З 19 па 25 кастрычніка 2020 года ў аператыўна-дзяжурную службу АУС Дзятлаўскага райвыканкама паступіла 90 паведамленняў, 13 з якіх утрымлівалі звесткі аб прыкметах учыненых злачынстваў, 23 – аб адміністрацыйных правапарушэннях, 54 – аб іншых здарэннях.
Да адміністрацыйнай адказнасці былі прыцягнуты 13 правапарушальнікаў, узбуджана 10 крымінальных спраў.
Па гаджэты – у чужы дом
19 кастрычніка раённы аддзел Следчага камітэта ўзбудзіў крымінальную справу на беспрацоўную жыхарку райцэнтра, 1992 года нараджэння. Дзятлаўчанка ў адзін са жнівеньскіх вечароў з незамкнёнага дома земляка скрала планшэтны камп’ютар і мабільны тэлефон. Нанесены незаконнымі дзеяннямі жанчыны ўрон ацанілі ў 94 рублі 30 капеек.
Забраў бензапілу з падворка
Крымінальная справа за крадзеж узбуджана на жыхара адной з вёсак раёна. Мужчына 22 кастрычніка зайшоў на падворак жыхара вёскі Сцяткоўшчына і ўбачыў, што гаспадар пакінуў там без нагляду бензапілу. Нядоўга думаючы, нязваны госць скраў чужы інструмент коштам 250 рублёў. Аднак скарыстацца незаконна здабытай бензапілой злодзею не давялося: па гарачых слядах яго затрымалі праваахоўнікі.
Пакінуў куртку – зніклі грошы
19 кастрычніка раённы аддзел Следчага камітэта ўзбудзіў крымінальную справу па факце крадзяжу, які адбыўся месяцам раней. Так, 19 верасня ў падвальным памяшканні дома № 3 па вуліцы Клары Цэткін райцэнтра мужчына пакінуў сваю куртку, з кішэні якой прапалі 100 рублёў.
Міліцыя просіць грамадзян, якім што-небудзь вядома пра нераскрыты крадзеж, паведаміць інфармацыю па нумары 102 або ўчастковаму інспектару міліцыі.
Зноў камп’ютарныя злодзеі
Нягледзячы на папярэджанні праваахоўнікаў і артыкулы ў газеце, жыхары нашага раёна па-ранейшаму становяцца ахвярамі злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій.
Так, 19 кастрычніка ў абедзенны час ад дзеянняў інтэрнэт-злодзея пацярпела жыхарка горада Дзятлава, 1968 года нараджэння. З пластыкавай карткі ААТ “Белаграпрамбанк”, якая належыць жанчыне, былі скрадзены 228 рублёў 49 капеек.
Без 220 рублёў на карт-рахунку раніцай 21 кастрычніка засталася трымальніца карткі гэтага ж банка з гарадскога пасёлка Казлоўшчына.
Вечарам 23 кастрычніка 135 рублёў праз інтэрнэт былі скрадзены з карткі ААТ “Белаграпрамбанк” яшчэ адной жыхаркі горада Дзятлава.
Пад рукой аказаўся нож
Жыхарка горада Дзятлава, 1980 года нараджэння, вечарам 20 кастрычніка ў час сваркі з сынам сужыцеля, 2002 года нараджэння, схапілася за нож. Жанчына нанесла хлопцу ўдар у жывот, прычыніўшы цяжкае раненне. За супрацьпраўны ўчынак дзятлаўчанцы давядзецца адказваць перад судом.
Цяжкая аварыя каля Вензаўца
25 кастрычніка ў 17 гадзін на аўтадарозе паблізу аграгарадка Вензавец жыхар горада Масквы Расійскай Федэрацыі, які рухаўся на “ВМW”, выехаў на сустрэчную паласу, дзе сутыкнуўся з аўтамабілем “Сітраэн”. У “Сітраэне” ехалі жыхаркі горада Ліды: вадзіцель, 1965 года нараджэння, і яе пасажырка, 2000 года нараджэння. Ад атрыманых у час дарожна-транспартнага здарэння траўмаў абедзве жынчыны загінулі. Траўмаваны вадзіцель “ВМW” дастаўлены ў Дзятлаўскую бальніцу.
Аляксандр БІЛЬ,
начальнік АУС Дзятлаўскага райвыканкама
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup