючых кампаніі “Геафарм Тэхноладжыс”. Асноўны від нашай дзейнасці – вытворчасць сельскагаспадарчых машын для жывёлагадоўлі. Асноўны від прадукцыі – даільныя ўстаноўкі розных мадэфікацый для рознага пагалоўя. Мы працуем з металам, рыхтуем вырабы з яго, а электроннае начыненне набываем у Германіі. За ўвесь час Дзятлаўская сельгастэхніка па ўсёй тэрыторыі Беларусі ўстанавіла больш за 270 даільных установак. Наша прадукцыя карыстаецца вялікім попытам, і насёння ёсць магчымасць яе рэалізацыі па праграме льготнага крэдытавання, згодна з Указам ад 2 красавіка 2015 года № 146 “Аб фінансаванні закупкі сучаснай тэхнікі і абсталявання”. Паводле Указа ААТ “Прамагралізінг” па ўзгадненні з Міністэрствам прамысловасці набывае сучасную тэхніку і абсталяванне, што вырабляюцца на тэрыторыі Еўразійскага эканамічнага саюза, у арганізацый-вытворцаў для наступнай перадачы ў лізінг юрыдычным асобам нашай краіны. Гэта дазваляе сельгасвытворцам выкарыстоўваць крэдытаванне з растэрміноўкай на 8 гадоў пад 2 % гадавых, што выгадна для нас і для гаспадарак.

За мінулы год рост аб’ёмаў вытворчасці ААТ “Дзятлаўская сельгастэхніка” склаў 128,3 % да ўзроўню папярэдняга года, а ў 2019 годзе ён быў 382,5 %. Такія лічбы абумоўлены вялікім попытам на сельгасабсталяванне ў Брэсцкай вобласці. За 2020 год мы рэалізавалі па тэрыторыі Беларусі 35 даільных установак, годам раней – 26 установак.

На розных участках нашай арганізацыі працуе 121 чалавек.

Як дэлегат VI Усебеларускага народнага сходу ад гэтага маштабнага ўсерэспубліканскага форуму я чакаю канструктыўнага дыялогу, разумення, якія рэформы чакаюць сельскую гаспадарку, бо ў гэтай галіне ёсць як пазітыўныя, так і негатыўныя тэндэнцыі, што накладае свой адбітак на фінансавыя здзелкі. Спадзяюся, асноўнымі паказчыкамі для перааснашчэння і развіцця гаспадарак на наступную пяцігодку стануць – наяўнасць грашовых сродкаў на рахунку і фінансавая паспяховасць.

Ірына СТЫРНІК
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ



Теги: