Своечасовая выплата замацавана законам

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Артыкул 55 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь абавязвае наймальніка выдаваць заработную плату работнікам у тэрміны і памерах, устаноўленых заканадаўствам, калектыўным дагаворам, пагадненнем або працоўным дагаворам, а таксама забяспечваць выкананне заканадаўства аб працы, умовах, устаноўленых калектыўнымі дагаворамі, пагадненнямі, іншымі лакальнымі нарматыўнымі прававымі актамі і працоўнымі дагаворамі.

Згодна з заканадаўствам кіраўнікі прадпрыемстваў, аб’яднанняў і арганізацый незалежна ад формаў уласнасці, якія не забяспечваюць своечасовую выплату заработнай платы, нясуць за гэта персанальную адказнасць нават да вызвалення ад займаемай пасады.

Складаючы працоўны дагавор (кантракт) з прынятым работнікам, наймальнік бярэ на сябе абавязацельства па выплаце яму заработнай платы своечасова і ў поўным аб’ёме, павінен для гэтага прымаць неабходныя і своечасовыя меры, у тым ліку па акумуляванні грашовых сродкаў на рахунках на гэтыя мэты.

Канкрэтныя тэрміны выплаты заработнай платы вызначаюцца калектыўным дагаворам, пагадненнем або працоўным дагаворам і не могуць быць зменены наймальнікам у аднабаковым парадку. Таксама не падлягаюць змене і ўсталяваныя Працоўным кодэксам тэрміны выплат сярэдняга заробку за час працоўнага адпачынку — не пазней чым за два дні да яго пачатку, разліку пры звальненні работніка (усе бясспрэчныя выплаты, якія належаць яму ад наймальніка, праводзяцца не пазней за дзень звальнення, а калі ён у гэты дзень не працаваў, то не пазней за наступны дзень пасля прад’яўлення ім патрабавання аб разліку).

Не могуць служыць падставай для пераносу тэрмінаў выплаты заработнай платы і аб’ектыўныя прычыны: адсутнасць грашовых сродкаў на рахунках, несвоечасовыя разлікі даўжнікоў за пастаўленыя тавары (выкананыя работы, аказаныя паслугі), неабходнасць першачарговай закупкі сыравіны для вытворчасці.

Звернем увагу, што не будзе такой падставай і заява самога работніка з просьбай аб пераносе выплат на больш позні тэрмін, што на практыцы ў асобных выпадках здараецца.

За парушэнне наймальнікам або ўпаўнаважанай службовай асобай наймальніка (на практыцы гэта, як правіла, кіраўнік арганізацыі) парадку і тэрмінаў выплаты заработнай платы прадугледжана адміністрацыйная адказнасць у выглядзе штрафу ў адпаведнасці з часткай 1 артыкула 9.19 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Наталля ЖУР,
выконваючы абавязкі першага намесніка старшыні Камітэта дзяржкантролю

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup