7 кастрычніка 2020 года пад патранажам Беларускай Праваслаўнай царквы на Слонімшчыне, у аграгарадку Жыровічы, праходзяць святочныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да 550-годдзя з’яўлення Жыровіцкай іконы Божай Маці, 500-годдзя яе паўторнай знаходкі і 500-годдзя заснавання адной з галоўных святых абіцеляў Беларусі – Жыровіцкага мужчынскага манастыра.
Адметна, што ўжо пяць стагоддзяў Свята-Успенскі Жыровіцкі манастыр з’яўляецца апорай праваслаўя на беларускіх землях. А пачалося ўсё са з’яўлення маленькага цудатворнага вобраза Божай Маці. Сёння Жыровіцкая ікона ўваходзіць у сотню самых шануемых святыняў праваслаўнага свету.
А было гэта так. Вясной 1470 года ва ўладаннях скарбніка Літоўскага княства баярына Солтана ў Жыровічах быў яўлены вобраз з адлюстраваннем Багародзіцы з Немаўлём. Юныя пастухі, якія пасвілі статкі баярына, зайшлі далёка ў лес, дзе ў самым гушчары, сярод галінаў дзікай грушы ўбачылі цудоўнае ззянне. Свет ішоў ад маленькай іконы. З глыбокай павагай пастухі знялі вобраз з дрэва і аднеслі ў дом Солтана, расказаўшы яму аб дзіўнай знаходцы. Аднак баярын не звярнуў асаблівай увагі на словы пастухоў, паклаў вобраз у куфар. Толькі ўвечары, калі прымаў гасцей, ён расказаў ім аб знаходцы, захацеў паказаць, але ў куфары іконы не аказалася.
На другі дзень пастухі зноў заўважылі ззянне на той жа грушы – і аднеслі ікону баярыну, які цяпер ужо з глыбокай пашанай прыняў святыню і наведаў месца яе з’яўлення. Памаліўшыся, даў зарок Богу пабудаваць у Жыровічах храм у гонар Прасвятой Багародзіцы. Урэшце драўляны храм быў пабудаваны, а вестка пра ікону распаўсюдзілася па наваколлі, прыцягваючы сюды багамольцаў, некаторыя з якіх заставаліся ў жыровічах: абзаводзіліся сем’ямі пад покрывам Прачыстай ці прысвячалі сябе служэнню Богу.
Каля 1520 года ў Жыровічах здарыўся моцны пажар, згарэлі амаль усе будынкі і драўляны храм, засталася толькі царкоўная школа. У агні знік цудатворны вобраз – на папялішча яго не знайшлі. Аднойчы пасля заняткаў у школе дзеці падняліся на бліжэйшую горку. Раптам на вялізным камні яны ўбачылі Божую Маці ў нябесным ззянні. У яе руках была страчаная ікона. Дзеці з радасцю пабеглі ў селішча, дзе ўсё расказалі святару і бацькам. Святар з народам паспяшаўся да камня, але не спадобіўся бачыць Дзеву Марыю, затое на вялікае суцяшэнне там знайшлі цудатворны вобраз, што і лічыцца другім з’яўленнем іконы.
Цяпер ікона знаходзіцца ва Успенскім саборы Жыровіцкага манастыра злева ад Царскіх варот. Выява, велічынёй усяго некалькі сантыметраў, цудоўным чынам адбіта на граніце. Абгарэлая ў пажары, крыху трэснутая ад агню і часу святыня – гэта сапраўдны вобраз Прачыстай Дзевы Марыі, Маці Божай да якой і сёння людзі звяртаюцца з малітвамі.
Акрамя экскурсіі, праграма юбілейных урачыстасцяў, якія праходзяць у Жыровічах 7 кастрычніка, уключае ў сябе малебен перад цудадзейным Жыровіцкім вобразам Божай Маці ва Успенскім саборы; асвячэнне помніка прападобнамучаніку Серафіму Жыровіцкаму каля святой брамы манастыра; асвячэнне званоў і часовай званніцы ў Яўленскім храме; цырымонію закладкі памятнага камня і асвячэнне месца будаўніцтва званіцы-помніка
ў гонар юбілейных дат Жыровіцкага манастыра і 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
Мяркуецца, што ў жыровіцкіх святкаваннях прымуць удзел старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік, а таксама пасол Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Дзмітрый Мезенцаў.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup