Вользе Пузач не стамляюцца гаварыць “дзякуй”

Важнае Грамадства

За плячыма нашай зямлячкі Вольгі Уладзіміраўны Пузач 27 гадоў працы сацыяльным работнікам Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна.

За амаль тры дзесяцігоддзі яе дапамогай па абслугоўванні на даму скарысталіся каля 50 пажылых людзей з вёсак Сачыўляны, Явар, Белякі Вензавецкага сельскага савета. Старанная праца Вольгі Пузач на карысць падапечных неаднаразова была адзначана заслужанымі ўзнагародамі, сярод якіх Падзячнае пісьмо старшыні Дзятлаўскага райвыканкама (2006 год), Ганаровая грамата Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта (2010 год), Ганаровая грамата Дзятлаўскага райвыканкама да юбілея сацыяльнай службы (2019 год). А ў 2020 годзе ў час урачыстага мерапрыемства на Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь Вольга Пузач атрымала ад старшыні Дзятлаўскага райвыканкама Андрэя Садоўскага сертыфікат аб занясенні на раённую Дошку гонару.

Лістападаўскі дзень, на які была прызначана сустрэча з Вольгай Уладзіміраўнай, выдаўся халодным і дажджлівым, але і ў такое надвор’е сацыяльную работніцу чакаюць па знаёмых адрасах. Пакуль не выпадзе снег, самы надзейны транспартны сродак на вясковых дарогах – веласіпед. Без яго не абысціся, асабліва пры наведванні найбольш аддаленай вёскі Белякі, дзе жыве самая пажылая з васьмі падапечных Вольгі,  90-гадовая Дар’я Буйко. Не дзіўна, што і на нашу сустрэчу ў вёсцы Явар Вольга Пузач прыехала на сваім двухколавым транспарце.

Паколькі ніхто не ахарактарызуе сацыяльнага работніка больш праўдзіва, чым яго падапечныя, было вырашана звярнуцца менавіта да іх. Спыніліся каля дома настаўніцы-пенсіянеркі Алены Адамік, якая ў свой час вучыла Вольгу Уладзіміраўну, а ў шаноўным узросце з задавальненнем карыстаецца дапамогай былой вучаніцы. Адрас выбралі невыпадкова: Алена Іванаўна хацела расказаць пра сваю памочніцу.

– Лічу, што Вольга адпавядае ўсім патрабаванням, якія можна прад’явіць да сацыяльнага работніка, – зазначае Алена Адамік. – Па-першае, яна выдатны псіхолаг, бо здолела “падабраць ключык” да кожнага са сваіх падапечных. Мы, пажылыя людзі, родам з мінулага стагоддзя, усе нашы погляды і жыццёвыя прынцыпы ў многім не адпавядаюць сучаснасці. З намі бывае даволі складана, але Вольга дзе прамаўчыць, дзе саступіць – і ўсе пытанні вырашаюцца гладка і спакойна. Яна ўмее знайсці выхад з любой жыццёвай сітуацыі, старанна выконвае сваю работу.

Па-другое, Волечка вельмі шчыры і добразычлівы чалавек, нікому кепскага не жадае, умее суперажываць, адчуваць чужы боль. Не раз здаралася, што пры пагаршэнні здароўя каго-небудзь з падапечных яна не лічылася з уласным часам, імчала на дапамогу чалавеку.

Па-трэцяе, Вольга па жыцці аптымістка. Якія б кошкі не скрабліся ў яе на душы, пераступаючы нашы парогі, яна шчыра ўсміхаецца, падбадзёрвае, дзеліцца навінамі. Кожны яе прыход, як праменьчык сонца, асвятляе нашы вясковыя будні. З Вольгай я спакойна магу падзяліцца ўсім, што накіпела на сэрцы, бо ведаю, што яна ўмее захоўваць сакрэты.

Не менш важная рыса Вольгі – сумленнасць. Ёй я магу спакойна даверыць ключы ад хаты, кашалёк і сваё здароўе. За больш чым дзесяць гадоў, якія знаходжуся на надомным абслугоўванні, Вольга ні разу мяне не падвяла, не падманула. Яна дакладна падлічвае ўсе расходы, вяртае здачу да апошняй капейкі.

Ну і, безумоўна, уражвае працавітасць маёй памочніцы. У руках Вольгі спорыцца любая работа. За кароткі прамежак часу, адведзены на наведванне аднаго чалавека, яна паспявае вырашыць усе яго пытанні, перарабіць неабходную работу.

Сама Вольга Пузач расказвае, што найчасцей ёй даводзіцца набываць для пажылых людзей прадукты і рэчы першай неабходнасці, прыносіць ваду і дровы, выпісваць і атаварваць рэцэпты на лекі, прыбіраць у хаце, а для тых, хто знаходзіцца на штодзённым абслугоўванні, яшчэ і гатаваць ежу, клапаціцца аб гігіене чалавека. Калі ўзнікаюць праблемы са здароўем падапечных, Вольга Уладзіміраўна суправаджае іх да доктара.

Цікаўлюся, хто Вольга Пузач па спецыяльнасці, і атрымліваю нечаканы адказ: яна пекар-кандытар, скончыла хлебапякарнае аддзяленне Баранавіцкага тэхналагічнага каледжа, пэўны час працавала на тагачасным Новаяльненскам хлебазаводзе, але пасля нараджэння дзяцей вырашыла знайсці работу па месцы жыхарства – у родных Сачыўлянах, туды і ўладкавалася ў сацыяльную службу. Аб сваім выбары ніколі не пашкадавала, бо душой прыкіпела да землякоў, ведае іх нялёгкія лёсы, дапамагаць ім у старасці лічыць сваім абавязкам. Ды і ў вольны час Вользе Уладзіміраўне больш даспадобы вясковае жыццё, бо любіць яна працаваць на зямлі. На сваім участку Вольга вырошчвае шмат кветак. Пачэснае месца там займаюць павойныя ружы: на дарожцы да каліткі яны поўнасцю аплялі некалькі арак і з мая да восені радуюць гаспадароў буйной квеценню. А ў кветніку ў сезон распускаюцца сартавыя лілеі.

Яшчэ адно захапленне сацыяльнай работніцы – вязанне. Зімовымі вечарамі яна з задавальненнем вяжа для сваіх родных абноўкі: шкарпэткі, шарфы, рукавіцы. Дарэчы, гэтай карыснай справе яшчэ ў школе Вольгу навучыла менавіта Алена Адамік, якая вяла кружок рукадзелля. Алена Іванаўна і да гэтага часу стварае сапраўдныя шэдэўры з дапамогай кручка і абавязкова паказвае іх сваёй сацыяльнай работніцы.

Разам з мужам Уладзімірам Леанідавічам Вольга Уладзіміраўна выгадавала дваіх дзяцей, дачакалася трох унукаў. Сын Аляксей працуе інжынерам-энергетыкам у Гродне, дачка Вераніка – юрыст, яна жыве і працуе ў Дзятлаве. Унукі Арцём і Мікіта ходзяць у другі клас, унучцы Ульяне – пяць гадоў. Усе яны вельмі любяць гасцяваць у бабулі і дзядулі.

За гады працы сацыяльным работнікам Вольга Пузач упэўнілася, што сям’я для чалавека мае вялікае значэнне, асабліва ў старасці. Бабулі і дзядулі, у якіх ёсць дзеці і ўнукі, лічаць сябе больш шчаслівымі, нават калі іх родныя жывуць далёка. Многіх старых людзей дзеці спрабуюць забраць да сябе ў гарады, але пажылыя людзі рэдка на гэта згаджаюцца. У такім выпадку паслугі сацработніка для іх найлепшы варыянт.

У гэтым давялося ўпэўніцца пры сустрэчы з жыхаркай вёскі Сачыўляны Антанінай Святліцкай.

– Не ведаю, што б я рабіла без Вольгі, – прызнаецца Антаніна Іванаўна. – Яна абслугоўвае мяне ўжо другі год, апошнім часам проста не абыходжуся без яе дапамогі. Сама хаджу слаба, з двума кіёчкамі, ні дроваў, ні вады ўжо не прынясу. Больш за год таму памёр сын, які жыў разам. Засталася дачка-пенсіянерка ў Адэсе. Пасля пахавання я ездзіла да яе, але вырашыла вярнуцца ў сваю хату. Цяпер жыць адной цяжка, ёсць праблемы са здароўем, але з-за пандэміі мяжа ўжо закрыта і дачка не можа прыехаць у Беларусь. Увесь клопат пра мяне ўзяла на сябе Вольга. Яна вырашае мае жыццёвыя і бытавыя праблемы. Напрыклад, нядаўна давялося выдаліць на ўчастку старыя яблыні і грушы. Спілаваць іх дапамаглі пляменніца з мужам, аб вывазе галінаў паклапацілася Вольга, яна ж склала дровы, падграбла і павыносіла смецце. Нярэдка з дапамогай свайго мабільнага тэлефона мая памочніца ладзіць мне сеансы сувязі па відэа з дачкой. Без сацыяльнай службы старым адзінокім вяскоўцам проста не абысціся.

Рахункуючы вынікі паездкі, таксама хачу падкрэсліць, што сацыяльная служба ў Беларусі, і на Дзятлаўшчыне ў прыватнасці, развіваецца і ўдасканальваецца, з’яўляюцца ўсё новыя формы клопату аб пажылых людзях і інвалідах. Дзякуючы гэтаму, пажылое насельніцтва не абдзелена ўвагай старанных і клапатлівых сацыяльных работнікаў. Прычым выпадковых і раўнадушных людзей у гэтай службе не бывае, такія тут не затрымліваюцца.

Ірына СТЫРНІК