Інфекцыяніст па волі лёсу

Галоўнае Грамадства Свежыя навіны

Верагодна, няма сёння чалавека на зямлі, якому не знаёмае слова каранавірус.

Стыхіі, якая захлынула ўсе краіны і кантыненты свету, на працягу доўгіх месяцаў стараюцца супраць­стаяць і дзятлаўчане. У няпростай штодзённай барацьбе разам з намі санітарныя службы, медыцына і нават духавенства, а на перадавой – “кавідныя” брыгады і медыцынскі персанал інфекцыйных аддзяленняў Дзятлаўскай раённай бальніцы. У шэрагах тых, хто змагаецца за здароўе і жыцці людзей – малады хірург Павел Галкевіч.

У 2019 годзе Павел Юр’евіч прыбыў на Дзятлаўшчыну па размеркаванні пасля заканчэння Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Працаваў на прыёме ў раённай паліклініцы, замацоўваючы на практыцы атрыманыя ў час вучобы веды. Аднак другая хваля каранавірусу, якая дакацілася да нас восенню, вымусіла медыкаў мабілізавацца. Калі ў інфекцыйным аддзяленні бальніцы спатрэбіліся дактары, Паўлу Галкевічу прапанавалі дапамагчы старэйшым калегам. З кастрычніка мінулага года ён працуе інфекцыяністам у адным з перакваліфікаваных пад лячэнне каранавірусу аддзяленняў Дзятлаўскай ЦРБ. “Затрымаўся”, жартуе сам доктар.

– Не страшна? – першае пытанне, якое задаю суразмоўцу.

– Страху няма ніякага. Хваляваўся за родных, за бацькоў. Калі была першая хваля каранавірусу, я паўгода не ездзіў дадому, баяўся “прывезці” яго блізкім. Калі летам паехаў у водпуск на радзіму, хварэла мама, а разам з ёй перахварэў і я. А так, захварэць можна дзе заўгодна.

У Дзятлаўскай ЦРБ сёння працуюць чатыры “кавідныя” аддзяленні – два дыягнастычныя і два інфекцыйныя. Павел Галкевіч працуе ў інфекцыйным. Здавалася б, афіцыйны працоўны дзень інфекцыяніста доўжыцца з васьмі раніцы да шаснаццаці гадзін. Але ён прадаўжаецца частымі начнымі дзяжурствамі. У нерабочы час у бальніцы працуюць адразу два дзяжурныя тэрапеўты і два рэаніматолагі. Адзін дзяжурны тэрапеўт прымае хворых з неінфекцыйнымі паталогіямі, Павел Юр’евіч займаецца выключна хворымі на каранавірус. Па такім жа прынцыпе ў бальніцы працуюць адначасова два рэанімацыйныя аддзяленні – агульнае і для хворых на каранавірус.

На змену ў інфекцыйным аддзяленні заступаюць дзве медсястры і санітарка. На іх плячах – медыцынская дапамога і догляд пацыентаў, якіх, на жаль, цяпер заўсёды нямала. Зразумела, што лёгкіх дзяжурстваў у такім аддзяленні чакаць не прыходзіцца.

Па словах Паўла Галкевіча, у інфекцыйным аддзяленні для хворых на каранавірус не заўсёды аншлаг. Бываюць перыяды, калі хапае нават свабодных месцаў, а за імі – зноў з нейкай цыклічнасцю – стопрацэнтная запаўняльнасць.

– Аднак нават у самыя напружаныя часы мы знаходзілі выйcце, каб усіх пацыентаў размяшчаць у палатах, – заўважае доктар.

Па словах спецыяліста, самае кепскае ў каранавірусе – гэта яго непрадказальнасць і нявывучанасць: пацыент можа з раніцы быць стабільным і бадзёрым, а ўвечары – пераводзіцца ў рэанімацыю. Вядома, міне час, і пра COVID­19 апублікуюць нямала кваліфікаваных навуковых прац, але сёння нашы медыкі сваёй самаадданасцю і прафесіяналізмам пішуць гісторыю самі.

Некалькі хвілінаў у абедзенны перапынак – гэта ўвесь час, што сёння доктар Галкевіч мае на інтэрв’ю. Бо там, у аддзяленні, чакаюць пацыенты, якім трэба яго дапамога.

– Як бавіце вольны час? – на развітанне пытаюся ў маладога чалавека.

– Сплю… – проста і ёміста адказвае доктар.

Ужо не за гарамі вясна, а там і лета, з надыходам якога, спадзяёмся, адступіць каранавірусная навала. І нашы медыкі змогуць нарэшце крыху адпачыць.

Наталля АВЯРЧУК
Фота аўтара

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup