Ёсць меркаванне, што сакрэт поспеху любой школы – у асобе яе дырэктара.
Немагчыма з гэтым не пагадзіцца, пазнаёміўшыся з кіраўніком Гезгалаўскай сярэдняй школы Эдуардам Ненартовічам. Трыццаць два гады ён нязменны капітан свайго педагагічнага карабля. А ў чым сакрэт самаго капітана? Вядома – у яго камандзе.
Гезгалаўская сярэдняя школа = Эдуард Іосіфавіч Ненартовіч. Кажучы матэматычнай мовай, гэта правільная роўнасць. Для дырэктара навучальнай установы яго школа сапраўды ёсць усё жыццё, і наадварот, калектыў і вучні Гезгалаўскай сярэдняй школы не ўяўляюць на месцы дырэктара іншага чалавека.
Пра прызванне і родную школу
Сам Эдуард Ненартовіч заўважае, што з Гезгалаўскай школай расставаўся толькі на пяць гадоў.Ён нарадзіўся тут, у вясковым доме пад ліпамі, з першага па дзясяты клас ён наведваў яе вучнем. Эдуард Ненартовіч з цеплынёй узгадвае сваіх школьных настаўнікаў. Гэта былі пераважна жанчыны, жонкі афіцэраў, якія прыязджалі сюды працаваць з усяго былога СССР. Сваім прафесіяналізмам яшчэ тады яны задалі школе высокую планку, якую яе калектыў стараецца трымаць дагэтуль.
Пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў 1984 годзе прыйшоў сюды педагогам. Год папрацаваў у групе падоўжанага дня, за гэты час вызвалілася месца настаўніка геаграфіі.
- З таго часу выкладаю геаграфію заўжды і ва ўсіх у гэтай школе, – кажа педагог.
У часы, калі Гезгалаўская школа налічвала больш за пяцьсот чалавек, настаўнікаў геаграфіі было два. Сёння вучняў сто дваццаць, і для кожнага з іх норма бачыць дырэктара ў калідорах і класах школы з падручнікам у руках, запраста звяртацца да яго па любых пытаннях.
Эдуард Ненартовіч ганарыцца тым, што сёння ён адзіны ў нашым раёне дырэктар, не прызначаны, а выбраны. А па стажы знаходжання на пасадзе дырэктара школы ён блізкі да раённага, а магчыма і рэспубліканскага рэкорда.
Ці страшна было ў дваццаць пяць гадоў стаць дырэктарам сваёй жа школы? Аб гэтым можна здагадацца і без словаў. Аднак Эдуард Іосіфавіч заўважае, што ўсё жыццё яму шанцавала з калектывам, які можа падтрымаць у любой сітуацыі. Гонар дырэктара – яго намеснікі, якія больш як затрыццаць гадоў працы мяняліся толькі два-тры разы.
– Нават на пасадзе дырэктара я не толькі выдаваў атэстаты, я вучыў кожнага, – кажа Эдуард Ненартовіч.
Былі часы, калі настаўнік выкладаў да пяці прадметаў, ад “Чалавек і свет” да грамадазнаўства.
Пра выпускнікоў
Дырэктар Гезгалаўскай сярэдняй школы кажа, што самы прыемны для яго час – пачатак лютага, калі ў школу з’язджаюцца яе выпускнікі. На Вечар сустрэчы збіраюцца ад ста да ста пяцідзесяці чалавек. Усе прыязджаюць не толькі пабачыць сваю Альма матар, але і паказаць, кім сталі яны самі.
– Вельмі хочацца, каб словазлучэнне “выпускнік Гезгалаўскай сярэдняй школы” гучала як знак якасці. Для гэтага мы працуем, – кажа дырэктар школы. – Мы ганарымся ўсімі сваімі выпуснікамі, стараемся сачыць за іх поспехамі.
Напрыклад, сёлета былы выпускнік школы быў капітанам каманды ў “Танкавым біятлоне”, міжнародным спаборніцтве ў майстэрстве кіравання танкам і стральбе. Вучыўся ў Гезгалах і вядомы сёння ў Расіі спявак Баста, які ў сваіх інтэрв’ю ўзгадвае гэты факт. Эдуард Іосіфавіч жартуе, што не пакідае надзеі пабачыць дабрачынны канцэрт вядомага рэпера ў роднай школе.
Пра вучняў і поспех
Калі казаць пра поспехі, то Гезгалаўская школа трымае высокую планку. Працэнт паступлення ў ВНУ тут складае ад 70 %. Але гэта не самае галоўнае, лічыць яе дырэктар. Для вучняў іх школа – сапраўдны дом, дзе яны не госці, а гаспадары. Школьнікі адчуваюць сябе камфортна ў сценах навучальнай установы, маюць час і жаданне не толькі вучыцца, але і працаваць.
–Мабыць, сёння ні ў адной школе, нават вясковай, дзеці так не прывучаны да працы. Мы выхоўваем працалюбівага чалавека, якія ведае, што працаваць трэба для сябе, сваёй сям’і, для сваёй радзімы.
Умее і любіць працаваць уся Гезгалаўская школа. Гэта і заўсёды дагледжаная прышкольная тэрыторыя, і пастаяннае супрацоўніцтва з сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі раёна, і, нарэшце, валанцёрская дапамога мясцовым арганізацыям, якую школьнікі і педагогі ахвотна аказваюць. Летась гезгалаўскія школьнікі зарабілі сваёй працай самую важкую суму ў Дзятлаўскім лясніцтве на пасадцы лесу.
Стараннасць у працы фізічнай, інтэлектуальнай, канкурэнтнасць ва ўсіх справах – негалосны закон, які працуе ў Гезгалаўскай школе. Не ўступай у спаборніцтва, калі ты не збіраешся стаць у ім лепшым. Як прыклад, сёлета зборная (аднаго!) восьмага класаГезгалаўскай сярэдняй школы прадставіць Дзятлаўшчыну на рэспубліканскім школьным турніры па інтэлектуальнай гульні “Што? Дзе? Калі?”.
Пра жанчыну жыцця і музу
– Самы вялікі жарт лёсу ў тым, што я вучыў сваю будучую жонку яшчэ ў дзясятым класе, – кажа Эдуард Іосіфавіч.
Малады педагог выкладаў астраномію ў вучаніцы выпускнога класа Ларысы Грышкевіч. Дзяўчына любіла прадмет, аднак атрымлівала па ім толькі чацвёркі. Эдуард Іосіфавіч жартуе, што жонка дагэтуль прыпамінае яму тую адзнаку.
Пасля заканчэння школы Ларыса Васільеўна прыйшла сюды працаваць важатай. Разам з ёю настаўнік геаграфіі вадзіў дзяцей у турыстычныя паходы, у якіх абышлі амаль усю Гродзенскую вобласць. Мабыць, у адным з такіх паходаў і нарадзілася трапяткое педагагічнае каханне.
Праз год Ларыса паехала вучыцца, а пасля заканчэння тэхнікума лёгкай прамысловасці вярнулася на радзіму. Летам 1988 года справілі вяселле. Павіншаваць свайго выкладчыка і важатую прыйшло шмат мясцовых школьнікаў.
Ларыса Васільеўна стала працаваць у Гезгалаўскай школе настаўніцай працоўнага навучання. Яна атрымала вышэйшую педагагічную адукацыю, звязаную з народай творчасцю. Сёння яна выкладае не толькі “працу”, але і выяўленчае мастацтва ў пачатковых класах, прадмет “Мастацтва” ў школе сярэдняй.
– Гэта жанчына ўмее і можа рабіць рукамі ўсё, – кажа пра сваю жонку і калегу дырэктар школы. – Няма такой тэхнікі рукадзелля, выяўленчага мастацтва, якой бы яна ні валодала.
У пачатку 90-х гадоў педагог атрымала званне народнага майстра.
Ларыса Ненартовіч не проста педагог і майстрыха. Яна сапраўдная берагіня школьнага ачага Гезгалаўскай сярэдняй школы. Утульныя, з густам адрамантаваныя класы, кабінеты, калідоры і фае школы, а таксама незвычайна аздобленая прышкольная тэрыторыя – справа яе натхнення і лёгкай рукі.
Ларыса Васільеўна ўмее выкладаць працоўнае навучанне плённа і з душой. Яе вучаніцы са школьнай парты вучацца быць выдатнымі майстрыхамі. Яны штогод удзельнічаюць і перамагаюць у прадметных алімпіядах па абслугоўваючай працы на розных узроўнях, захоўваюць каштоўны вопыт гаспадыні для ўласнага жыцця.
Педагог на сваіх уроках вучыць дзяўчынак такой важнай якасці, як жаноцкасць – заўжды сачыць за сабой, правільна падбіраць гардэроб і рабіць прычоскі, трымаць асанку і прытрымлівацца этыкету. Гэта надзвычай важныя рэчы, пра якія, на жаль, мы сёння не заўсёды помнім. Заўважу, што сама Ларыса Васільеўна – узор жаноцкай абаяльнасці і такту.
Для сям’і Ненартовічаў Гезгалаўская сярэдняя школа стала сапраўды другім домам, часам нават галоўным з двух. Гэта праект іх жыцця, іх несупыннае спаборніцтва, у якім трэба перамагчы, каб кожны з яе вучняў і выпускнікоў у любыя часы мог сказаць: “Я з Гезгалаўскай сярэдняй школы, і я гэтым ганаруся”.
5 цытат топ-дырэктара
“Не стамляецца ад сваёй працы і ад жыцця толькі той, хто працуе пры дзецях”.
“Помню кожнага са сваіх выпускнікоў, а яны помняць родную школу”.
“Мы вучым дзяцей у жыцці разлічваць толькі на сябе”.
“Нават у час сучасных тэхналогій школа – установа кансерватыўная”.
“Галоўная задача педагогаў – выхаваць не абавязкова выдатніка, але добрага чалавека”.
Наталля АВЯРЧУК
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup