“Навагодняя казка” ў музеі

Важнае Культура і адпачынак

Не за гарамі Новы год. А гэта падарункі, святочны стол, рознакаляровая ёлачка і, вядома, Дзед Мароз.

У Дзятлаўскім музеі заўсёды на Новы год і Каляды працуе выстава. Кожны раз новая: то мы дастаём з фондаў ёлачныя ўпрыгажэнні розных гадоў, то паштоўкі, то самаробныя кампазіцыі. Наведвальнікам вельмі цікава. Як тым, хто бачыў такое ў сваім далёкім дзяцінстве і ў каго ў душы, хочаш не хочаш, узнікаюць цёплыя, пяшчотныя пачуцці, так і маладому пакаленню: во дзіва, няўжо былі такія цацкі і паштоўкі?! Вось і сёлета мы рыхтуемся да выставы “Навагодняя казка”. Будуць на ёй прадстаўлены і паштоўкі мінулых дзесяцігоддзяў, тым больш што за год іх у фондах пабольшала, жыхары раёна шчодра падзяліліся сваімі архівамі. Паштоўкі самыя розныя: фотаздымкі, малюнкі, кампазіцыі. Але самымі мілымі і кранальнымі здаюцца тыя, на якіх намаляваны Дзед Мароз і Снягурка, лясныя жыхары, дзеці ў час зімовых забаў.

Аўтарам цэлага шэрагу такіх паштовак быў Уладзімір Іванавіч Зарубін. За 30 гадоў працы ў свет выйшла больш за 1,5 мільярда паштовак і канвертаў з яго малюнкамі.

Напэўна, калі добра пашукаць, то ў многіх дзятлаўчан, народжаных у СССР, знойдзецца дзе-небудзь у стосе старых паштовак або ў альбоме ўзор творчасці гэтага выдатнага мастака.

Выстава з паштоўкамі Уладзіміра Зарубіна пачне працаваць у музеі з 16 снежня. Шчыра запрашаем на прагляд. І, магчыма, хто-небудзь з землякоў падзеліцца з намі сваёй калекцыяй навагодніх паштовак.

Алена АБРАМЧЫК,
старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup