Дабрачынны навагодні праект “Ёлка жаданняў” Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа прадоўжыўся на Дзятлаўшчыне 14-15 студзеня.
Выхаванцы сацыяльнага прытулка Дзяніс, Паліна і Даша атрымалі салодкія пачастункі, канцылярскія і іншыя патрэбныя рэчы, якія ў час праекта “Ёлка жаданняў” сабралі дзятлаўчане ў магазіне “Родны кут”.
Прэзідыум абласной і сакратарыят рэспубліканскай арганізацый грамадскага аб’яднання перадалі для двух юных жыхароў раёна падарункі, аб якіх яны марылі. Для гэтага старшыня Дзятлаўскай раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа Галіна Касцюк загадзя пацікавілася ў матуляў першакласніцы Лінды Крупіцы і вучня другога класа Арцёма Кашчука з Дзятлаўскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэаблілітацыі, чаго хочуць іх дзеці. Мама Лінды расказала, што яе дачка вельмі любіць мультфільм “Маша і Мядзведзь”, а мама Арцёма патлумачыла, што сын захапляецца машынкамі. Таму сярод іншых прыемных сюрпрызаў у падарункі “Ёлкі жаданняў” ад Чырвонага Крыжа былі пакладзены пазлы са сцэнай з вядомага мультфільма і цацачны трактар. У святочнай абстаноўцы з лепшымі пажаданнямі падарункі былі ўручаны маленькім адрасатам. Лінда і Арцём адразу ж узяліся за новыя цацкі.
Акрамя гэтага, старшыня раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа наведалася ў дзіцячы дом сямейнага тыпу Марыны і Аляксандра Шэлегаў, дзе гадуюцца сем прыёмных хлопчыкаў і адна дзяўчынка. Яны таксама атрымалі важкія падарункі ад прэзідыума абласной і сакратарыята рэспубліканскай арганізацый Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа. З нецярпеннем дзеці распакоўвалі скрынкі ў прадчуванні сюрпрызаў. А там, як у казцы “З рога – усяго многа”: і дзіцячыя энцыклапедыі, і цукеркі, і развіваючыя гульні, а для дзяўчынкі – лялька з цэлым гардэробам бальных сукенак.
Развітваючыся з гасцямі, Аляксандр Шэлег зазначыў, што падобныя візіты прыносяць дзецям шмат радасці, і ён упэўнены, што ў дарослым жыцці кожны з дзяцей абавязкова будзе іх успамінаць і сам пастараецца дарыць шчаслівыя хвіліны іншым людзям.
Ірына СТЫРНІК