Беларускі фонд міру дзякуе медыкам

Галоўнае Грамадства

Рэспубліканскую акцыю “Паклон вам нізкі, нашы дактары” ініцыявала грамадскае аб’яднанне “Беларускі фонд міру”.

У якасці спонсара да мерапрыемства далучылася СТАА “Кoнтэ Спа”.

12 лістапада ў акцыю ўключылася Дзятлаўшчына. Старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі фонд міру” Марыя Жыдко пабыла ў Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы і падзякавала медыкам, якія знаходзяцца на перадавой барацьбы з каранавірусам.

– Ад імя раённай арганізацыі я хачу нізка пакланіцца вам за вашу нялёгкую працу, пажадаць усяго добрага, здароўя на доўгія гады, міру, спакою, дабрабыту ў сем’ях, каб дзеці вас радавалі, а вы імі ганарыліся, каб у рабоце быў плён. Паверце, ваша праца будзе заўсёды ўзнагароджана ўдзячнасцю пацыентаў, – зазначыла Марыя Вікенцьеўна.

Яна ўручыла заслужаныя ўзнагароды дзятлаўскім медыкам. Грашовыя прэміі і Падзякі за значны асабісты ўклад у правядзенне прафілактычных і лячэбных мерапрыемстваў, высокі прафесіяналізм і мужнасць пры аказанні медыцынскай дапамогі і лячэнні хворых на вірус COVID-19 ад Гродзенскага абласнога аддзялення ГА “Беларускі фонд міру” атрымалі медыцынскі рэгістратар паліклінікі Марына Панкевіч і медыцынская сястра тэрапеўтычнага аддзялення № 2 Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы Данута Сокал. Таксама ім былі ўручаны падарачныя сертыфікаты на 50 рублёў ад СТАА “Кoнтэ Спа”.

Ад імя адміністрацыі Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы работніцам за сумленную працу падзякаваў галоўны доктар Алег Анцух:

– Дзякуй, што вы разумееце, у якой сітуацыі мы ўсе знаходзімся, і робіце ўсё, што ў вашых сілах. Паверце, мы гэта цэнім. Вашы кандыдатуры для ўзнагароджання выбраны не выпадкова. Выбар адміністрацыі падтрымалі калегі, якія працуюць поруч з вамі. Радуе, што сёння выпала магчымасць з дапамогай Фонду міру абазначыць ваш удзел у барацьбе з COVID-19 . Расслабляцца яшчэ рана. Я спадзяюся, што, нягледзячы на стомленасць, вы і надалей будзеце працаваць не менш плённа і вынікова.

Узнагароды грамадскага аб’яднання і ўдзячнасць калегаў кранулі работніц. Шчырыя словы ў адказ выказала Данута Сокал:

– Вельмі ўдзячна за падтрымку. Падобныя акцыі сярод працоўных будняў значна падбадзёрваюць. Цяпер няпроста ўсім медыкам, тым не менш мы працуем, як адзіны механізм. Мне даводзіцца працаваць з хворымі людзьмі, але маю работу арганізоўваюць як непасрэднае начальства, так і адміністрацыя бальніцы. Мы забяспечаны ўсімі неабходнымі сродкамі абароны, таму можна спакойна працаваць, лячыць людзей.

На развітанне Алег Анцух пажадаў жыхарам Дзятлаўскага раёна берагчы сябе і не хварэць. А для гэтага вельмі важна насіць маскі пры наведванні магазінаў і людных месцаў, а таксама абмежаваць кантакты, перанесці на больш спрыяльны час візіты гасцей з іншых рэгіёнаў, падтрымліваць словамі і справамі пажылых сваякоў.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup



Теги: