Лёсы людскія. Чалавек слова і справы

Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

У кожнага з нас свой прафесійны шлях.

Аднак, які напрамак працы не выбірай, заўсёды трэба быць добрым да людзей і заставацца сапраўдным чалавекам. Адным з такіх з’яўляецца былы дырэктар Горкаўскай сярэдняй школы Яўген Сямёнавіч Бекіш.

Нарадзіўся ён у вёсцы Равяцічы Навагрудскага раёна ў далёкім 1932 годзе. З самага ранняга дзяцінства хлопчыка прывучалі да працы. Ён дапамагаў бацькам па гаспадарцы: касіў траву, пасвіў кароў, араў поле. Бліжэйшым раённым цэнтрам ад вёскі, у якой нарадзіўся маленькі Яўген, было польскае мястэчка Любча. Менавіта там ён пайшоў у школу.

Яўген быў старастам класа, вучыўся вельмі добра, любіў гісторыю, беларускую мову і літаратуру. Пасля заканчэння школы перад юнаком паўстаў выбар: падаваць дакументы ў сельскагаспадарчую акадэмію і стаць аграномам, або паступіць у Мінскі педагагічны інстытут і стаць настаўнікам беларускай мовы і літаратуры. Малады чалавек вырашыў звязаць сваё жыццё з педагогікай. Пасля заканчэння інстытута Яўген Бекіш 36 гадоў адпрацаваў настаўнікам, 27 з якіх быў дырэктарам школы.

Са сваёй будучай жонкай Ганнай ён пазнаёміўся на вечарыне. Пажаніліся і да гэтай пары жывуць разам. Выгадавалі дваіх дзяцей, маюць трох унукаў. У вольны час Яўген Сямёнавіч піша вершы. Некаторыя з іх прысвечаны яго сям’і.

У 1984 годзе Яўген Бекіш быў назначаны дырэктарам Горкаўскай сярэдняй школы. Сумесна з вучнямі арганізаваў хор, які часта выступаў на бацькоўскіх сходах. Таксама кіраўнік школы быў ініцыятарам адкрыцця майстэрні для правядзення ўрокаў па працоўным навучанні. Акрамя гэтага, ён здзіўляў вучняў сваімі прамоўніцкімі здольнасцямі: мог расказваць новую тэму ўрока і суправаджаць яе асобныя моманты песнямі. Па паспяховасці Горкаўская сярэдняя школа была на дастойным узроўні, усе настаўнікі з’яўляліся прафесіяналамі сваёй справы, вучні імкнуліся да новых ведаў.

Былы дырэктар лічыць, што галоўная задача сучаснай школы – даць вучням тыя тэарэтычныя і практычныя веды, якія дапамогуць ім у будучым жыцці. Важна, каб настаўнік надаваў увагу не толькі выдатнікам, але і слабейшым па паспяховасці вучням. Неабходна даць дзецям столькі ведаў, колькі яны могуць узяць. Настаўнік сумесна з бацькамі павінен думаць пра будучыню сваіх вучняў і накіраваць іх на правільны жыццёвы шлях.

Зараз Яўген Сямёнавіч Бекіш на заслужаным адпачынку. Хоць больш часу ён з жонкай Ганнай Аляксееўнай пражывае ў Брэсце, але кожнае лета прыязджаюць у Горку. Тут яны збіраюць грыбы,  саджаюць агарод, разводзяць кветкі. А які прыгожы ў іх падворак! Усё на ім зроблена рукамі руплівых гаспадароў.

Напрыканцы сустрэчы сучаснай моладзі Яўген Бекіш пажадаў разумна ацэньваць розныя жыццёвыя сітуацыі, выбіраць правільны гуманны шлях, быць працавітымі і жыццярадаснымі, шанаваць людзей і навакольны свет, нікому не рабіць зло і ісці па жыцці з песняй.

Вадзім ФІЛІПОЎСКІ
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup