Скрыпка – арыстакратка ў сям’і музычных інструментаў.
Той, хто валодае няпростым майстэрствам ігры на ёй, здольны закрануць самыя тонкія струны душы чалавека. Яшчэ большы талент – навучыць іншых валоданню інструментам. З гэтым паспяхова спраўляецца настаўніца па класе скрыпкі філіяла Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў у аграгарадку Гезгалы Алена Кашко.
Педагог нарадзілася ў Смаргоні, таксама на Гродзеншчыне. У сваім родным горадзе скончыла музычную школу імя Агінскага па класе скрыпкі. Як узгадвае яна сама, тады не ішла на нейкі пэўны інструмент. Падказку дала матуля, якая некалі таксама вучылася іграць на скрыпцы. Так у немузычнай па прафесіі сям’і з’явіўся свой музыкант.
Алена была захопленая музыкай і абраным інструментам, ужо з сярэдняй школы ведала, што хоча прадоўжыць музычную адукацыю і выкладаць. Так і атрымалася. Пасля заканчэння Лідскага музычнага каледжа ў 2011 годзе маладая настаўніца прыехала па размеркаванні ў Гезгалы. У той жа час яна паступіла ў
Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы на факультэт мастацтваў, які затым паспяхова закончыла.
У Гезгалаўскім філіяле Алена Кашко змяніла Вольгу Гаўрыш і атрымала ад вопытнага педагога грунтоўную і адказную спадчыну: не менш за дзясятак вучняў і галоўнае – ансамбль юных скрыпачоў “Зорачкі”, утвораны Вольгай Барысаўнай у 2008 годзе. На той час ён меў званне ўзорнага. Забягаючы наперад, адзначу, што пад кіраўніцтвам Алены Кашко ансамбль ужо тройчы пацвердзіў сваё высокае званне ў 2014, 2017 і ў пачатку 2020 года. Але напачатку…
– Першыя паўгода было вельмі складана, – прызнаецца Алена Ігараўна. – Вялікая адказнасць, асабліва ў рабоце з адоранымі дзецьмі. Гезгалаўскі філіял заўсёды трымаў сваю высокую планку, асабліва ў плане скрыпкі, важна было падтрымаць яго.
Па словах маладой настаўніцы, у першы год працы вельмі дапамаглі практычныя навыкі, якія яна атрымала ў час працы ў Лідскай школе мастацтваў на сваім выпускным курсе.
А далей, як кажуць, пайшло, закруцілася. У тым жа годзе Алена Кашко дэбютавала разам з “Зорачкамі” ў раённым конкурсе “Мелодыі кахання”. З таго часу калектыў атрымаў нямала перамог і дасягненняў у конкурсах розных узроўняў. Сёння існуюць два “саставы” ансамбля з градацыяй па ўзросце. Педагог тлумачыць гэта жаданнем як мага раней далучыць навучэнцаў да конкурснай дзейнасці. Дзеці іграюць у ансамблі з другога класа: разбіраюць у класе невялічкія простыя п’есы, пачынаюць выступаць на сцэне сваёй школы мастацтваў, каб пасля заззяць па-сапраўднаму на музычным небасхіле, як іх старэйшыя сябры.
Алена Ігараўна шчыра любіць музыку, а яшчэ больш – сваіх навучэнцаў, якім прысвячае шмат працоўнага і нават уласнага вольнага часу. І яны творча растуць пад крылом цярплівага, таленавітага музыканта і педагога, паказваючы вялікія поспехі ў музыцы. Толькі за апошні год самымі высокімі ўзнагародамі рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў “Новыя вяршыні”, “Вясёлыя смычкі”, “Con Anima”, “LETOSTAR” былі адзначаны Юля Болбат (3 клас), Яна Белавус (2 клас), Дзіяна Болбат. “Зорачкі” былі ўнагароджаны дыпломам першай ступені рэгіянальнага конкурсу “Музычныя валянцінкі”. Дарэчы, Дзіяна, якая летась закончыла школу мастацтваў, сёлета рыхтуецца да паступлення ў музычнае вучылішча. Яна будзе першай вучаніцай Алены Кашко, якая таксама абрала музыку як прафесію.
На гэтым тыдні прыйшла яшчэ адна добрая навіна: Яна Белавус стала лаўрэатам першай ступені і намінантам на гран-пры міжнароднага конкурсу “Крыштальная валошка”, які завочна праходзіў у Мінску з 1 па 14 лістапада. Дзяўчынка займаецца скрыпкай трэці год, з дашкольнага ўзросту, у развіцці таленту ёй дапамагае педагог. Цяпер Алена Ігараўна прыязджае ў Дзятлава, каб рыхтаваць Яну да наступнага конкурсу. Алена Кашко, якая прыехала ў Гезгалы па размеркаванні з планамі вярнуцца на працу ў горад, затрымалася тут. Што стала прычынай? Магчыма, таленавітыя навучэнцы, а можа, сямейнае шчасце, якое сустрэла тут, у аграгарадку. І пакуль тата Міхаіл працуе, яго прынцэсы Алена і маленькая чатырохгадовая Настачка, бавяць
вечары ў музычнай школе. На развітанне цікаўлюся ў Алены Кашко, ці іграе ўжо дачушка на скрыпцы. На гэта педагог адказвае цёплай усмешкай:
– Вядома, спрабуе. Набылі для яе сваю маленькую “васьмушку”, спрабуе на ёй іграць шчыпком сваімі маленькімі пальчыкамі. З маленства далучаецца да музыкі.
Наталля АВЯРЧУК
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup