У самае светлае свята Нараджэння Хрыстовага Цэнтр культуры запрасіў дзятлаўчан на святочную канцэртную праграму “Калі загараецца калядная зорка”.
– Людзі, аб’яднаныя радаснай весткай пра нараджэнне Хрыста, адчуваюць сябе адной сям’ёй: у храме, у сябе дома за сталом і ў зале на вялікім гарадскім свяце, – павіталі прысутных вядучыя Таццяна Шостка і Аляксандр Раеўскі.
Усіх прысутных павіншаваў з Нараджэннем Хрыстовым ксёндз-пробашч Здзіслаў Пікула. Ён пажадаў хутчэй перамагчы навалу каранавіруса, адкрыць свае сэрцы Богу, шчыра любіць яго і сваіх блізкіх.
На працягу канцэрта гучала шмат добра знаёмых і новых песень пра Раство, зіму, снег і Новы год. Добры настрой гледачам дарылі артысты Наталля Бузук, Аксана Кашляк, Ганна Харлінская, Сяргей Малышчык, Вольга Кузьма, Кацярына Сяледчык, Часлаў Свіб, Уладзіслаў Ракуць, гурты “Бархат”, “Сузор’е” і цыркавая студыя “Марсі” пад кіраўніцтвам Валерыя Герасіменкі.
Госці канцэрта атрымалі асалоду ад добрых песень, а яшчэ – прыз за веданне калядных традыцый, паўдзельнічалі ў святочнай латарэі.
Наталля АВЯРЧУК
Вольга ЮШКЕВІЧ