У Гродзенскім абласным кадэцкім вучылішчы навучаюць і выхоўваюць сапраўдных патрыётаў, якія гатовы абараняць любімую краіну і служыць свайму народу.
Цяпер у гэтай навучальнай установе вучацца 126 кадэтаў, з іх чатыры чалавекі – з Дзятлаўскага раёна.
У кадэцкае вучылішча прымаюцца дзеці, якія завяршылі навучанне ў 7 класе на другой ступені агульнай сярэдняй адукацыі, прыдатныя па стане здароўя і фізічным развіцці да навучання па навучальных праграмах, якія прадугледжваюць ваенную падрыхтоўку навучэнцаў, якія прайшлі медыцынскі агляд у парадку, што вызначаецца Міністэрствам аховы здароўя. Юнакі і дзяўчаты навучаюцца тут з 8 па 11 клас. Прыём ажыццяўляецца па конкурсе на падставе ўступных іспытаў па рускай (беларускай) мове (дыктант), матэматыцы (кантрольная работа) і з улікам вынікаў медыцынскага агляду, псіхалагічнага адбору, праверкі ўзроўню фізічнай падрыхтоўкі. Прыём заяў і дакументаў кандыдатаў ажыццяўляе прыёмная камісія з 1 па 15 чэрвеня ўключна.
У вучылішчы дзеці знаходзяцца кругласутачна з панядзелка па нядзелю. Тут створаны ўсе ўмовы для камфортнага пражывання, развіцця здольнасцяў, цікавага правядзення вольнага часу кадэтаў: пражыванне ў інтэрнаце вучылішча, чатырохразовае харчаванне, наяўнасць спартыўнай залы, стадыёна, плаца для заняткаў страявой падрыхтоўкай; забяспечана магчымасць займацца ў спартыўных секцыях і творчых гуртках. За добрую вучобу і прыкладныя паводзіны, дасягненні ў спорце і творчасці кадэт можа быць заахвочаны звальненнем на выхадныя і святочныя дні, павышэннем у званні, узнагароджаны граматамі і медалямі. Кадэты з’яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі парадаў, ваенізаваных мерапрыемстваў, кадэцкіх баляў; яны члены Беларускага саюза сувораўцаў і кадэтаў, Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, іншых грамадскіх аб’яднанняў.
Для лепшых кадэтаў прадумана заахвочвальная сістэма. Улетку яны адпраўляюцца адпачываць ва Усерасійскі дзіцячы цэнтр “Арляня”, пасля становяцца ўдзельнікамі грамадзянска-патрыятычнай змены Саюзнай дзяржавы “За гонар Айчыны!” у аздараўленчым цэнтры “Зубраня”.
Выпускнікоў вучылішча чакаюць Ваенная акадэмія, Акадэмія МУС, Інстытут грамадзянскай абароны МНС, ваенныя факультэты ўніверсітэтаў і іншыя навучальныя ўстановы краіны.
Падрыхтавала да друку Святлана ГРЫШЫНА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup