Валанцёрская восень на Дзятлаўшчыне

Важнае Грамадства Свежыя навіны

З 27 па 31 кастрычніка пад эгідай раённага валанцёрскага клуба “Мы разам!” на Дзятлаўшчыне праходзіць восеньская валанцёрская пяцідзёнка з цёплай назвай “Пад знакам дабра і надзеі”.

Як адзначыла метадыст Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава, яна ж кіраўнік раённага валанцёрскага клуба “Мы разам!” Ірына Мішчанка, кожны дзень пяцідзёнкі прысвечаны пэўнай тэме.

Стартавала дабрачыннае мерапыемства ў аўторак днём адкрытых сэрцаў. Ва ўстановах адукацыі ладзілася акцыя “Сэрца на далоні”. У яе ўключыліся як малодшыя, так і старэйшыя школьнікі. Яны сваімі рукамі змайстравалі сардэчкі з добрымі пажаданнямі, а таксама размясцілі звесткі аб валанцёрскай пяцідзёнцы на інфармацыйных сайтах школ і ў сацыяльных сетках.

Другі дзень “Дар памяці” прайшоў у сераду на працоўнай хвалі: валанцёрамі былі арганізаваны акцыі, дэсанты і аперацыі па добраўпарадкаванні помнікаў і месцаў пахавання загінулых у часы Вялікай Айчыннай вайны.

Пад дэвізам “Падары ўсмешку дзецям” праходзіў валанцёрскі чацвер. У гэты дзень Доктар Пілюлькін (яго ролю выдатна выканала Ірына Мішчанка) ладзіў “Візіт дабрыні” ў Дзятлаўскі раённы цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Для бадзёрага настрою яго выхаванцаў Доктар Пілюлькін “прапісаў” ім музычную зарадку, размінку “Астравы”, гульні на ўвагу і кемлівасць “Дождж” і “Мы таксама!”. Затым вясёлы доктар заклікаў малечу адгадаць загадкі, станцаваць танец маленькіх качанят і з дапамогай пантамімы паказаць прызначэнне розных рэчаў.

 

 

У другой палове дня ў чацвер навучэнцаў 2-4 класаў установаў адукацыі раёна чакала анлайн-віктарына “Фантастычная краіна дзяцінства”.

Пятніцу валанцёры Дзятлаўскага раёна назвалі днём сацыяльнага добраахвотніцтва. Пры дапамозе SMS-хвалі яны збіраюцца выпрабаваць “Сілу добрага слова”. Для гэтага разашлюць цёплыя SMS-паведамленні з найлепшымі пажаданнямі сваім падшэфным – адзінокім пажылым людзям, ветэранам працы і Вялікай Айчыннай вайны.

Закрыць валанцёрскую пяцідзёнку плануецца на здаровай ноце. Навучэнцы ўстановаў адукацыі раёна ў суботу ўключацца ў анлайн-чэлендж “Мы выступаем за здаровы лад жыцця!”. Дзеці не толькі пагутараць аб карысці фізкультуры і спорту ў жыцці маладога чалавека, але і будуць ладзіць спаборніцтвы і спартыўныя гульні на свежым паветры.

Ірына СТЫРНІК
Фота Вадзіма ФІЛІПОЎСКАГА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup