Волаты на здабычы лесу

Важнае Грамадства

Сёння на лясной службе працуюць не толькі людзі, але і “разумныя” шматфункцыянальныя машыны.

Па словах начальніка лесапункта Віктара Тарасевіча, адзін харвестар можа замяніць працу 25-28 вальшчыкаў лесу. Машына выконвае спільванне, абсяканне і раскрыжоўку дрэваў, нарыхтоўвае ў месяц да трох тысяч кубаметраў драўніны. Тэхніка ашчадная да навакольнага асяроддзя, а таксама камфортная і бяспечная для вадзіцеля. Фарвардар працуе ў звязцы з ім, праводзіць трылёўку нарыхтаваных дрэваў.

Сёлета Дзятлаўскі лясгас набыў чацвёрты па ліку комплекс харвестар-фарвардар, усе яны занятыя ў лясніцтвах гаспадаркі. Работы вядуцца без выхадных у любую пару года з перапынкам на тэхнічнае абслугоўванне. Пры штомесячным плане ў чатыры тысячы кубаметраў драўніны, лесапункт нарыхтоўвае ўдвая больш. За рулём сучасных машын – вадзіцелі, сапраўдныя прафесіяналы, якія маюць спецыяльную кваліфікацыю, валодаюць адмысловымі практычнымі навыкамі. Акрамя іх, у падраздзяленні працуюць майстры на лесасеках, бухгалтар, калектыў складае трыццаць чалавек.

Новая вытворчасць

Вензавецкі дрэваапрацоўчы цэх – экспартна арыентаванае падраздзяленне Дзятлаўскага лясгаса. Выручка ад рэалізацыі дрэваапрацоўчай прадукцыі цэха складае 40 % ад усёй выручкі арганізацыі. Цэх вырабляе абразныя і неабразныя піламатэрыялы, нарыхтоўкі для еўрападдонаў, акоранае колле.

Як адзначае галоўны інжынер Дзятлаўскага лясгаса Аляксандр Сасінскі, сёння ідзе арыентацыя на выкарыстанне ў вытворчасці нізкагатункавай драўніны, у той час як сыравіна высокага гатунку паспяхова рэалізуецца на таварнай біржы.

У 2020 годзе ў падраздзяленні будуецца новы дрэваапрацоўчы цэх, які будзе аснашчаны сучасным дрэваапрацоўчым абсталяваннем. Як вынік – павелічэнне аб’ёмаў вытворчасці, пашырэнне асартыменту і галоўнае – стварэнне ад 8 да 10 новых рабочых месцаў. Сучасны цэх плануецца ўвесці ў строй яшчэ сёлета.

Для сябе – і для гасцей

Гезгалаўскае лясніцтва – адно з самых старэйшых на Дзятлаўшчыне, багатае сасновымі барамі і бярозавымі гаямі. Тут знаходзіцца плантацыя карэльскай бярозы плошчай 5,3 гектара, драўніна якой каштоўнай для падзелак. Гэтыя дрэвы вырошчваюць для насення. На тэрыторыі лясніцтва размешчаны два парнікі, у якіх вырошчваюцца сеянцы сасны. Калі прыйдзе час, яны зоймуць сваё месца ў лясах Дзятлаўшчыны.

Сёлета будынак Гезгалаўскага лясніцтва перажыў бягучы рамонт: не проста абнавіўся, а атрымаў другое жыццё. Цяпер памяшканне выконвае дзве функцыі: справа – адміністрацыя, злева – міні-гасцініца.

Наталля АВЯРЧУК