Памолімся за здароўе разам

Важнае Да ведама грамадзян

У самыя складаныя, пераломныя моманты ў жыцці чалавецтва, у часы войнаў і эпідэмій, людзі здзяйснялі хрэсныя хады вакол паселішчаў і гарадоў.

Мінулі гады, а традыцыя ратаваць сваю зямлю ад бяды малітвай засталася актуальнай.

З гэтай нагоды радаснай навіной з дзятлаўчанамі падзяліўся благачынны Дзятлаўскай царкоўнай акругі іерэй Іаан Кісель. Моц веры людской паказала сапраўдны цуд: перад малітвай дзятлаўчан пачаў адступаць каранавірус.

У сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй, было прынята рашэнне аб’ехаць горад Дзятлава з іконай свяціцеля Мікалая Цудатворцы з часцінкай яго нятленных мошчаў. Своеасаблівы хрэсны ход праводзіўся на аўтамабілях: два святары і хор разам з іконай аб’ехалі вакол горада, чытаючы “Акафіст Свяціцелю Мікалаю”. Яны спыняліся на кожным скрыжаванні і рабілі хрэснае знаменне асвечанай вадой. Да гэтага тры дні праходзілі службы ў саборы святых навамучанікаў і спаведнікаў Царквы Рускай у Дзятлаве. Служылі літургіі, малебны з акафістамі свяціцелю Мікалаю. Людзі прыходзілі і пакідалі запіскі за здароўе родных і блізкіх, бралі для ўласнага карыстання надрукаваную малітву за адступленне каранавірусу.

– Мы папярэдзілі людзей, каб разам з намі 27 снежня правялі сумесную малітву, кожны ў сябе дома на працягу гадзіны, пакуль мы аб’язджалі горад з хрэсным ходам, – расказвае айцец Іаан Кісель. – І здарыўся сапраўдны цуд Божы. Да прыбыцця іконы мы кожны дзень праводзілі пахаванні людзей, памерлых ад каранавірусу, нават не па адным чалавеку. Пасля аб’езду горада з іконай вось ужо амаль чатыры тыдні мы не пахавалі ніводнага памерлага ад каранавірусу праваслаўнага хрысціяніна.

Кам замацаваць станоўчы эфект, 31 студзеня будзе праведзены падобны хрэсны ход з крыжам, які ўтрымлівае ў сабе часцінку Крыжа Гасподняга і іконай свяціцеля вялікамучаніка і лекара Панцеляймона з часцінкай яго нятленных мошчаў. Святыні ўжо знаходзяцца ў храме горада Дзятлава. Сёлета ў сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй традыцыйнае асвячэнне жылля змяніла свой фармат. Святары Дзятлаўшчыны прынялі рашэнне не ўваходзіць у дамы і кватэры. Аднак людзі самі змогуць асяніць свае дамы хрышчэнскай вадой у час хрэснага хода і супольнай малітвы, у нядзелю 31 студзеня, з 12 да 13 гадзін. Дзверы сабора будуць адчынены для ўсіх кожны дзень з 9 да 18 гадзін. У гэты час можна прыйсці памаліцца, прыкласціся да святыняў, узяць малітвы для супольнага хрэснага хода, набраць хрышчэнскай вады і пакінуць запіскі аб здароўі блізкіх.

– Просім усіх дзятлаўчан далучыцца да агульнай малітвы, – падвёў вынік святар. – Якую яна мае сілу, мы ўжо ўпэўніліся. Молімся разам і верым, што хвароба адступіць.

Наталля АВЯРЧУК