Якія пытанні абмяркоўвалі дэпутаты?

Важнае Улада

29 верасня прайшло чарговае пасяджэнне сесіі Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў 28-га склікання пад кіраўніцтвам старшыні райсавета Аляксандра Бараноўскага.

У рабоце сесіі прынялі ўдзел кіраўнікі аддзелаў райвыканкама, старшыні сельскіх Саветаў дэпутатаў, кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый раёна.

На парадак дня было вынесена некалькі пытанняў. Са справаздачамі аб рэалізацыі мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2016-2020 гады ў Дзятлаўскім раёне выступіў намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Васіль Шыцько. Ён зазначыў, што для забеспячэння дзяржаўнай праграмы рашэннем Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў ад 29 снежня 2016 года № 127 быў зацверджаны рэгіянальны комплекс мерапрыемстваў па яе рэалізацыі ў раёне. За 2016-2019 гады на рэалізацыю дзяржпраграмы засвоена 5 мільёнаў 857 тысяч рублёў, сярод іх 5 мільёнаў 302 тысячы – за кошт сродкаў мясцовага бюджэту, 554 тысячы – за кошт уласных сродкаў арганізацый. За першае паўгоддзе 2020 года ўжо выкарыстаны больш за мільён рублёў. У комплекс рэгіянальных мерапрыемстваў па рэалізацыі дзяржпраграмы ўвайшлі 9 паказчыкаў, выкананне якіх кантралюецца. Сярод іх “Прырост колькасці наведванняў арганізацый культуры”, які выконваўся на працягу некалькіх гадоў запар, але з-за эпідэміялагічнай сітуацыі пачаў зніжацца. Паказчык “Доля пазабюджэтных сродкаў у аб’ёме фінансавання дзяржаўных арганізацый культуры” выконваўся не штогадова. Поўнасцю выкананы паказчык “Колькасць наведванняў публічных бібліятэк, у тым ліку аддаленымі карыстальнікамі”. Гэтаму спрыяла актыўная работа ў інтэрнэце, абслугоўванне жыхароў аддаленых вёсак з дапамогай бібліобуса. У той жа час прадаўжаецца аптымізацыя бібліятэчнай сеткі раёна: закрыта Раготнаўская сельская бібліятэка-клуб, у 2021 годзе плануецца закрыццё Лявонавіцкай бібліятэкі-клуба. Паказчык “Прырост колькасці наведванняў музея” выконваўся на працягу чатырох гадоў, а сёлета з-за эпідэміялагічнай сітуацыі таксама знізіўся. Паказчык “Прырост аб’ёму музейнага фонду” выконваецца ў поўным аб’ёме. Знізіўся сёлета да 67 % паказчык “Колькасць культурных мерапрыемстваў, якія праводзяцца клубнымі і іншымі ўстановамі культуры”, хаця ён выконваўся на працягу папярэдніх гадоў. Прычына зноў жа ў эпідсітуацыі. Варта ўзгадаць, што ў 2016 годзе ў рамках Года культуры на Дзятлаўшчыне ўпершыню стартаваў раённы сельскагаспадарчы праект “Дбайных людзей славім – весела час бавім”, мерапрыемствы якога штогод праходзяць у аграгарадках. У 2017 годзе прайшоў першы раённы фестываль “Зецельскі фэст”. У 2016 годзе калектыў “Зараначка” Казлоўшчынскага дома культуры пабыў на ІХ рэспубліканскім фестывалі культуры і мастацтва “Берагіня”. У справаздачны перыяд артысты Дзятлаўшчыны актыўна ўдзельнічалі ў культурным жыцці вобласці і рэспублікі. Напрыклад, на “Славянскім базары” ў Віцебску пабылі тэатр-студыя гульні “Прымакі” і тэатр роставых лялек “Лялькі для ўсіх”. У 2018 годзе ў Дварэцкім доме культуры адкрылася этнаграфічная экспазіцыя “Побытавая культура селяніна”. У вёсцы Ахонава 5 мая штогод праходзіць абрад “Юр’е”, уключаны ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі. З-за пагаршэння эпідсітуацыі ўстановы культуры былі арыентаваны на работу ў віртуальнай прасторы – запушчаны ютубканал “Культура Дзятлаўшчыны”, дзе размешчаны каля 500 ролікаў, якія прагледзелі больш за 32 тысячы чалавек.

Паказчык “Прырост аб’ёму даходаў ад кінапаказу і іншых кінавідовішчных арганізацый” выкананы не поўнасцю. Рашэннем Дзятлаўскага райвыканкама № 232 ад 20 красавіка 2020 года Дзятлаўская кінавідэасетка рэарганізавана ў аддзел па кінавідэаабслугоўванні насельніцтва Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. У поўным аб’ёме выкананы паказчык “Колькасць закупленых музычных інструментаў і доля адрамантаваных”, што дае свае вынікі: штогод навучэнцы школаў мастацтваў і ўстановаў культуры ўдзельнічаюць у фестывалях і конкурсах, заваёўваюць дзясяткі дыпломаў, а чатыры навучэнцы сталі лаўрэатамі спецыяльных прэмій Фонда Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі. Умацоўвалася матэрыяльна-тэхнічная база ўстановаў культуры. За справаздачны перыяд на гэта накіравана каля 450 тысяч рублёў, праведзены рамонты Новаяльнянскага, Хвінявіцкага дамоў культуры і іншых установаў. Пачаты капітальны рамонт Вензавецкага дома культуры.

Аб рэалізацыі мерапрыемстваў дзяржаўнай праграмы “Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе” на 2016-2020 гады ў Дзятлаўскім раёне расказаў намеснік начальніка аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Васіль Мудры. Ён зазначыў, што мэта гэтай дзяржпраграмы – забеспячэнне камфортных умоваў жыцця і спрыяльнага асяроддзя перш за усё за кошт павышэння эфектыўнасці і надзейнасці функцыянавання аб’ектаў камунальнай гаспадаркі з адначасовым зніжэннем затрат на аказанне жыллёва-камунальных паслугаў. Рашэннем Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў ад 31 студзеня 2017 года № 142 былі даведзены значэнні мэтавых паказчыкаў адказнаму выканаўцу – Дзятлаўскаму РУП ЖКГ. Аналіз іх выканання таксама праходзіў у адпаведнасці з разглядам рэалізацыі падпраграм. Першая з іх – “Забеспячэнне якасці і даступнасці паслугаў”, якая прадугледжвала памяншэнне затрат на камунальныя паслугі за кошт шэрагу мерапрыемстваў, была выканана на 5,5 % (заданне 5 %).

Падпраграма “Мадэрнізацыя і павышэнне эфектыўнасці цеплазабеспячэння” была скіравана на забяспепячэнне энэргабяспекі і прадугледжвала мадэрнізацыю кацельняў і беражлівае выкарыстанне энергарэсурсаў. У рамках яе на 2020 год запланавана будаўніцтва блочна-модульнай кацельні ў вёсцы Міроўшчына і рэканструкцыя кацельні па вуліцы Навагрудскай райцэнтра з пераключэннем нагрузкі ад кацельні па вуліцы Перамогі. У рамках падпраграмы “Рамонт жыллёвага фонда” у першым паўгоддзі 2020 года ўведзены ў эксплуатацыю пасля капрамонту 3,1 тысячы метраў квадратных агульнай плошчы жылых памяшканняў. Аформлена заяўка на выдзяленне бюджэтнага крэдыта, з дапамогай якога мяркуецца ўвесці ў эксплуатацыю яшчэ адзін аб’ект – Наваельня, Чырвонаармейская, 39-А.

Падпраграма “Чыстая вада” была скіравана на забеспячэнне насельніцтва пітной вадой нарматыўнай якасці. Для поўнай забяспечанасці якаснай вадой жыхароў раёна патрабуецца будаўніцтва новых сетак вадазабеспячэння, станцый абезжалезвання, устаноўка індывідуальных сістэмаў ачысткі. Згодна абласной інвестпраграмы сёлета ўведзена ў эксплуатацыю станцыя абезжалезвання аграгарадка Раготна, у першым паўгоддзі ў раёне заменена 2 кіламетры 200 метраў водаправода і 300 метраў сетак каналізацыі. У 2021 годзе плануецца пабудаваць станцыю абезжалезвання ў аграгарадку Раклевічы.

Пры выкананні падпраграмы “Абыходжанне з камунальнымі адходамі” асаблівая ўвага надавалася іх утрыманню і перапрацоўцы: у жылым сектары ўстаноўлены 218 кантэйнераў для раздзельнага збору адходаў, арганізацыям раёна даведзены заданні па зборы і нарыхтоўцы паперы, палімераў, шкла і іншых адходаў.

Напрыканцы сваіх выступленняў дакладчыкі адзначылі, што ў цэлым патрабаванні дзяржпраграмаў у раёне выкананы, распрацаваны пэўныя прапановы па рэалізацыі нявыкананых паказчыкаў – яны адлюстраваны ў праекце рашэння сесіі. Дэпутаты разгледзелі праект і падтрымалі яго ў час галасавання. Таксама разгледзелі іншыя пытанні, вынесеня на парадак дня работы сесіі, прынялі адпаведныя рашэнні.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup