Работнікі Дзятлаўскага РУП ЖКГ пачалі ўпрыгожваць горад да навагодніх святаў.
Першы снег на мінулых выхадных, адкрыццё навагодніх фотазон у магазінах горада, устаноўка ёлкі на цэнтральнай плошчы – усё гэта гаворыць аб адным: зусім хутка мы будзем адзначаць каталіцкія і праваслаўныя Каляды, сустракаць Новы год.
Разам з тым, каб святочны настрой быў не толькі на рабоце і дома, а яшчэ і на вуліцах горада, неабходна надаць яму навагодні выгляд.
Карэспандэнт газеты “Перамога” пацікавіўся ў намесніка дырэктара Дзятлаўскага РУП ЖКГ Віктара Дзедуля, як ідзе падрыхтоўка горада да навагодніх святаў.
– Цяпер мы працягваем ставіць ёлку на гарадской плошчы, – расказвае Віктар Станіслававіч. – Яна ўжо другі год запар уяўляе сабой каркас, на які прымацоўваюцца маленькія ёлачкі. Такая навагодняя прыгажуня выглядае больш сучаснай і падабаецца дзятлаўчанам. Акрамя гэтага, у нас ёсць добрая традыцыя: устанаўліваць каля галоўнага ўвахода ў жылкамунгас фігуру жывёліны з падсветкай, якая сімвалізуе надыходзячы год. Сёлета гэта бык. Таксама плануем устанавіць навагоднюю арку і жывую ёлку ад трох да чатырох метраў на дзіцячай пляцоўцы па вуліцы Навагрудскай, упрыгожыць вуліцы Савецкую і Кірава, плошчу 17 Верасня. Варта адзначыць, што ў гэтым годзе мы дадаткова на восем тысяч рублёў закупілі светлавое абсталяванне для ўпрыгожвання нашага горада.
Таксама Віктар Станіслававіч расказаў, што пры падтрымцы Дзятлаўскага РУП ЖКГ з 1 снежня 2020 года стартавала навагодняя акцыя “Упрыгожым ёлку разам”. Удзельнікі – дзеці з розных установаў адукацыі горада Дзятлава. Аздабленні неабходна зрабіць сваімі рукамі і занесці ў прыёмную жылкамунгаса. Пасля заканчэння акцыі ўсе вырабы будуць развешаны на навагодніх ёлках на плошчы 17 Верасня і вуліцы Навагрудскай. Падрабязнасці правядзення акцыі можна даведацца па тэлефоне 6-83-12.
Вадзім ФІЛІПОЎСКІ
Фота аўтара
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup