Лідзія Карнэлік адзначана Ганаровай граматай

Важнае Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

У час пандэміі на перадавой барацьбы з каранавіруснай інфекцыяй знаходзяцца не толькі медыкі, але і сацыяльныя работнікі, задача якіх – забяспечыць усім неабходным, дапамагчы і падтрымаць маральна галоўную групу рызыкі – пажылых людзей.

Гэты факт не пакінула па-за ўвагай кіраўніцтва Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых установаў. Напярэдадні зімніх святаў Дзятлаўшчыну з прыемнай місіяй наведаў старшыня рэспубліканскага прафсаюзнага камітэта Сяргей Халява.

Сяргей Фадзеевіч прыехаў падзякаваць за старанную шматгадовую работу сацыяльнай работніцы Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна Лідзіі Карнэлік і ўручыць ёй заслужаную ўзнагароду – Ганаровую грамату Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых установаў.

– Гэты год складаны для ўсіх, – зазначыў Сяргей Халява. – Нядаўна на афіцыйным мерапрыемстве міністр працы станоўча адзначаў сацыяльную сферу, якая спраўляецца са многімі цяжкасцямі. У напружаным рэжыме працуюць дамы-інтэрнаты і сацыяльныя работнікі, якія абслугоўваюць пажылых людзей на даму. Каб выканаць свой працоўны абавязак, людзі рызыкуюць здароўем. Прафсаюзамі было прынята рашэнне падтрымаць сацыяльных работнікаў. Урачыстае мерапрыемства з уручэннем узнагарод планавалі правесці ў Мінску ў будынку Федэрацыі прафсаюзаў, але жыццё ўнесла свае карэктывы.

Сёння я сам прыехаў падзякаваць вам, Лідзія Канстанцінаўна, ад імя рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых установаў, пажадаць моцнага здароўя, дабрабыту, плённай працы.

Да віншаванняў далучыліся старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Валерый Макарчык, старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў дзяржустановаў Ірына Жэгала, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Васкель, дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна Таццяна Нікіпорчык.

– За ўвесь час работы з Лідзіяй Канстанцінаўнай у нас не ўзнікала складаных сітуацый, не было на яе нараканняў і з боку падапечных, гучалі толькі падзякі, – уключылася ў размову Таццяна Нікіпорчык.

– Жыхары раёна ўвогуле задаволены сацыяльнай службай. Зіма – складаны перыяд, асабліва для пажылых вяскоўцаў, бо ім неабходна паліць у печы, прыносіць дровы і ваду, своечасова атрымліваць лекі. Дзеці з-за рызыкі завозу каранавіруса ўстрымліваюцца ад частага наведвання бацькоў, таму сацыяльныя работнікі цяпер самыя надзейныя памочнікі вяскоўцаў.

Лідзія Карнэлік падзякавала прысутным за добрыя словы і ўзнагароду, зазначыла, што Ганаровая грамата стала для яе прыемным сюрпрызам напярэдадні святаў.

Яшчэ адзін сюрпрыз чакаў калектыў Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва раёна: на развітанне Сяргей Халява паабяцаў у наступны раз прыехаць на Дзятлаўшчыну з новымі веласіпедамі для сацыяльных работнікаў.

Ірына СТЫРНІК
Фота аўтара

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup