Нямала на Зямлі памятных мясцін, але ёсць мясціны, дзе апошні спачын знайшлі нашы блізкія, сябры, знаёмыя.
Да іх магіл мы прыходзім аддаць даніну пашаны, у думках падзяліцца самым важным, што маем на сэрцы. Могілкі – месца такое ж святое, як і храм. Для нас, жывых, важна, каб на могілках панаваў парадак, аднак чыста і прыгожа бывае толькі там, дзе людзі падтрымліваюць чысціню, бо прырода, надвор’е і час уносяць свае карэктывы ў стан “вечных гарадоў”.
Не памылюся, калі зазначу, што праблема ўтрымання могілак ніколі не губляе сваёй актуальнасці. Як яна вырашаецца на Дзятлаўшчыне, расказаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі.
– На тэрыторыі нашага раёна 105 могілак (гэта ў сярэднім па 15 на кожны сельскі савет), і толькі чатыры з іх знаходзяцца на балансе Дзятлаўскага РУП ЖКГ. Астатнія не маюць афіцыйнага гаспадара. Пасільную дапамогу ў іх утрыманні аказваюць арганізацыі і прадпрыемствы раёна. У лясных масівах размешчаны 54 пахаванні. Безумоўна, наяўнасць дрэваў дадае клопатаў пры іх утрыманні і добраўпарадкаванні.
На сёння рыхтуюцца дакументы на чатыры пахаванні (адны – у аграгарадку Гезгалы і тры – у Дварцы) для далейшай перадачы іх на баланс Дзятлаўскага РУП ЖКГ. Працэс гэта працяглы і нятанны: на кожны пакет дакументаў будзе затрачана прыкладна па дзве тысячы рублёў.
Варта зазначыць, што за апошнія дзесяць гадоў шмат увагі нададзена вясковым могілкам: на многіх замянілі агароджу, выдалілі тысячы дрэваў. Работа па добраўпарадкаванні праводзілася сельвыканкамамі пры значнай падтрымцы насельніцтва. Там, дзе ёсць вясковыя актывісты, пытанні вырашаюцца хутчэй. Старасты населеных пунктаў арганізоўваюць жыхароў, збіраюць грошы. Работы ладзяцца за кошт самафінансавання, паколькі, як я ўжо адзначыў, у могілкаў няма балансаўтрымальніка. Крыніцы фінансавання знаходзім за кошт спонсарскіх арганізацый, мясцовага насельніцтва, родных і блізкіх пахаваных. Сельвыканкамы ніколі не адмаўляюцца ад гэтай работы, але грашовых сродкаў для навядзення дастойнага парадку на могілках у іх няма. Пэўныя сумы з бюджэту на добраўпарадкаванне тэрыторый сельсаветаў выдзяляюцца штогод, але размеркаваць гэтыя грошы неабходна на розныя патрэбы: вулічнае асвятленне, барацьбу з бадзяжнымі жывёламі, выдаленне аварыйных дрэваў у грамадскіх месцах і многае іншае. Таму без зацікаўленасці мясцовых жыхароў поўнасцю вырашыць пытанні добраўпарадкавання на могілках проста немагчыма.
Варта адзначыць, што за апошнія гады амаль на ўсіх могілках абсталяваны месцы для часовага складзіравання смецця. Старшыні сельвыканкамаў звярталіся па спонсарскую дапамогу ў арганізацыі і гаспадаркі, да людзей. Віталася і вітаецца любая дапамога мясцовага насельніцтва. Адзін са станоўчых прыкладаў самаарганізацыі вяскоўцаў для добраўпарадкавання могілак мы бачым у вёсцы Азяраны. Да навядзення парадку тут прыступілі ў 2019 годзе дзякуючы мясцовай актывістцы Святлане Ваніслаўчык, якая заахвоціла вяскоўцаў, стала сувязным звяном паміж насельніцтвам і сельвыканкамам. Агульнымі намаганнямі вяскоўцаў і мясцовай улады зроблена многае, аднак работы прадаўжаюцца.
Карэспандэнтка газеты “Перамога” наведала аб’ект добраўпарадкавання, пагутарыла з людзьмі.
Да азяранскіх могілак, калі ехаць з боку Дварца, вядзе грунтавая дарога, затым паварот налева, адрэзак лясной дарогі – і перад вачамі паўстае ўзгорак, на якім размешчаны могілкі. Першай увагу прыцягвае невялікая драўляная пахавальня на самай вяршыні ўзгорка.
– У пахавальні сіламі сельвыканкама з дапамогай жыхароў адрамантаваны дах і перакрыцці, падшыты і пафарбаваны столь і сцены, – уводзіць у курс справаў старшыня Дварэцкага сельвыканкама Канстанцін Вінцукевіч.
– Астатняе добраўпарадкаванне – справа рук вяскоўцаў, яны клапоцяцца і аб унутраным убранні пахавальні: каб памаліцца, тут аформлены куточкі для праваслаўных і каталікоў.
У кастрычніку-лістападзе мінулага года на азяранскіх могілках неаднаразова праходзілі суботнікі, два з іх арганізоўваліся з удзелам работнікаў сельвыканкама і жыхароў вёсак Азяраны і Бярнатаўшчына. Галоўным ініцыятарам добрых справаў заўжды была Святлана Мікалаеўна Ваніслаўчык, актыўны ўдзел у добраўпарадкаванні прымаюць іншыя мясцовыя жыхары, іх дзеці і ўнукі.
Падкрэслю, што яны зрабілі вельмі значны працоўны і грашовы ўклад у навядзенне парадку. Частка актывістаў прыйшла і сёння, каб расказаць, што зроблена і што яшчэ варта зрабіць. Гэта Аліна і Яўген Сідорчыкі, Дар’я Жых, Руслан Міронаў, Ядвіга Сіневіч, Марыя Сіневіч.
Спілавана шмат дрэў, выдалены хмызнякі, ссечаны і спалены галіны, пратраўлена ядахімікатамі расліннасць. Пасільную дапамогу ў добраўпарадкаванні аказаў КСУП “Дварэц-Агра”, на самых складаных участках пры выдаленні векавых сосен былі задзейнічаны прафесіяналы – індывідуальныя прадпрымальнікі. На добраўпарадкаванне вяскоўцы ўжо сабралі і патрацілі 800 рублёў.
– Добраўпарадкаваць могілкі мы пачалі з пахавальні вясной 2019 года, – далучаецца да размовы ўраджэнка Азяранаў Аліна Сідорчык.
– Дах, столь і сцены пахавальні адрамантавала рабочая брыгада сельвыканкама з удзелам жыхароў. Аб астатнім парупіліся мы, вяскоўцы. Пасля спілоўвання дрэваў сабралі і спалілі шмат галін, шмат яшчэ давядзецца спаліць. Мы з мужам выкарыстоўваем любую вольную хвілінку, каб прыйсці сюды і папрацаваць. На могілках вяскоўцы стараюцца для сябе і для памяці продкаў.
– Актыўна працавалі сем’і Літавараў, Чыркуноў, Міселяў, Сіневічаў, Турчэнікаў, шмат намаганняў прыклаў Руслан Міронаў, праўда, былі і тыя, хто не праявіў актыўнасці, – падтрымлівае аповед Аліны Іванаўны яе муж Яўген Сідорчык.
– Цяпер тут ужо прыгожа, а раней былі зараснікі сцяной. Мы вельмі ўдзячны Святлане Ваніслаўчык, старшыні сельвыканкама Канстанціну Вінцукевічу за клопаты, за той вынік, які маем.
– Старшыня сельвыканкама ў нас малайчына, – уключаецца ў гутарку Дар’я Жых.
– Папрасілі ў яго пракасіць сцяжынку ад броду, каб зручней было хадзіць на могілкі, – ён парупіўся. Калі спатрэбілася спіліць сосны ля магілы майго свёкра, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, – таксама знайшоў чалавека, мне засталося толькі аплаціць работы.
Патэлефанавала карэспандэнтка газеты і Святлане Ваніслаўчык. Вось што расказала жанчына.
– Летась з просьбай аб дапамозе я звярнулася да Канстанціна Вінцукевіча. Старшыня сельвыканкама згадзіўся, што азяранскія могілкі запушчаны. Было зразумела, што для іх добраўпарадкавання давядзецца вырашыць шмат праблем. Шчыра ўдзячна старшыні Дзятлаўскага райвыканкама, якому я тэлефанавала некалькі разоў. Ён цярпліва выслухаў, патлумачыў важныя моманты. Удзячна землякам, якія старанна ўключыліся ў работу. Мае ногі не ходзяць, я не высекла ніводнага кусціка – працавалі муж і дзеці. Прасіла і пераконвала дапамагаць усіх, чые продкі ляжаць у гэтай зямлі. І вось нядаўна мой сын змясціў у інтэрнэт фотаздымак з надпісам “Новае жыццё векавой пахавальні вёскі Азяраны”. Я ўбачыла, што цяпер там няма зараснікаў сцяной, што свеціць сонца. Душой радуюся ўсяму, што ўжо зроблена і будзе зроблена ў далейшым.
Рахункуючы вынікі паездкі, варта адзначыць, што гэта толькі адзін аб’ёкт сярод многіх іншых аб’ектаў нашага раёна, дзе пры плённым супрацоўніцтве ўлады і мясцовага насельніцтва паспяхова вырашана адна з важных праблем. Людзям варта больш актыўна далучацца да добрых справаў, клапаціцца аб добраўпарадкаванні і захаванні святых і памятных месцаў, бо гэта патрэбна не памерлым – гэта патрэбна жывым.
Ірына СТЫРНІК
Фота аўтара
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup