Аберагаем шчасце

Галоўнае Грамадства Свежыя навіны

Кожны чалавек з’яўляецца стваральнікам свайго шчасця і стараецца прыкласці ўсе сілы для таго, каб яго пабудаваць.

У сваю чаргу, кожны з нас разумее шчасце па-свойму: адзін зусім нядаўна стварыў сям’ю і вельмі шануе яе, другі – купіў аўтамабіль, які ў будучым паслужыць асноўным сродкам заробку, трэці – пераехаў у новую кватэру, на якую гадамі адкладваў грошы. Аднак у жыцці бываюць крутыя павароты, на якіх заносіць далёка не туды, куды б нам хацелася: хто-небудзь з блізкіх можа захварэць, і яму тэрмінова спатрэбяцца дарагія лекі; нязначная паломка аўтамабіля пазбавіць вадзіцеля не толькі сродка перамяшчэння, але і асноўнага даходу; своечасова не выключаны суседзямі кран прынясе матэрыяльныя затраты жыхарам паверхам ніжэй. Шчасце будуем мы самі, а вось аберагаюць яго страхавыя работнікі.

Карэспандэнт газеты “Перамога” пацікавіўся ў дырэктара прадстаўніцтва “Белдзяржстрах” па Дзятлаўскім раёне Сяргея Пыла, як яго калектыў аберагае шчасце жыхароў Дзятлаўшчыны:

– У нашым раёне культура страхавання знаходзіцца на вельмі высокім узроўні. За адзінаццаць месяцаў гэтага года мы сабралі ўзносаў на суму каля паўтара мільёна рублёў, па відах дабравольнага страхавання – 730 тысяч рублёў. Усяго заключылі 20 тысяч дагавораў, па відах дабравольнага страхавання – 14 тысяч.

Мы працуем для таго, каб жыццё нашых кліентаў стала больш прадказальным і надзейным, каб яны маглі ўпэўнена глядзець у будучыню і ведаць: Белдзяржстрах заўсёды прыйдзе ім на дапамогу. У нашым прадстаўніцтве галоўным з’яўляецца кліент, не дырэктар, не спецыялісты, не страхавыя агенты, а кліент, страхавальнік, у гэтым і ёсць наш асноўны прынцып работы, гэта і з’яўляецца залогам нашых поспехаў, – падкрэслівае Сяргей Пятровіч. – Уся наша работа накіравана на павышэнне якасці абслугоўвання як цяперашніх, так і будучых страхавальнікаў, на развіццё і даступнасць страхавых паслуг для ўсіх жыхароў раёна.

Дзятлаўчанам мы прапаноўваем шырокі спектр страхавых паслуг. Найбольшым попытам карыстаюцца дабравольнае страхаванне будынкаў, маёмасці, жывёл, атрымлівае развіццё страхаванне кватэр і грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў кватэр, страхаванне ад няшчасных выпадкаў і хвароб. Варта адзначыць, што ў сувязі з сённяшняй эпідэміялагічнай сітуацыяй сярод насельніцтва карыстаецца попытам страхаванне ад небяспечных захворванняў. Напрыклад, каб застрахавацца ад каранавіруса, неабходна зрабіць узнос на суму трыццаць рублёў. Калі чалавек прабудзе на бальнічным меньш чым 21 дзень, то страхавая кампенсацыя саставіць 450 рублёў, а калі больш чым 21 дзень – 600 рублёў.

Таксама ўсё больш запатрабаваным становіцца дабравольнае страхаванне транспартных сродкаў (АЎТАКАСКА). Жыхары раёна ўсё часцей набываюць дарагія аўтамабілі. Іх захаванасць і бяспека патрабуе страхавой абароны, якую мы можам гарантаваць. Сістэма работы нашага прадстаўніцтва камп’ютарызавана: усе кліенты знаходзяцца ў спецыяльнай цэнтралізаванай рэспубліканскай базе. Таксама па Дзятлаўскім раёне працуюць 13 агентаў, за кожным з якіх замацаваны канкрэтны страхавы ўчастак. Яны займаюцца зборам узносаў па абавязковых страхаваннях будынкаў і грамадзянскай адказнасці, дабравольным страхаванні маёмасці, таксама страхаванні ад няшчасных выпадкаў. Таксама нашым кліентам мы дасылаем СМС-паведамленні аб заканчэнні страхавога ўзноса. Пасля гэтага чалавек або аплачвае чарговы страхавы ўзнос, або заключае новы дагавор. Варта адзначыць, што людзі, якія карыстаюцца нашымі паслугамі, самі ствараюць сабе ўпэўненасць у заўтрашнім дні, а мы толькі з’яўляемся пасрэднікамі ў гэтым і стараемся зберагчы іх шчасце.

У прадстаўніцтве вялікая ўвага надаецца павышэнню кваліфікацыі супрацоўнікаў. Усяго мы дасягаем разам: невялікім, але згуртаваным калектывам з 25 чалавек. Наш карпаратыўны дэвіз: “Учора, сёння, заўтра – мы з вамі!”. Хачу падзякаваць усім сваім супрацоўнікам, якія кожны дзень сваёй працай уносяць значны ўклад у развіццё нашай кампаніі: гэта страхавыя агенты Сяргей Казак, Павел Пятроўскі, Сяргей Калашнікаў, Уладзімір Белавус, Павел Аблажэй, Пётр Башкоўскі, Ганна Башкоўская, Алена Цішук, Аляксандра Шалесная, Дзіяна Мілейка, Валерый Нічыпар, Алена Ярмаловіч, намеснік дырэктара Дзмітрый Козел, галоўны бухгалтар Ірына Бычко, вядучы бухгалтар Вольга Трайнель, вядучы эканаміст Ірына Пыл, вядучыя спецыялісты Ірына Баброўская, Іна Ермаловіч, Галіна Нічыпар, спецыяліст першай катэгорыі Павел Томчык.

Ад усёй душы віншую з гэтым цудоўным святам усіх страхавых работнікаў, якія працуюць цяпер і якія ўжо на заслужаным адпачынку, нашых кліентаў і жыхароў Дзятлаўскага раёна. Жадаю моцнага здароўя, дабрабыту, шчасця, поспехаў ва ўсіх пачынаннях, міру і дабра ў кожны доме.

Словы Сяргея Пятровіча поўнасцю падтрымала галоўны бухгалтар прадстаўніцтва “Белдзяржстрах” па Дзятлаўскім раёне Ірына Бычко.

– Слоган нашай кампаніі адпавядае тым мэтам, якія мы перад сабой ставім: аберагаць шчасце людзей. Тое шчасце, якое яны будавалі доўгія гады, – адзначыла Ірына Канстанцінаўна. – Я працую тут ужо 33 гады. Ніколі не шкадавала аб тым, што пасля заканчэння Мінскага фінансава-эканамічнага каледжа мяне размеркавалі ў Дзятлава. У гэты святочны дзень усім людзям, якія працуюць у сферы страхавання, жадаю асабістага і сямейнага шчасця, прафесійнага росту, удачы, каб дома яны аберагалі сваіх блізкіх, а на працы – шчасце жыхароў нашага раёна.

Вадзім ФІЛІПОЎСКІ
Фота аўтара

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup