Матуля…
Вельмі часта яе ўспамінаю, не забываючыся ні на хвіліну, хоць яе няма побач, але яна ёсць у маёй душы, сэрцы, думках.
Старонкі жыцця
Мая матуля Марфа Сяргееўна Марозава (Мяцеліца) нарадзілася 19 лістапада 1920 года ў вёсцы Ермакоўка Чэрыкаўскага раёна Магілёўскай вобласці ў сялянскай сям’і. Скончыўшы ў 1936 годзе сем класаў Паланіцкай няпоўнай сярэдняй школы, паступіла ў Крычаўскае педагагічнае вучылішча на спецыяльнасць “Настаўніца пачатковых класаў і выхавальнік дашкольных установаў”. Да вайны працавала ў Гомельскай вобласці. Памятны для мамы стаў 1938 год – яе прынялі ў камсамол.
Калі пачалася вайна, была эвакуіравана ў РСФСР, у Чкалаўскую вобласць (пасля вайны – Арэнбургская), жыла ў сяле Вятлянка Бураннага раёна і працавала падлікоўцам у калгасе “Ударнік”.
У лютым 1942 года па камсамольскім прызыве добраахвотна пайшла на фронт, дзе знаходзілася да канца вайны. Два гады служыла ў войсках ПВА начальнікам назіральнага пункта асобнага батальёна паветранага назірання, апавяшчэння і сувязі на Заходнім і Паўднёвым франтах ПВА. З верасня 1944 года – старшы сяржант, камандзір аддзялення тэлефаністак і старшая радыётэлефаністка 83-га асобнага радыёбатальёна сувязі ІІ Украінскага фронту. Прымала ўдзел у баях пры абароне Закаўказзя і абароне Сталінграда. Знаходзячыся ў складзе механізаванага корпусу ІІ Украінскага фронту, удзельнічала ў вызваленні Румыніі, Венгрыі, Чэхаславакіі.
Вайну закончыла ў горадзе Брно ў складзе савецкіх войск у Чэхаславакіі. Адтуль у ліпені 1945 года была дэмабілізавана з арміі.
У верасні 1945 года Марфа Сяргееўна стала працаваць сакратаром Крычаўскай раённай газеты “Шлях сацыялізму”. Праз тры гады была накіравана на вучобу ў Рэспубліканскую партшколу пры ЦК КП(б) Беларусі ў горад Мінск. У свой час яна закончыла факультэт журналістыкі. Дарэчы, на гэтым факультэце мама вучылася з людзьмі, якія пазней сталі вядомымі ўсёй
Беларусі. Сярод іх – Іван Шамякін. Яна расказвала мне, што ўсе, хто тады з ёй вучыўся, былі ўдзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны, і амаль усе – афіцэры.
У 1950 годзе маёй матулі давялося працаваць у Жабінкаўскім раёне Брэсцкай вобласці рэдактарам газеты “Калгасная праўда” Жабінкаўскай машынна-трактарнай станцыі (МТС). Па сямейных абставінах у тым жа годзе пераехала ў Дзятлаўскі раён тады яшчэ Баранавіцкай вобласці. Чатыры гады адпрацавала рэдактарам газеты “Зара камуны” Дзятлаўскай МТС, затым – адказным сакратаром, намеснікам галоўнага рэдактара Дзятлаўскай раённай газеты “Сцяг камунізму”, якая ў хуткім часе стала называцца “За новую вёску”. З 1962 да 1969 года працавала на розных пасадах: карэспандэнтам-арганізатарам раённага радыёвяшчання, выхавальніцай і настаўніцай Дзятлаўскай школы-інтэрната, адказным сакратаром раённай арганізацыі таварыства “Знание”, загадчыцай агульнага аддзела Дзятлаўскага РК КПБ.
У сакавіку 1977 года яна выйшла на заслужаны адпачынак.
Марфа Сяргееўна Марозава прымала актыўны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці раёна. Яна як ветэран вайны праводзіла вялікую работу па патрыятычным выхаванні моладзі, часта выступала з лекцыямі перад навучэнцамі школ раёна. Некалькі гадоў працавала ў Доме піянераў. Была актыўнай удзельніцай раённага хору “Ветэраны ў страі”. Доўгі час выбіралася членам прэзідыума раённага савета ветэранаў вайны і працы, з’яўлялася намеснікам старшыні гэтай арганізацыі, якую ў той час узначальваў С. І. Лейка.
Марфа Сяргееўна мае шмат узнагарод, якія атрымала ў гады вайны і ў мірны час. Сярод іх: ордэн “Айчыннай вайны” ІІ ступені, медалі “За абарону Сталінграда”, “За абарону Каўказа”, “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне ў 1941-1945 гадах”, “За доблесную працу. З нагоды 100-годдзя з дня нараджэння У. І. Леніна”, “Ветэран працы” і дзесяць іншых юбілейных медалёў.
На жаль, маёй матулі ўжо няма побач са мной. Яна пайшла з жыцця першага красавіка 2002 года.
Успаміны дзяцінства
Самыя яркія ўспаміны, якія мне найбольш запомніліся на ўсё жыццё, – гэта ўспаміны дзяцінства. Так атрымалася, што яны звязаны з працай маёй мамы і ў рэдакцыі раённай газеты, і ў друкарні, якая ў 50-я гады знаходзілася ў Дзятлаве, і карэспандэнтам-арганізатарам раённага радыёвяшчання, але асабліва ў таварыстве “Знание”. Менавіта дзякуючы лекцыям, якія арганізоўвала яна ў гэтым таварыстве, я ўпершыню ўбачыў выдатных людзей
нашай Айчыны. Мяне вельмі ўразіла сустрэча з легендарным героем нашай краіны, адным з першых Герояў Савецкага Саюза, лётчыкам Міхаілам Вадап’янавым.
Гэта было ў пачатку восені 1965 года. Год 20-годдзя Вялікай Перамогі быў адметны многімі станоўчымі зменамі ў жыцці савецкіх людзей. Мама арганізоўвала і праводзіла вялікую колькасць сустрэч у працоўных калектывах прадпрыемстваў, арганізацый і гаспадарках раёна з пісьменнікамі, прафесарамі, генераламі-героямі.
Сустрэча жыхароў Дзятлава з Міхаілам Вадап’янавым адбылася ў кінатэатры “Победа” (гэта быў вялікі драўляны будынак барачнага тыпу, у той час знаходзіўся недалёка ад раённага вузла сувязі на поўдзень). Людзей у той дзень сабралася столькі, што, як кажуць, яблыку не было дзе ўпасці. Прысутнічала шмат школьнікаў майго ўзросту – 12-13 гадоў. Нам не цярпелася хутчэй убачыць жывую легенду. Калі зайшоў высокі чалавек у генеральскай форме з Залатой Зоркай, мы ўсе ўсталі і доўга яму апладзіравалі. З якой цікавасцю ўсе слухалі яго аповед пра першых Герояў Савецкага Саюза! Іх было сем чалавек, якія выратавалі чалюскінцаў у 1934 годзе. Ён расказаў аб подзвігах нашых лётчыкаў у Кітаі, Іспаніі, Манголіі перад вайной, аб тым, як лятаў бамбіць Берлін у жніўні-верасні 1941 года, як быў збіты і гарэў у самалёце. Я адважыўся падняць руку і спытаў, які ў яго нумар Залатой Зоркі? Першы? Пазней я абдумаў сваё пытанне, і ў ім была логіка: прозвішча Вадап’янава было першым па алфавіце сярод лётчыкаў, і я падумаў, што ў яго Зорка нумар адзін. Але генерал сказаў, што яна пад нумарам чатыры, а першы быў удастоены гэтай высокай узнагароды пад нумарам адзін лётчык Леванеўскі.
Пазней мама арганізавала яшчэ некалькі сустрэч з легендарнымі людзьмі нашай краіны. Гэта сустрэча з двойчы Героем Савецкага Саюза лётчыкам дальнебамбардзіровачнай авіяцыі Малодчым, з лётчыкам-знішчальнікам Міхаілам Дзевятаевым. Не пакінула нікога раўнадушным гісторыя лёсу старшага лейтэнанта Міхаіла Дзевятаева. Ён ваяваў у авіядывізіі палкоўніка А. Пакрышкіна, у ліпені 1944 года ў час паветранага бою над Львовам быў збіты, выскачыў з парашутам з палаючага самалёта, быў ранены і ўзяты ў палон. З нямецкага канцлагера ён здзейсніў пабег. Міхаіл Дзевятаеў выратаваўся сам і выратаваў яшчэ дзевяць палонных. Яны ўцякалі на нямецкім бамбардзіроўшчыку “Хейнкель”. Акрамя гэтага, ён даставіў савецкаму камандаванню вельмі важную сакрэтную інфармацыю аб звышсакрэтным цэнтры, які размяшчаўся на адным з астравоў Балтыйскага мора, дзе вырабляліся нямецкія балістычныя і крылатыя ракеты ФАУ-2 і ФАУ-1. Потым я, праз дзясяткі гадоў, даведаўся, што Міхаіла Дзевятаева ў сакавіку 1945 года прыцягнулі па лініі асабовага аддзела да суда і яму пагражалі ўжо савецкія канцлагеры за палон. Але яго выратаваў С. П. Каралёў – будучы Генеральны канструктар нашых касмічных караблёў. Ён і Тройчы Герой Савецкага Саюза А. І. Пакрышкін хадайніцтвавалі за вызваленне Міхаіла Дзевятаева і прысваенне яму звання Героя Савецкага Саюза. Гэтае высокае званне М. Дзевятаеў атрымаў толькі праз дванаццаць гадоў, у жніўні 1957 года. Яго прозвішча і гераічны подзвіг занесены ў кнігу рэкордаў Гінеса з фармуліроўкай: “ М. Дзевятаеў – адзіны ў свеце лётчык, які за адзін подзвіг спачатку пасаджаны ў турму, а потым, праз дванаццаць гадоў, удастоены высокай дзяржаўнай узнагароды”.
Вось якія гераічныя людзі прыязджалі тады ў Дзятлава. І я ганаруся тым, што менавіта такія сустрэчы на працягу чатырох гадоў арганізоўвала мая мама, і пра тыя сустрэчы памятаюць многія дзятлаўчане.
Зусім нядаўна ў маміным архіве я знайшоў раённую газету “Перамога” за май 2000 года, у якой прачытаў артыкул, прысвечаны 55-й гадавіне Перамогі, які быў падрыхтаваны старшынёй раённага савета ветэранаў С. І. Лейкам. У ім было напісана, што ў 1986 годзе ў Дзятлаўскім раёне жыло больш за 900 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Мне здаецца, што нам заўсёды будзе не хапаць пакалення гэтых мужных людзей – нашых бацькоў і дзядоў. Я часта ўспамінаю радкі:
… Не опалённые сороковыми,
Сердцами вросшие в тишину,
Конечно, мы смотрим глазами иными
На вашу Отечественную войну.
Яны больш за жыццё любілі зямлю, якую абаранялі, пад назвай Радзіма.
Алег МЯЦЕЛІЦА
Фота прадастаўлена аўтарам
#ДЕНЬ_ПОБЕДЫ_НА_ГРОДНЕНЩИНЕ