Навагоднія мары збываюцца

Важнае Грамадства

У рамках акцыі “Нашы дзеці” 23 снежня старшыня Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта Андрэй Садоўскі і начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Наталля Белаус з падарункамі, набытымі за сродкі раённага бюджэту, наведалі выхаванцаў Дзятлаўскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі і прытулка сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава.

Цёпла віталі гасцей дзеці з абмежаванымі магчымасцямі і іх педагогі. Настаўніца-дэфектолаг Галіна Емяльянчык і малады спецыяліст Таццяна Шундрык у творчай форме расказалі пра спецыфіку работы ўстановы.

Андрэй Садоўскі выказаў меркаванне, што работа педагогаў карэкцыйнага цэнтра патрабуе шмат сіл і вялікага сэрца. Ён падзякаваў спецыялістам за тое, што яны робяць для сваіх выхаванцаў. Каб палепшыць матэрыяльную базу ўстановы, сёлета быў набыты планшэт, які і ўручыў работнікам кіраўнік раёна. Андрэй Уладзіміравіч выказаў спадзяванне, што гэты тэхнічны сродак будзе дапамагаць педагогам у іх добрых справах і дазволіць фатаграфаваць самыя яркія моманты жыцця цэнтра.

Да віншаванняў далучылася Наталля Белаус і перадала дзецям цукеркі.

Дырэктар ЦКРНіР Марына Гуговіч падзякавала за падарункі і ўзнагародзіла Андрэя Садоўскага і Наталлю Белаус імяннымі “Сертыфікатамі добрых спраў”, таксама ўручыла ім салодкія сюрпрызы ад спецыялістаў установы.

Парадаваліся гасцям і ў сацыяльным прытулку. Наталля Белаус прызналася, што нядаўна прачытала пра навагоднія мары дзяцей, якія будуць тут сустракаць святы, у раённай газеце, таму падрыхтавала для Дашы, Паліны і Дзяніса цацкі, якія яны прасілі ў Дзеда Мароза. Іх для дзяцей, а таксама новую пральную машыну і ноўтбук для сацыяльна-педагагічнага цэнтра набылі за сродкі раённага бюджэту.

Андрэй Садоўскі з найлепшымі пажаданнямі ўручыў падарункі дзецям і дырэктару ўстановы Але Жэгалік. Наталля Белаус перадала хлопчыку і дзяўчатам садавіну, а Дзед Мароз і Снягурачка, у ролі якіх выступілі валанцёры гімназіі № 1 горада Дзятлава, паабяцалі, што ў хуткім часе абавязкова сустрэнуцца з дзеткамі на раённым ранішніку.

Ала Жэгалік падзякавала гасцям за ажыццяўленне дзіцячых мараў і самыя патрэбныя для цэнтра падарункі. Каб свет дабра не згасаў і саграваў нам душы, у якасці сувеніраў-сімвалаў дырэктар цэнтра перадала гасцям зробленыя рукамі спецыялістаў з ільняных нітак і кардону ліхтары-свяцільні.

Ірына СТЫРНІК



Теги: