Будні пад знакам савы.
І днём, і ноччу баявое дзяжурства нясуць падраздзяленні Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь, нездарма іх талісманам з’яўляецца пільная сава. Аб службовых буднях Дзятлаўскага аддзела аховы расказаў яго начальнік Дзмітрый Харошка.
– Асноўны від нашай дзейнасці – забеспячэнне аховы аб’ектаў дзяржаўнай і прыватнай уласнасці па дагаворах, ахова грамадскага парадку, папярэджанне і своечасовае раскрыццё злачынстваў, забеспячэнне бяспекі людзей. На сёння ахоўваем 232 аб’екты раёна, сярод якіх 29 – па сродках фізічнай аховы, 103 – па сродках трывожнай сігналізацыі. На працягу года супрацоўнікі аддзела паўдзельнічалі ў раскрыцці чатырох злачынстваў. Найчасцей сёлета даводзілася рэагаваць на спрацоўку трывожнай сігналізацыі, якая ўстаноўлена на магазінах і гандлёвых кропках райцэнтра, пераважна гэта былі дробныя крадзяжы прадуктаў і спіртнога, праўда, выязджалі і на разбой у магазін “Івушка”. Група затрымання прыбывае на месца здарэння за максімальна кароткі час – да сямі хвілін. Мабільнасць спрыяе хуткаму ўхіленню правапарушэнняў, іх раскрыццю па гарачых слядах.
– Як ацэньваеце тэхнічныя магчымасці аддзела?
– Мы забяспечаны сучасным тэхнічным абсталяваннем адпаведна патрабаванням нарматыўна-прававых дакументаў, якія рэгламентуюць дзейнасць падраздзяленняў Дэпартамента аховы. Гэта дае магчымасць ахоўваць аб’екты не толькі ў Дзятлаве, але і ў розных кутках раёна. Таксама нашы спецыялісты займаюцца мантажом і абслугоўваннем сістэмаў відэаназірання ў арганізацыях і прадпрыемствах раёна.
– Мяркую, спраўляцца з гэтымі няпростымі задачамі здольны толькі прафесіяналы?
– У нас зладжаны калектыў, супрацоўнікі годна спраўляюцца з працоўнымі абавязкамі, валодаюць высокімі маральна-дзелавымі якасцямі. Сярод паспяховых варта адзначыць старшага інспектара групы міліцэйскай, ваенізаванай і вартавой аховы Дзяніса Шэўчыка, памочніка камандзіра ўзвода Дзмітрыя Дорду. Плённа нясуць службу супрацоўнікі групы затрымання, а таксама міліцыянеры ўзвода міліцыі па ахове грамадскага парадку ў Рэспубліканскай туберкулёзнай бальніцы “Наваельня”.
Стараемся папаўняць калектыў перспектыўнай моладдзю. Адметна, што нядаўна да нас на службу прыбыў малады афіцэр Ілья Кулікоўскі, які ўзначаліў службу сродкаў і сістэмаў аховы. Усяго сёлета калектыў папоўнілі пяць маладых супрацоўнікаў, яшчэ два праходзяць навучанне і таксама будуць служыць у аддзеле.
– Ці лёгка трапіць да вас на службу, чым яна прываблівае маладых?
– Пры адборы ўлічваем асабістыя якасці кандыдата, стан здароўя, узровень адукацыі. Сярод абавязковых патрабаванняў – наяўнасць прафесійна-тэхнічнай або сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі. Служба ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь пажаданая, але кандыдатаў, якія маюць сярэднеспецыяльную і вышэйшую адукацыю, можам разгледзець і без службы. А вось прычынай для адмовы можа стаць той факт, што малады чалавек прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці.
У аддзел моладзь прывабліваюць сацыяльныя льготы і гарантыі, прадугледжаныя дзяржавай для праваахоўнікаў. Сярод іх: абавязковае дзяржаўнае страхаванне за кошт рэспубліканскага бюджэту ці іншых прадугледжаных заканадаўствам крыніц; права на льготны крэдыт на будаўніцтва, рэканструкцыю ці пакупку жылля для супрацоўнікаў, маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў; права на медыцынскае абслугоўванне ў арганізацыях аховы здароўя органаў унутраных спраў і санаторнае лячэнне для супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і членаў іх сем’яў; магчымасць выдзялення арэнднага жылля згодна з чаргой або выплата грашовай кампенсацыі за наём жылога памяшкання па дагаворы. І, безумоўна, пенсійнае забеспячэнне пасля дасягнення 48 гадоў з улікам выслугі на службе 20 і больш гадоў.
– Дзмітрый Іванавіч, якія словы адрасуеце супрацоўнікам да свята?
– Найперш, падзякую за шматгадовую плённую службу нашым ветэранам Сцяпану Мацюкевічу, Станіславу Казакевічу, Мікалаю Маруку, Мікалаю Парфіновічу, Валянціну Лабарэвічу. Таксама тым, хто пасля выхаду на пенсію прадаўжае працаваць у падраздзяленнях аддзела на грамадзянскіх пасадах: Валерыю Цімашэвічу, Вячаславу Франюку, Мікалаю Жадзейку, Сяргею Гародку, Дзмітрыю Абрамчыку, Міхаілу Дорашу, Андрэю Кургуну, Станіславу Юрчуку. Жадаю ім здаровага даўгалецця, бадзёрасці духу, сямейнага дабрабыту.
Тым, хто ў страі – спрыту і адвагі, поспехаў у службовай дзейнасці і сямейных справах, фінансавай стабільнасці, надзейнага тылу.
Ірына СТЫРНІК
Фота аўтара
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup