Крымінальная хроніка. Здарэнні мінулага тыдня

Здарэнні і бяспека Свежыя навіны

З 12 па 18 кастрычніка 2020 года ў аператыўна-дзяжурную службу АУС Дзятлаўскага райвыканкама паступілі 82 паведамленні, 9 з якіх утрымлівалі звесткі аб прыкметах учыненых злачынстваў, 26 – аб адміністрацыйных правапарушэннях, 47 – аб іншых здарэннях.

Да адміністрацыйнай адказнасці былі прыцягнуты дзевяць  правапарушальнікаў, узбуджана сем крымінальных спраў.

Увага: актывізаваліся інтэрнэт-злодзеі

За мінулы тыдзень раённым аддзелам Следчага камітэта было ўзбуджана адразу некалькі крымінальных спраў па фактах злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій.

Так, вечарам 7 кастрычніка невядомы з дапамогай інтэрнэту авалодаў рэквізітамі банкаўскай карткі дзятлаўчанкі і ўчыніў крадзеж з яе карт-рахунка 303 рублёў.

13 кастрычніка праз інтэрнэт з карткі ААТ “Приорбанк” вадзіцеля прыватнага прадпрыемства былі скрадзены 70 долараў ЗША і 235 рублёў 75 капеек у нацыянальнай валюце. У гэты ж дзень з карткі ААТ “Белаграпрамбанк” жыхара горада Дзятлава былі незаконна зняты 1449 рублёў 41 капейка.

Такім жа чынам 14 кастрычніка былі скрадзены 143 рублі 50 капеек з карт-рахунка ААТ “Беларусбанк” у жыхара вёскі Дзям’янаўцы.

18 кастрычніка падобнае злачынства было ўчынена ў адносінах жыхаркі горада Гродна, якая засталася без 100 рублёў на сваім карт-рахунку ААТ “Приорбанк”.

Скраў веласіпед у земляка

Крымінальная справа ўзбуджана на раней судзімага беспрацоўнага жыхара аграгарадка нашага раёна. Мужчына вырашыў палепшыць свой дабрабыт за кошт земляка. 9 кастрычніка з незамкнёнага падвальнага памяшкання мясцовага жыхара ён скраў дарожны веласіпед “Stinger” коштам 300 рублёў. Планы злодзея сапсавалі праваахоўнікі, якія ўстанавілі асобу вінаватага і вярнулі маёмасць гаспадару.

Хто “пачысціў” сумачку?

У першай палове дня 16 кастрычніка з сумачкі, якая знаходзілася ў кабінеце доктара-тэрапеўта Дзятлаўскай цэнтральнай раённнай бальніцы, прапаў кашалёк, у якім ляжалі 400 рублёў.

Праваахоўнікі просяць грамадзян, якім што-небудзь вядома пра абставіны  злачынства, тэлефанаваць на нумар 102 ці паведаміць участковаму інспектару міліцыі.

Здарэнні ў сельгаспрадпрыемствах

За мінулы тыдзень да адміністрацыйнай адказнасці за знаходжанне ў стане алкагольнага ап’янення на працоўным месцы былі прыцягнуты два жывёлаводы аднаго з сельгаспрадпрыемстваў Дзятлаўскага раёна.

Ігар ХІТРО,
намеснік начальніка АУС Дзятлаўскага райвыканкама

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup