Калонка рэдактара. Эфект бумеранга

Грамадства Свежыя навіны

На працягу жыцця чалавеку на шляху сустракаецца шмат людзей.

Людзей розных па ўзросце, тэмпераменце, з рознымі поглядамі і перакананнямі… Не ўсе з іх становяцца для чалавека сябрамі. Хтосьці сапраўды трапляе ў разрад сяброў, нехта – у разрад добрых знаёмых, а з некаторымі і зусім не хочацца падтрымліваць ніякіх адносін. І не таму, што гэта дрэнныя людзі, а проста не сышліся характарамі.

Таму на працягу свайго жыцця мы фільтруем, як скрозь сіта, тых, хто шчыры з табой, хто адкрыта дзеліцца сваімі радасцямі і бедамі, чуе цябе, у цяжкую хвіліну не надакучае сваімі парадамі, а ўмела маўчыць, тым самым раздзяляючы з табой жыццёвыя цяжкасці. Самае галоўнае, што ты адчуваеш сябе з гэтым чалавекам спакойна і добра, не баючыся здрады, зайздрасці і іншых непрыемнасцяў.

І калі такія непрыемнасці раптам узнікаюць, задаешся пытаннем: “Чаму людзям не жывецца спакойна і каму якая справа да таго, як і чым жывеш ты?”. Можа, цікаўнасць? Быць цікаўным чалавекам вельмі добра і нават прыраўноўваецца да добрых якасцяў, асабліва калі яно разумнае і накіравана на атрыманне новых ведаў. Можа, гэта такое энергетычнае падсілкоўванне, без якога чалавек проста жыць не можа? А можа, пераносячы “цікавыя” навіны з вуснаў у вусны пра іншых, чалавек раптам сам становіцца ў цэнтры ўвагі, якой яму не хапае ў звычайным жыцці.

Так бурацца чалавечыя адносіны. Людзям нярэдка здаецца, што ў іншых заўсёды ўсё лепш, што іншае жыццё больш цікавае, яркае, шчаслівае, што гэта толькі яны такія няшчасныя, таму што ў іх чагосьці няма або ім чагосьці не хапае. Усе гэтыя шкодныя думкі руйнуюць чалавека знутры і нярэдка шкодзяць яго адносінам з вельмі каштоўнымі людзьмі і нават тымі, хто яго любіць. Думаю, гэта звязана з незадаволенасцю чалавекам сваім жыццём.

Як часта мы прад’яўляем прэтэнзіі да розных людзей за тое, што яны не дапамаглі нам здзейсніць нашы мары, не апраўдалі нашы чаканні, не зрабілі нас шчаслівымі, быццам уся справа сапраўды ў іх, а не ў нас. Заўважце, я кажу “мы”, таму што тут не трэба ні на каго паказваць пальцам – мы ўсе гэтым грашым у той ці іншай меры. І гэта сапраўдная бяда для многіх людзей. Яны не прымаюць таго, што маюць, што жыццё дае ім, яны хочуць чагосьці іншага. Мабыць, у такіх людзей самаацэнка прыніжаная, яны зайздросцяць або ў іх жыцці не ажыццявіліся намечаныя імі планы. Шкада.

Але ўсё ж у руках самога чалавека! Хочаш змяніць нешта ў сваім жыцці – змяні! Атрымай новую адукацыю, знайдзі хобі, займіся спортам, пачні новую справу, удасканальвайся, расці як асоба. І тады жыццё стане іншым, варта толькі захацець.

І яшчэ, нечае жыццё таксама стане лепшым і спакайнейшым, таму што не будзе ўведзена ў бездань хітраспляценняў, інтрыг, неапраўданых абвінавачванняў і хлусні. А гэта – грэх, за які прыйдзецца адказаць кожнаму.

Усё ў жыцці вяртаецца нам бумерангам. Пытанне ў тым, колькі пройдзе часу паміж дзеяннем і адказам, перш чым бумеранг спрацуе.

Усё настолькі проста, што гэта бывае складана выканаць.

А ўсяго толькі і трэба: любіць і паважаць людзей, і тады яны будуць адказваць вам узаемнасцю, любіць і паважаць сябе і свае асабістыя межы, і тады гэта будуць рабіць іншыя.

Наталля КАЛОДКА