Традыцыйна пачатак года – час падвесці прамежкавыя вынікі ў сферы адукацыі.
Завяршыўся абласны этап рэспубліканскай алімпіяды па навучальных прадметах, дзе навучэнцы школ Дзятлаўшчыны паказалі свае веды, прайшоў шэраг навуковых конкурсаў і канферэнцый. Пра першыя ў гэтым годзе дасягненні дзятлаўскіх школьнікаў карэспандэнтка газеты “Перамога” пагутарыла з загадчыцай Дзятлаўскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Таццянай Кулеш.
– Таццяна Афанасьеўна, раскажыце пра каманду, якая прадставіла Дзятлаўшчыну на абласным этапе школьнай алімпіяды.
– Рэспубліканская прадметная алімпіяда – адна з важнейшых падзеяў у школьным конкурсным жыцці. У лістападзе 2020 года прайшоў раённы этап, які вызначыў мацнейшых навучэнцаў ва ўсіх школьных дысцыплінах. Па выніках рэйтынгавага адбору адзінаццаць чалавек прайшлі ў асноўны склад раённай каманды і два – у рэзервовы. У пачатку студзеня яны пазмагаліся за прызы ў абласным этапе алімпіяды па матэматыцы, фізіцы, інфарматыцы, працоўным навучанні, геаграфіі, гісторыі. Склад каманды быў наступны: пяць навучэнцаў з гімназіі № 1 горада Дзятлава, два навучэнцы сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава, два навучэнцы Гезгалаўскай сярэдняй школы, адзін навучэнец Вензавецкага дзіцячага сада-сярэдняй школы, адзін навучэнец сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава.
– Як вучні рыхтаваліся да абласнога этапа?
– Цэнтралізаванага збору канкурсантаў не ажыццяўлялася. Няпростая эпідэміялагічная сітуацыя вымусіла ўсіх шукаць прыдатныя да сённяшніх умоваў формы работы. Падрыхтоўка вялася на базе саміх установаў адукацыі, а таксама дыстанцыйна з выкарыстаннем інтэрнэт-тэхналогій.
– Якія поспехі маюць дзятлаўчане ў трэцім, абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды?
– Наша каманда прывезла з абласнога этапа тры дыпломы і пяць грамат. Дыпломам 2 ступені ў секцыі “Фізіка” адзначана навучэнка 9 класа сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава Паліна Журская (настаўніца Мая Якаўчык), дыплом 3 ступені па матэматыцы заваяваў навучэнец 9 класа гімназіі № 1 горада Дзятлава Данііл Шуляк (настаўніца Ганна Урбановіч), дыплома 3 ступені па гісторыі ўдастоены навучэнец 10 класа сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава Вадзім Васюкевіч (настаўнік Сяргей Сівы). Граматамі “За дасягнутыя поспехі” адзначаны Данііл Шумскі з гімназіі № 1 (настаўніца Святлана Кетка) – па інфарматыцы; Елізавета Варган з сярэдняй школы № 3 (настаўніца Таццяна Русіна) – па абслугоўчай працы, Наталля Варабей і Ангеліна Грэцкая з Гезгалаўскай сярэдняй школы (настаўніца Ларыса Ненартовіч) — па абслугоўчай працы, Максім Кароль з Вензавецкага дзіцячага сада-сярэдняй школы (настаўніца Людміла Грэйня) – па геаграфіі. Дзевяцікласнікі з Дзятлава Паліна Журская і Данііл Шуляк прадставяць Гродзенскую вобласць на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды (у асноўным і рэзервовым саставе адпаведна).
– Для адукацыі раёна год пачаўся плённа. Чым яшчэ парадавалі нашы школьнікі?
– Напрыканцы мінулага года прайшоў ХІІ абласны конкурс-канферэнцыя даследчых работ навучэнцаў “Крыштальная Альфа”. Рэйтынгавы адбор на раённым узроўні прайшлі тры работы, усе яны былі ўдастоены дыпломаў конкурсу. Гэта дыплом 2 ступені ў навучэнак гімназіі № 1 горада Дзятлава Елізаветы Панасюк і Анастасіі Шышко ў секцыі “Хімія”(настаўнік Мікалай Губко). Іх сумесная работа “Вызначэнне ўтрымання растворанага кіслароду ў вадаёмах горада Дзятлава” будзе прадстаўлена на рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі. Акрамя таго, дыпломамі 3 ступені на абласным конкурсе былі адзначаны работы навучэнкі сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава Юліі Ступчык – у секцыі “Гісторыя” (настаўніца Аксана Якаўчык) і навучэнак гімназіі № 1 горада Дзятлава Ганны і Анастасіі Талкун – у секцыі “Грамадазнаўства” (настаўніца Алена Радомская). У параўнанні з мінулым годам мы ўмацавалі свае пазіцыі ў конкурснай дзейнасці. Веру, што можа быць яшчэ лепш.
– Як раённы аддзел адукацыі заахвочвае таленавітых навучэнцаў і дапамагае ім?
– Адзін з момантаў – гэта метадычная дапамога педагогам, якія працуюць з высокаматываванымі навучэнцамі. Вядзецца пастаяннае інфармацыйнае суправаджэнне ўдзельнікаў конкурсаў і алімпіяд. Акрамя таго, Дзятлаўскі райвыканкам пастаянна заахвочвае грашовымі прэміямі школьнікаў, якія паказваюць высокія вынікі на рэспубліканскім і міжнародным узроўні, а таксама іх педагогаў.
Наталля АВЯРЧУК