Калонка рэдактара

Важнае Грамадства Свежыя навіны

І выпаў першы снег

Кружится легкий и прозрачный первый снег,

Он наполняет наши души вдохновеньем,

Стал чистым-чистым, белымбелым этот свет,

И хрусталем звенит дыхание Вселенной. (Фелиса Дор)

Жыццё ідзе сваім парадкам. Кола года імкліва набірае абароты і набліжаецца да свайго фінішу. І вось за акном – цудоўны зімовы пейзаж, які змяніў панылы восеньскі.

Першы снег – падзея, якая прадказвае прыход новага сезона, абнаўленне прыроды і чаканне чагосьці новага ў жыцці кожнага з нас.

Мы чакаем першага снегу і зімы, таму што стаміліся ад восені, ад дажджоў і непагадзі, пахмурных дзён і восеньскай маркоты. Як дзеці сумуем па сапраўднай зіме і марым, каб надвор’е ўнесла ў наша жыццё разнастайнасць у выглядзе лёгкіх сняжынак, ледзяшоў, якія гучаць крыштальным звонам, пейзажаў, напісаных марознай рукой на нашых вокнах і… пухнатага,  бліскучага снегу, што слепіць вочы ў сонечны дзень. І ад усяго гэтага хараства на душы становіцца так лёгка і светла, што хочацца падзяліцца гэтай радасцю з кім-небудзь яшчэ.

І не палохаюць нас маразы, а нават наадварот – хочацца, каб Новы год – са снегам, а зіма – з санкамі і лыжамі.

За жыццёвай мітуснёй і клопатамі часам мы праходзім міма гэтай прыгажосці, не звяртаем увагі, забываем, а потым здзіўляемся, як хутка праляцеў час.

Узгадайце, якую радасць выклікалі ў нас у дзяцінстве горы снегу, асабліва пасля ночы, і ўсё такое белае, чыстае, ніхто яшчэ не прайшоў, і ты першы пракладваў гэтую дарожку, правальваючыся па калені ў снег і пакідаючы за сабой ланцужок са слядоў. Як гэта прыгожа! Узімку можна храбусцець тонкім лёдам на лужынах, ляпіць снежную бабу на вуліцы, маляваць на снезе, лавіць сняжынкі голымі рукамі і адчуваць, як яны растаюць, гуляць у снежкі…

А зіма ў вёсцы – гэта наогул тое, што немагчыма перадаць словамі. Неверагодны зімовы лес, пакрыты снежнымі шапкамі, асабліва ў сонечнае надвор’е, струменісты высока ў неба дымок, хтосьці паліць печ, рыпучы пад нагамі снег… Успамінаецца цяпло і ўтульнасць доміка ў вёсцы, мяне зразумеюць тыя, хто праводзіў там зімовыя канікулы.

А што можа быць прыемней, чым праведзены пасля працоўнага тыдня вечар ля каміна, у якім патрэскваюць дровы, з чароўнай музыкай і кубкам пахучага чаю.

Зіма – час асаблівы, калі ў паветры лунае адчуванне свята. Гэта час гірлянд і ёлак, мандарынаў і падарункаў, шакаладу і цукерак. Гэта час святочнага настрою. Зімой, як ніколі, верыш у чараўніцтва!

І гэты час прыйшоў. Пара падводзіць вынікі, паразважаць, падумаць аб прыемнасцях для сваіх родных і блізкіх, каб новы віток кола наступнага года пачаць як з чыстага ліста, як белы-белы снег.

І не забудзьцеся паглядаць вакол сябе, а то рызыкуеце прайсці міма незямной прыгажосці зімы, лавіце выдатныя моманты і напаўняйце сваё жыццё маленькімі радасцямі!

Наталля КАЛОДКА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup