Кніга – гэта духоўнае завяшчанне аднаго пакалення другому, парада паміраючага старога юнаку, які пачынае жыць; загад, што перадае часавы, які адпраўляецца на адпачынак, часавому, які заступае на яго месца. (А. І. Герцэн)
Так пісаў родапачынальнік рускага сацыялізму, пісьменнік і публіцыст, філосаф і педагог Аляксандр Герцэн.
І калі ўдумацца ў гэтае выказванне, то разумееш, які глыбокі сэнс закладзены ў яго. Кнігі – гэта своеасаблівы мост да мінулага, да ўсіх тых, хто ішоў перад намі і пакінуў нам мудрасць, назапашаную сваім жыццёвым вопытам. Кнігі маюць магічную здольнасць увасабляць у жыццё мінулае праз словы тых, хто жыў даўно.
Чалавек знаёміцца з кнігамі з ранняга дзяцінства, і суправаджаюць яны яго на працягу ўсяго жыцця. Яны як пастаянныя спадарожнікі дапамагаюць разбірацца ў цяжкіх пытаннях, вырашаць важныя жыццёвыя праблемы, адчыняюць акно ў новы нязведаны свет.
Свет кніг настолькі прывабны, што ўтрымацца ад заваявання гэтых бясконцых абшараў проста немагчыма.
І, здавалася б, як выдатна! Але ў век інфармацыйных тэхналогій да нас прыйшоў інтэрнэт, а з ім і электронная кніга. Добра гэта ці дрэнна – пытанне. Адказ у кожнага будзе свой.
Але, пагадзіцеся, інтэрнэт ні ў якім разе не можа параўнацца з асабістым вопытам чытання цікавай кнігі, бо добра распрацаваная кніга спрыяе станоўчаму чытацкаму вопыту, простая партатыўнасць кнігі – гэта тое, што робіць яе найбольш зручнай для карыстальніка – лепшым фарматам ведаў, які быў калі-небудзь вынайдзены.
Яшчэ адным важным аргументам у адказ на пытанне “Якая роля кнігі ў жыцці чалавека ў сучасным свеце?” з’яўляецца тое, што тыя, хто хочуць стаць пісьменнікамі, хочуць, каб іх творы пастаянна публікаваліся як кнігі. Іх чытачы могуць трымаць, бачыць, адчуваць, перабіраць і чытаць у вольны час без неабходнасці падключэння да электрычнасці (акрамя лямпы ўначы). Аўтар гутарыць з намі непасрэдна праз старонкі. Калі гісторыя з’яўляецца пераканаўчай, яна стане часткай нашай свядомасці і забяспечыць нам новы вопыт.
У апошні час я заўважыла за сабой некаторую асаблівасць. Нават не ведаю, як гэта можна растлумачыць, можа, інтуіцыя або падказкі звыш? У самыя цяжкія або важныя моманты ў маім жыцці я задаюся пытаннямі: “Што рабіць? Як быць? Як паступіць?”. І гэтыя пытанні і днём, і ноччу круцяцца ў маёй галаве, не знаходзячы неабходнага рашэння. І вось праз некаторы час мне ў рукі абавязкова трапіць патрэбная кніга, якая падкажа мне, як быць.
З усімі, напэўна, здараецца, калі хочацца пабыць аднаму, схавацца ад праблем, іншымі словамі, уцячы ад сябе. Аднойчы ў мяне апынулася кніга протаіерэя Андрэя Лемяшонка “Пра што пытаюцца людзі?”. Вы не паверыце, на старонцы 148-й чытаю і знаходжу адказ на сваё пытанне: “Вядома, у кожным з нас жыве гэтае жаданне расслабіцца, адпачыць. Але людзі як каменьчыкі на беразе мора: праз іх пастаянна перакочваюцца хвалі, каменьчыкі пастаянна труцца адзін аб аднаго і таму становяцца ідэальна гладкімі. Так і ў нашым жыцці: нам патрэбныя іншыя людзі, асяроддзе. І трэба прымаць тых людзей, якія побач з намі, – яны неабходныя нам для нашага выпраўлення, настаўлення, для таго, каб мы навучыліся чуць і бачыць адзін аднаго”.
Вось як бывае. І дзякуй кнігам, якія ў патрэбны момант становяцца добрымі дарадцамі, паказваючы, па якім шляху табе ісці.
Не думаю, што з гэтай задачай справіцца інтэрнэт, не змяншаючы ўсіх яго добрых якасцяў, але для мяне – не ў гэтым выпадку! А як у вас?
Наталля КАЛОДКА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup