Валанцёр і час: што нас хвалюе?

Важнае Грамадства Свежыя навіны

На Дзятлаўшчыне прайшло анлайн-пасяджэнне раённага валанцёрскага клуба “Мы разам” па актуальнай для моладзі тэме “Валанцёр і час: у аб’ектыве – здароўе”.

Мадэратарам сустрэчы ў галоўнай студыі, якая знаходзілася ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава, выступіла старшыня клуба, яна ж метадыст Цэнтра Ірына Мішчанка.

Ірына Анатольеўна прапанавала валанцёрам установаў адукацыі раёна пачаць абмеркаванне асноўных тэзісаў тэмы з анлайн-трэнінгу “Курэнне, алкагалізм – жыццё без будучыні”. Каб настроіцца на прадукцыйную работу і стварыць добразычлівую атмасферу, з удзельнікамі спачатку правялі гульню-размінку “Падарунак”: з дапамогай мімікі і жэстаў дзеці дарылі добры настрой сябрам па анлайне.

Практыкаванне “Асацыяцыі” дапамагло вызначыць, што для навучэнцаў значыць слова “здароўе”. Большасць дзяцей выказала меркаванне, што здароўе чалавека – гэта не проста адсутнасць хваробаў, але і стан поўнага фізічнага і маральнага дабрабыту.

Свае веды наконт карысных і шкодных для арганізма прадуктаў і рэчываў навучэнцы праверылі ў час практыкавання “Веру – не веру”. Віктарыны “Цыгарэта” і “П’янству – бой” дапамаглі падлеткам больш цвёрда пераканацца ў тым, што не існуе бясшкодных цыгарэт і алкагольных напояў, што гэтыя дрэнныя звычкі адмоўна ўплываюць на арганізм чалавека, прыводзяць да хваробаў, скарачаюць жыццё.

Свае адносіны да шкодных звычак навучэнцы выказалі з дапамогай практыкавання “Дапоўні сказ”.

Шмат станоўчых эмоцый удзельнікам анлайн-сустрэчы падарыў конкурс малюнкаў “Які цудоўны гэты свет!”. Маляваць было неабходна з заплюшчанымі вачамі. Нават пры такой умове ў валанцёраў установаў адукацыі раёна атрымаліся дастойныя і арыгінальныя работы.

Наступнае заданне было не менш крэатыўным і прыемным. Навучэнцы павінны былі змайстраваць з паперы карабельчык здаровага ладу жыцця і напісаць на ім свае пажаданні.

Тэму здароўя прадоўжыла дамашняе заданне: валанцёрам прапанавалі напісаць адзін аднаму СМС-паведамленні па тэме “Будзем рабіць добрае і не будзем кепскае”.

Вынікі анлайн-пасяджэння падвяла старшыня раённага валанцёрскага клуба “Мы разам” Ірына Мішчанка. Яна падкрэсліла, што ў час пандэміі валанцёрам установаў адукацыі Дзятлаўшчыны важна не толькі больш старанна клапаціцца аб пажылых людзях, але і самім заставацца моцнымі і здаровымі. А для гэтага важна займацца спортам, сачыць за харчаваннем, не набываць шкодных для здароўя звычак.

Ірына СТЫРНІК  

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup