Мяркую, сярод дарослага насельніцтва аграгарадка Дварэц цяжка знайсці чалавека, які не быў бы знаёмы з вядомай зямлячкай Верай Сямёнаўнай Сёмухай (у дзявоцтве Грэбень).
Трыццаць гадоў яна адпрацавала на пасадзе старшыні Дварэцкага сельскага выканаўчага камітэта, многае зрабіла для развіцця інфраструктуры сельсавета, паляпшэння жыцця і вырашэння асабістых праблем землякоў.
За працоўныя дасягненні і грамадскую дзейнасць Веру Сёмуху неаднаразова адзначалі заслужанымі ўзнагародамі, самыя важкія сярод якіх – ордэн “Знак пашаны”, ордэн Дружбы народаў, Падзячныя пісьмы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, датаваныя 2006 і 2010 гадамі. У 2018 годзе за заслугі перад раёнам і землякамі імя Веры Сямёнаўны Сёмухі было занесена ў Кнігу Славы Дзятлаўскага раёна. Яе біяграфія змешчана ў энцыклапедыі “Хто ёсць Хто ў Рэспубліцы Беларусь. Людзі справы”.
Дзяцінства, апаленае вайной
Што дапамагло нашай зямлячцы стаць вядомай і заваяваць аўтарытэт? Як лічыць сама Вера Сямёнаўна – гэта былі прага да ведаў, старанная праца, жаданне зрабіць што-небудзь значнае для роднага краю і нераўнадушныя адносіны да чужых праблем.
Нарадзілася будучая актывістка 5 чэрвеня 1937 года ў вёсцы Харашкі Мяляхавіцкага сельскага савета. Яна была чацвёртым, малодшым дзіцём у простай сялянскай сям’і. Нягледзячы на жыццесцвярджальнае імя Вера, дзяцінства дзяўчынкі выдалася нялёгкім, а жыццё – поўным выпрабаванняў на трываласць характару і сітуацый, у якіх неабходна прымаць самастойныя рашэнні. Народная мудрасць бацькоў, высокія маральныя якасці ваеннага пакалення заклалі ў асобе Веры Сямёнаўны той стальны стрыжань, які ў далейшым дапамагаў ёй упэўнена ісці да пастаўленых мэтаў, не зважаючы на цяжкасці.
Як узгадвае пра сваё дзяцінства Вера Сёмуха, дом бацькоў стаяў на ўскрайку вёскі, таму ў Вялікую Айчынную вайну туды рэгулярна заходзілі партызаны. А раніцай па слядах народных мсціўцаў ужо ішлі немцы. За ўвесь час акупацыі ніхто з землякоў не выдаў сям’ю Грэбень. Праўда, аднойчы фашысты сагналі жыхароў Харашкоў на месца, дзе цяпер знаходзіцца вясковы помнік. Людзі думалі, што гэта канец. Аднак ворагі вылучылі з натоўпу дзесяць актывістаў, адвезлі іх кудысьці і расстралялі. Месца расправы вяскоўцы так і не знайшлі. Сярод забітых быў дзядзька Веры Сямёнаўны.
Першыя крокі да поспехаў
У 1944 годзе, калі тэрыторыю Беларусі вызвалілі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, дзяўчынка пайшла вучыцца. У 1954-м яна скончыла Маўчадскую школу, затым гадавы курс бухгалтарскай школы ў Гродне, пачала дапамагаць брыгадзіру ў калгасе. У хуткім часе працоўныя здольнасці маладой работніцы былі заўважаны, і раённы камітэт камсамола накіраваў яе загадчыцай у Азяранскі клуб. У час работы там Вера пазнаёмілася з будучым мужам Міхаілам Уладзіміравічам, а ў 1958 годзе маладая пара згуляла вяселле і больш за паўвека крочыць па жыцці разам. У той жа год Веру Сёмуху выбралі сакратаром Азяранскага сельвыканкама.
У 1960-м тэрыторыі Азяранскага сельскага савета ўвайшлі ў склад Дварэцкага, Веру Сямёнаўну перавялі ў мясцовы выканаўчы камітэт начальнікам ваенна-ўліковага стала. Сям’я Сёмухаў пераехала на сталае жыхарства ў Дварэц, муж уладкаваўся на мясцовы льнозавод. Міхаіл Сёмуха таксама займаў актыўную пазіцыю, за гэта яго абралі спачатку сакратаром камсамольскай, затым і партыйнай арганізацыі завода, ён шмат гадоў узначальваў прафсаюзную пярвічку прадпрыемства, быў у групе народнага кантролю.
Каб быць годным спецыялістам, Вера Сёмуха не спыняла вучобу. Завочна яна скончыла статыстычнае аддзяленне Мінскага фінансава-эканамічнага тэхнікума, затым стала студэнткай-завочніцай усесаюзнага юрыдычнага Маскоўскага інстытута. За пяць гадоў, якія вучылася там, на малую радзіму двойчы прыходзілі падзякі за паспяховую здачу сесій.
Не дзіўна, што кандыдатуру Веры Сёмухі падтрымалі пры назначэнні на пасаду старшыні Дварэцкага сельвыканкама пры выхадзе на пенсію ранейшага кіраўніка, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Аляксандра Ільіча Самошкіна. Для самой жанчыны такі паварот лёсу быў нечаканым, яна вельмі перажывала, нават паспрабавала адмовіцца ад гэтай сур’ёзнай прапановы, але яе пераканаў тагачасны старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Сяргей Кабяк, паабяцаў далейшую ўсебаковую падтрымку.
Так на кволыя жаночыя плечы лёг цяжкі груз грамадскай адказнасці. І Вера Сямёнаўна не сагнулася, а ўсе свае сілы скіравала на выкананне пастаўленых задач. На тры дзесяцігоддзі першачарговымі для яе сталі патрэбы жыхароў Дварэцкага сельсавета.
Справы на карысць сельскага савета
Для паляпшэння жыцця і быту землякоў у цесным супрацоўніцтве з мясцовымі дэпутатамі, кіраўнікамі працоўных калектываў, якіх добра памятае і сёння, Вера Сёмуха зрабіла многае. У Дварцы былі пабудаваны, затым перададзены на баланс аддзела адукацыі новы дзіцячы сад, сярэдняя школа. У будынку старой школы адкрылі вучэбна-вытворчы камбінат. Новы будынак садка для малечы будавалі прасторным і камфортным, з плавальным басейнам, а да гэтага дзіцячая дашкольная ўстанова месцілася ў інтэрнаце завода і на той час адзіная ў раёне была на балансе сельвыканкама.
Таксама на баланс ЖКГ перадалі дварэцкую кацельню і лазню. Дабіліся рэканструкцыі Дварэцкага льнозавода, асфальтавання пад’язных дарог. У канцы шасцідзясятых былі ўзведзены помнікі загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны ў Дварцы і Азяранах, тры помнікі расстраляным яўрэям.
Сёння Вера Сямёнаўна ўзгадвае, што на пачатку яе работы старшынёй сельвыканкама на яго балансе знаходзілася сем пачатковых і дзве васьмігадовыя школы, дзіцячы садок, ФАП у Азяранах. Сельвыканкам аплачваў камунальныя паслугі гэтых установаў, забяспечваў іх палівам, налічваў работнікам зарплаты. У штаце арганізацыі на той час працавалі два бухгалтары, рахункавод, начальнік ваенна-ўліковага стала, сакратар.
У 1969 годзе на кастрычніцкія святы Дварэцкі сельвыканкам перабраўся ў новы будынак, дзе знаходзіцца і сёння, сюды ж пераехалі праўленне калгаса, клуб, паштовае аддзяленне, сельская бібліятэка, дабіліся адкрыцця банкаўскай касы. А ў 1972 годзе ў сельвыканкама нарэшце з’явіўся свой службовы аўтамабіль (да гэтага быў конь). Двойчы Веру Сёмуху выбіралі дэпутатам абласнога Савета дэпутатаў, і гэта дапамагала жанчыне больш актыўна дабівацца ажыццяўлення планаў па развіцці Дварэцкага сельскага савета. Клопат аб здароўі людзей таксама быў у ліку першачарговых задач для прадстаўнікоў мясцовай улады, Дварэцкі сельскі савет першым у раёне дабіўся вырашэння пытання па аказанні дапамогі жыхарам і арганізацыям тэрыторый, пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.
Аднак Вера Сямёнаўна падкрэслівае, што ўсе станоўчыя змены на дварэцкай зямлі – гэта не толькі яе заслугі, бо поруч працавалі не менш старанныя кіраўнікі і спецыялісты. Са многімі з іх былая старшыня сельвыканкама і сёння падтрымлівае сяброўскія сувязі. Гэта Яніна Уладзіміраўна Ігнацік, Марына Альбінаўна Карповіч, Ніна Міхайлаўна Мазура, работнікі сельскага савета, культуры, медыцыны – людзі надзейныя, старой загартоўкі.
Не старэюць душой ветэраны
І цяпер не зніжаецца грамадская актыўнасць старэйшага пакалення жыхароў Дварца. Ужо на заслужаным адпачынку Вера Сёмуха з Нінай Мазурай вырашылі нямала пытанняў для газіфікацыі аграгарадка. Пятнаццаць гадоў пасля выхаду на пенсію Вера Сямёнаўна, як акцыянер, была сакратаром назіральнага савета ААТ “Дварэцкі льнозавод”, вяла ветэранскую арганізацыю прадпрыемства. У скарбонцы добрых спраў дварэцкіх ветэранаў працы і тое, што дабіліся ад абласной дарожна-будаўнічай арганізацыі аднаўлення раней знесенай агароджы на мосце праз раку Маўчадку. Па прапанове Ніны Мазуры пры ўездзе ў аграгарадок на маршруце Дзятлава – Дварэц (праз Старыну) быў пабудаваны аўтобусны прыпынак. З ініцыятывы ветэранаў насупраць помніка ў аграгарадку быў узведзены праваслаўны паклонны крыж, сёлета ён быў добраўпарадкаваны. Паклапаціліся актывісты і аб тым, каб два разы на тыдзень у аграгарадок гандляваць прыязджала машына птушкафабрыкі “Дружба”, каб тут можна было набыць харчовыя прадукты ў прыватнай прадпрымальніцы Таццяны Зыкінай.
З ініцыятывы старэйшага пакалення пры Дварэцкім доме культуры быў створаны клуб ветэранаў “У коле сяброў”, які паспяхова функцыянуе ўжо дзесяць гадоў і аб’яднаў тры дзясяткі чалавек, сярод якіх вылучаюцца актывісткі – былыя педагогі Валянціна Скок, Валянціна Момат, Ганна Мікшут. Летась клуб прызнаны лепшым у вобласці. Ёсць у людзей залатога ўзросту свая вакальная група. Удзельнікі клуба ладзяць сустрэчы сяброў, адзначаюць юбілеі і каляндарныя святы, ездзяць з выступленнямі па ўсіх вёсках сельскага савета, удзельнічаюць у раённых мерапрыемствах. І паўсюль іх сустракаюць цёпла і шчыра, як добрых сяброў.
Вера Сямёнаўна ўпэўнена, што добрыя адносіны землякоў – гэта ўдзячнасць людзей за тое, што ў свой час яна нікога не пакідала без падтрымкі і дамагалася ад спецыялістаў сельвыканкама, каб без вырашэння свайго пытання ўстанову не пакінуў ні адзін чалавек.
З пазіцыі вопыту Вера Сёмуха ведае, што галоўнае ў жыцці – гэта сумленнасць і справядлівасць, як кажуць: “Любі людзей і бойся толькі Бога”. Сама жанчына нязменна прытрымлівалася гэтых прынцыпаў, магчыма таму і лічыць сябе шчаслівым чалавекам.
Нягледзячы на праблемы са здароўем, Вера Сямёнаўна і ў шаноўным узросце стараецца заставацца актыўнай. Яна ў курсе апошніх падзей у краіне і родным краі. Як былы дэпутат цвёрда лічыць, што ўсе праблемы, нават самыя складаныя, можна вырашыць не інакш, як стараннай працай – іншых шляхоў проста не існуе. Жыхарам Дзятлаўшчыны наша вядомая зямлячка жадае любіць сваю Айчыну, паважаць адзін аднаго, быць дастойнымі людзьмі.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup