Вынік там, дзе клопат

Галоўнае Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Малочнатаварная ферма “Парэчча” на слыху не толькі ў мясцовых жыхароў, але і ў кіраўніцтва нашага раёна.

І калі размова заходзіць пра дасягненні і набыткі, у сувязі з імі ўзгадваецца імя загадчыцы ўстановы Таццяны Лаўнік. Надышоў час і вам, шаноўныя чытачы, пазнаёміцца з гэтай выключнай жанчынай.

Наша зямлячка Таццяна Веніямінаўна нарадзілася ў невялічкай маляўнічай вёсачцы Латышы на беразе Нёмана. Вучылася ў школе ў Хвінявічах, затым у Слоніме. Працоўную дзейнасць пачынала ў камбінаце бытавога абслугоўвання, затым – аператарам на кацельні ў жылкамунгасе. А потым па просьбе кіраўніка КСУП “Хвінявічы” Мікалая Бубноўскага ўзялася за новую для сябе працу ў жывёлагадоўлі. Мудры дальнабачны кіраўнік ужо тады ведаў, што жанчына выдатна справіцца з давераным ёй участкам працы.

На ферме “Парэчча” ўтрымліваюцца 192 каровы, 57 цялят, якія даглядаюць 16 работнікаў. Загадчыца асабіста павінна клапаціцца за захаванне пагалоўя буйной рагатай жывёлы, якасць малака і яго колькасць, а значыць – дбаць і за кармы, і за работу персаналу, за ўмовы працы і заработную плату.

– Усе нашы работнікі ведаюць, што я за іх заўжды гарой, – кажа Таццяна Лаўнік. – У любых сітуацыях стараюся зразумець і дапамагчы ўсім, чым магу і што маю сама.

Жанчына згадвае першы месяц сваёй працы на ферме “Парэчча”:

– Надышоў час людзям раздаваць разліковыя заработныя лісткі, рабіла гэта з цяжкім сэрцам, такія невялікія лічбы ў іх значыліся.

Але за месяцы і гады працы загадчыца фермы змагла данесці да свайго калектыву, што заработная плата ў сельскай гаспадарцы залежыць ад працы і вынікаў. Сёння ўзровень тутэйшых заробкаў амаль дагнаў малочнатаварныя фермы-тысячнікі. Акрамя таго, кіраўніцтва сельгасарганізацыі і сама Таццяна Веніямінаўна стараюцца стварыць усе ўмовы для камфортнай работы людзей.

Пытаюся ў загадчыцы фермы, якія складанасці і прыемныя моманты ёсць у працы.

– Складанасці ёсць кожны дзень, мы разам прывыклі іх пераадольваць, – адзначае жанчына. – А прыемныя моманты – калі дасягаеш сапраўды важкіх вынікаў. Як, напрыклад, перамога нашай фермы ў раёне сярод іншых. Гэта ж прыемна? Прыемна нам усім, хто тут працуе.

Ужо на заканчэнні нашай размовы Таццяне Веніямінаўне патэлефанавалі і паведамілі выдатную навіну: малако з фермы “Парэчча” пайшло гатункам “Экстра”. Тут даўно стала звыклым выключнае захаванне тэхналогіі вытворчасці малака, сёлета удой на адну карову складае 4695 кілаграмаў (на 472 кілаграмы больш у параўнанні з мінулым годам). Гэты высокі вынік – плён працы, стараннасці і неабыякавасці ўсяго калектыву жывёлаводаў і, найперш, дбайнай гаспадыні фермы. Віншуем іх з чарговым важкім дасягненнем, жадаем цярпення, поспехаў і годнай матэрыяльнай узнагароды ў нялёгкай сельскагаспадарчай працы.

Наталля АВЯРЧУК
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup