Убачце тых, хто не бачыць

Важнае Здарэнні і бяспека Свежыя навіны

У рамках месячніка “Чалавек з белым кіёчкам” Дзятлаўская раённая арганізацыя ГА “БелТІЗ” сумесна з міжраённым аддзелам ДАІ па абслугоўванні Слонімскага, Дзятлаўскага, Зэльвенскага раёнаў правялі акцыю “Чалавек з белым кіёчкам”: убачце тых, хто не бачыць”.

Тэматычныя буклеты вадзіцелям раздавалі інспектары ДПС міжраённай дзяржаўтаінспекцыі Дзмітрый Трус і Дзмітрый Беладзед, а таксама старшыня раённай арганізацыі ГА “БелТІЗ” Святлана Крэйдзіч.

Вадзіцелям нагадалі, што слабавідушчыя і невідушчыя пешаходы на дарозе безабаронныя і могуць разлічваць толькі на ўважлівасць і дысцыплінаванасць тых, хто за рулём.

Паводле пункта 119 Правілаў дарожнага руху, “усюды, у тым ліку і па-за пешаходнымі пераходамі, вадзіцель павінен саступіць дарогу пешаходу – інваліду па зроку, які падае сігнал кіёчкам белага колеру або кіёчкам з пакрыццём павышанай бачнасці, у тым ліку са святлоадлюстроўваючымі элементамі. Вадзіцель павінен быць гатовы знізіць хуткасць або спыніцца, каб выключыць верагоднасць наезду на такіх удзельнікаў дарожнага руху, а таксама на дзяцей і пешаходаў з заўважнымі парушэннямі апорна-рухальнага апарата”.

Ірына СТЫРНІК