З клопатам і павагай

Важнае Грамадства

Напярэдадні Дня пажылых людзей дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Таццяна Нікіпорчык расказала карэспандэнтцы газеты “Перамога” пра тое, як на Дзятлаўшчыне клапоцяцца аб пажылых жыхарах.

– У нашай установе ёсць пяць аддзяленняў, кожнае з якіх працуе з сацыяльна ўразлівай катэгорыяй грамадзян. Для пажылых людзей ёсць аддзяленне кругласутачнага знаходжання ў гарпасёлку Казлоўшчына, яно разлічана на 30 чалавек. Там знаходзяцца людзі ва ўзросце, якія не могуць сябе даглядаць самастойна. Для іх мы стварылі ўсе камфортныя ўмовы. Гэта і збалансаванае харчаванне, абавязкова са свежымі сезоннымі садавіной і агароднінай у рацыёне, медыцынскі кантроль і догляд.

– Як вашы работнікі клапоцяцца пра тых, хто жыве ў сваім доме і мае патрэбу ў дапамозе?

– З гэтай мэтай працуе аддзяленне сацыяльнай дапамогі на даму. На сацыяльным абслугоўванні знаходзяцца 547 жыхароў раёна, з якімі працуюць каля 70 сацыяльных работнікаў. Яны могуць наведваць сваіх падшэфных ад трох да пяці разоў на тыдзень. Сацыяльныя работнікі набываюць пажылым людзям лекі і прадукты харчавання, прыбіраюць у доме, мыюць бялізну, вырашаюць камунальныя пытанні, часам суправаджаюць на кансультацыю да доктара. Чалавечнасць – адна з абавязковых якасцей сацыяльнага работніка. Не пакрыўлю душой, калі скажу, што кожны з іх выконвае нашмат больш сваіх абавязкаў, аддае пажылым людзям клопат, увагу, за гады працы становіцца, як родны. Кожную асабістую просьбу пажылых людзей работнікі таксама стараюцца выканаць. У гэтым жа аддзяленні працуюць сядзелкі. Яны ажыццяўляюць догляд за людзьмі, якія страцілі здольнасць рухацца. Мяркую, кожны з нас разумее, што гэта праца сапраўдных альтруістаў і чалавекалюбцаў.

– Якая работа вядзецца з актыўнымі і энергічнымі пажылымі людзьмі?

– На Дзятлаўшчыне нямала людзей ва ўзросце, поўных сіл і жыццёвай энергіі. Плённа супрацоўнічаем з імі, ладзім мерапрыемствы, экскурсіі, акцыі. У такіх цікавых і творчых людзей маладым ёсць чаму павучыцца. На базе аддзялення па рабоце з пажылымі людзьмі працуе клуб “Нам гады не бяда”. Усе яго ўдзельнікі вельмі жыццярадасныя, часта збіраюцца разам, адзначаюць святы, абменьваюцца вопытам у розных сферах. Да таго ж, яны самі дапамагаюць нам. Мы вельмі ўдзячныя гэтым людзям, якія гатовы падзяліцца сваёй стваральнай энергіяй з іншымі. Практычна ўсе ўдзельнікі клуба артыстычныя, творчыя, яны самі ладзяць канцэрты, з якімі наведваюць сацыяльныя ўстановы пражывання пажылых людзей.

– Пераважная большасць пажылых людзей, пра якіх сёння апякуецца Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, у мінулым – работнікі арганізацый нашага раёна. Ці дапамагаюць яны сваім былым працаўнікам?

– Кожны чалавек пенсійнага ўзросту знаходзіцца ў цэнтры нашай увагі. Ёсць асобныя выпадкі, калі мы вымушаны звяртацца па дапамогу да арганізацый раёна. У сваю чаргу, яны дапамагаюць сваім пенсіянерам, забяспечваючы іх бульбай на зіму, ці нейкім іншым чынам. Часцей за ўсё, кіраўнікам арганізацый нават не трэба нагадваць, яны самі аказваюць дапамогу пажылым своечасова і ў патрэбным аб’ёме. Ніхто з пажылых на Дзятлаўшчыне не забыты і не абдзелены сацыяльным клопатам. Ёсць у нашым раёне пенсіянеры, якія з’яўляюцца перасяленцамі з суседніх краін. Яны не працавалі ў Беларусі, а прыехалі сюды ў пажылым узросце, таму не могуць атрымліваць працоўную пенсію. Але яны маюць патрэбу ў дапамозе, і ім дапамагаюць. За супрацоўніцтва ў гэтым плане вялікі дзякуй мясцовым уладам і арганізацыям.

– Чаго пажадаеце дзятлаўчанам мудрага ўзросту?

– Усім людзям мудрага ўзросту шчыра жадаю моцнага здароўя, дабрабыту і жыццёвай энергіі. Карыстаючыся выпадкам, хачу звярнуцца да ўсіх дзятлаўчан: сацыяльная служба робіць шмат для пажылых грамадзян раёна. Але клопат пра бацькоў і сваякоў ва ўзросце – справа вашага сумлення, паважаныя дзятлаўчане. Не чакайце свята або асаблівай нагоды, наведайце пажылых бацькоў, патэлефануйце ім часцей, знайдзіце добрыя словы для сваіх блізкіх. Кожнаму з іх патрэбны вашы любоў і ўвага.

Наталля АВЯРЧУК