1 лістапада філіял “Ваўкавыскія электрычныя сеткі” адзначыў 60-гадовы юбілей.
Сёння гэта развітае сучаснае прадпрыемства, на якім працуюць больш за 860 чалавек. Ваўкавыскія электрасеткі з’яўляюцца самым буйным сеткавым філіялам РУП “Гроднаэнерга”, у зону абслугоўвання якога ўваходзяць шэсць раёнаў Гродзенскай вобласці – Ваўкавыскі, Мастоўскі, Слонімскі, Зэльвенскі, Дзятлаўскі і Свіслацкі.
60-гадовая гісторыя філіяла напоўнена вялікай колькасцю вытворчых здзяйсненняў, якія сталі магчымыя дзякуючы працы некалькіх пакаленняў энергетыкаў. Свой прафесійны абавязак на працягу доўгіх гадоў выконвае калектыў Дзятлаўскага РЭС, забяспечваючы надзейнае і бесперабойнае электразабеспячэнне сваіх спажыўцоў.
Дзятлаўскі РЭС: наша гісторыя
Электрыфікацыя Дзятлаўшчыны пачыналася з таго, што ў некалькіх населеных пунктах меліся лакамабільныя электрастанцыі. Падчас Вялікай Айчыннай вайны яны былі знішчаны. Пасля вызвалення раёна ад захопнікаў пачалося аднаўленне народнай гаспадаркі. Прадпрыемствы сваімі сіламі пачалі будаваць і ўводзіць у эксплуатацыю невялікія электрастанцыі. Так, у канцы 1946 года на возеры ў гарпасёлку Дзятлава сіламі рабочых была пабудавана малая гідраэлектрастанцыя, якая асвятліла кватэры жыхароў горада – да ГЭС было падключана 500 электралямпачак. У 50-я гады паступова ўмацоўвалася вытворча-тэхнічная база прамысловасці раёна, пачалося будаўніцтва заводаў. Для электразабеспячэння пачалося паскоранае будаўніцтва ГЭС мясцовага прызначэння. Восенню 1953 года дала першыя кілаватгадзіны электраэнергіі ГЭС “Навасёлкі”, а ў 1960 годзе – ГЭС “Гезгалы”. Абедзве станцыі былі пабудаваны на рацэ Моўчадзь.
Развіццё прамысловасці і сельскай гаспадаркі выклікала рэзкі рост патрэбы ў электраэнергіі, магутнасці энергааб’ектаў стала недастаткова. З мэтай перадачы электраэнергіі з горада Слоніма ў гарпасёлак Казлоўшчына была пабудавана ПЛ-15 кВ. У пачатку 60-х гадоў пачалі актыўна развівацца сеткі напружаннем 110 кВ. Гэта дазволіла “засілкаваць” усіх спажыўцоў ад дзяржаўнай энергасістэмы. Будуюцца новыя ЛЭП і падстанцыі, што дазволіла ўтварыць кальцо 110 кВ: “Баранавічы – Слонім – Казлоўшчына – Дзятлава – Наваельня – Навагрудак – Баранавічы”.
У 1967 годзе загадам Белгалоўэнерга № 145 быў утвораны Дзятлаўскі раён электрычных сетак. У снежні 1969 года ўведзена ў эксплуатацыю ПЛ 110 кВ “Дзятлава – Наваельня – Навагрудак”, а ў красавіку 1970 года – ПС 110 кВ «Наваельня». З уводам гэтай падстанцыі значна павысілася надзейнасць электразабеспячэння спажыўцоў, і персанал РЭС пачаў працаваць мэтанакіравана, выконваючы капітальныя рамонты і эксплуатацыйныя работы. У 1974 годзе на тэрыторыі вытворчай базы РЭС былі пабудаваны будынкі адміністрацыйнага корпуса і механічных майстэрняў.
У 1980 годзе было скончана будаўніцтва новай вытворчай базы РЭС. У падраздзяленні з’явілася стацыянарная электралабараторыя для выпрабавання ахоўных сродкаў, на ўсіх брыгадных аўтамашынах былі ўсталяваны радыёстанцыі. Будаваліся ПС 35/10 кВ “Раготна”, “Страла”. Гэта дазволіла скараціць працягласць
ПЛ 10 кВ і павысіць надзейнасць электразабеспячэння спажыўцоў раёна. У 1988 годзе была ўведзена АТС, усе ПС 35 / 10 кВ былі тэлемеханізаваныя.
Для павышэння надзейнасці працы гідраэлектрастанцыі “Гезгалы” і павелічэння выпрацоўкі электраэнергіі ў 2003 годзе быў выкананы капітальны рамонт гідратэхнічных збудаванняў. У чэрвені 2002 года была паўторна ўведзена ў эксплуатацыю ГЭС “Навасёлкі”.
Развіццё і ўдасканаленне
Цяпер Дзятлаўскі РЭС прадаўжае бесперапыннае і планавае развіццё.
У 2018 годзе была рэканструявана стацыянарная высакавольтная лабараторыя з прымяненнем найноўшага абсталявання. Праведзены рамонт памяшкання АДГ РЭС, у якой усталяваны сучасны дыспетчарскі шчыт замест старога. У 2019 годзе таксама адрамантаваны будынак ГЭС “Навасёлкі”.
На сёння Дзятлаўскі РЭС – гэта без малога 18 тысяч абанентаў, больш за 1700 км паветраных ліній 0,4-10 кВ, 529 трансфарматарных падстанцый. На яго абслугоўванні знаходзяцца ГЭС “Навасёлкі” магутнасцю 220 кВт і ГЭС “Гезгалы” магутнасцю 720 кВт. Для абслугоўвання электрычных сетак у падраздзяленні дзейнічаюць адзінаццаць брыгад, у тым ліку пяць аператыўна-выязных.
Кругласутачна і бесперапынна шматлікі згуртаваны калектыў Дзятлаўскага раёна забяспечвае надзейнае і бесперабойнае электразабеспячэнне раёна, удасканальвае свае навыкі, паспяхова асвойвае новае абсталяванне і перадавыя тэхналогіі, шануе традыцыі і сваю гісторыю.
Начальнік Дзятлаўскага РЭС Міхаіл Ступчык:
– Калі працуеш на прадпрыемстве з такой гісторыяй, адчуваеш не толькі гонар, але і вострае пачуццё адказнасці. Азіраючыся назад, аналізуючы дасягненні гэтага доўгага шляху, усведамляеш, што зменшыць гэты тэмп нельга, нельга дапусціць хібы. Мы павінны прадаўжаць гэтую слаўную гісторыю, запаўняючы яе новымі працоўнымі здзяйсненнямі і вытворчымі вынікамі. Паважаныя калегі і ветэраны Дзятлаўскага РЭС, прыміце самыя шчырыя віншаванні з 60-гадовым юбілеем! Жадаю ўсім вам здароўя і даўгалецця, а калектыву і філіяла – росквіту і пастаяннага развіцця!
Заслужаныя ўзнагароды
Ганаровай граматай ДВА “Белэнерга” ўзнагароджаны Міхаіл Ступчык, падзякай аб’яднання – Сяргей Дарашэвіч. Ганаровай граматы РУП “Гроднаэнерга” ўдастоены Аляксандр Ёдчык, падзякі прадпрыемства – Віктар Жэгала і Аляксандр Лазука. Ганаровай граматай Ваўкавыскіх электрасетак адзначаны Андрэй Крэчка, а падзякай філіяла – Сяргей Нікіпорчык. Ганаровай граматай Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта ўзнагароджаны Мікалай Сайчык, падзякай райвыканкама –
Андрэй Сапега і Андрэй Жэгала. Ад пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Ганаровай граматай узнагароджаны Вячаслаў Грышук.
Наталля АВЯРЧУК
Фота за архіва Дзятлаўскага РЭС
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup