Яркае развітанне з летам

Важнае Культура і адпачынак Свежыя навіны

Ужо традыцыйна ў апошнюю суботу лета прайшоў моладзевы вулічны капуснік “Тваё лета-2020”.

Арганізатарам свята выступіў сектар па рабоце з моладдзю Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Мерапрыемства пачалося з парада мімаў, самакатаў і выступленняў таленавітай моладзі Дзятлаўшчыны.

Хлопцы и дзяўчаты спявалі, танцавалі, дэманстравалі цыркавыя нумары і стараліся паказаць свае таленты.

Падчас канцэрта працавалі творчыя пляцоўкі, а таксама выстава-продаж вырабаў ручной работы і лялек. Жадаючыя маглі пачаставацца салодкай ватай і папкорнам, а таксама павесяліцца на атракцыёнах.

Асаблівай папулярнасцю карысталася арт-кафэ “Псіхалогія здаровай сям’і”, дзе госці капусніка маглі весела правесці разам час за маляваннем і гутаркай.

Зацікаўленасць у гледачоў выклікаў і незвычайны конкурс ‒ забег паўзункоў, у якім паўдзельнічалі бацькі з дзецьмі да года.

Без прызоў у гэты вечар не застаўся ніводны з удзельнікаў конкурсаў, тым больш што нагода была сур’ёзнай: сёлета моладзеваму капусніку споўнілася пяць гадоў. Спонсарамі падарункаў стаў Дзятлаўскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці сумесна з касметычнай кампаніяй “Арыфлэйм”.

Пасля заканчэння асноўных конкурсаў гасцей вечара чакаў фестываль фарбаў ColorFest. Купляць фарбы было не абавязкова, бо любы жадаючы мог выйграць іх у конкурсах арганізатараў. Так, адразу некалькі чалавек сталі пераможцамі розыгрышу ў групе ВКонтакте і яшчэ некалькі ‒ у конкурсе на самы цікавы і яркі танец.

Вельмі хутка фестывальная пляцоўка афарбавалася ў яркія колеры. Настаў час дыскатэкі пад папулярную моладзевую музыку. Скончыўся святочны вечар фестывалем шароў, якія свецяцца.

Марыя ПАПОВА
Фота аўтара

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup