Прафілактыка грыпу. Лягчэй папярэдзіць, чым лячыць

Важнае Улада

18 верасня ў Дзятлаўскім райвыканкаме ажыццяўлялася вакцынацыя ад грыпу расійскай вакцынай “Грыпол плюс”.

Старшыня і многія спецыялісты скарысталіся магчымасцю прайсці вакцынацыю ад гэтага сур’ёзнага захворвання.

– Прышчапляць насельніцтва сёлета пачалі крыху раней і людзі прыходзяць даволі актыўна. Літаральна за некалькі дзён прышчапілі больш за сто чалавек, – адзначае доктар агульнай практыкі Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы Аксана Варган. – На бясплатнай аснове ў першую чаргу вакцынуем інвалідаў, пажылых людзей ва ўзросце за 65 гадоў, медыцынскіх работнікаў, таксама ажыццяўляем вакцынацыю грамадзян за кошт уласных сродкаў і сродкаў арганізацый. Пакуль найбольш актыўна вакцынуюцца медыкі, хаця і іншых доўга ўгаворваць не даводзіца: людзі ведаюць пра сітуацыю з каранавірусам і небяспеку заражэння адразу дзвюма хваробамі. Аднак нагадаю, што на прышчэпку трэба прыходзіць здаровымі, інакш ёсць рызыка, што арганізм цяжка адрэагуе на вакцыну.

Карэспандэнтка газеты “Перамога” пацікавілася ў старшыні Дзятлаўскага райвыканкама Андрэя Садоўскага, які першым прыйшоў на прышчэпку, чаму ён вакцынуецца ад грыпу і раіць гэта рабіць іншым.

– Кожны чалавек павінен клапаціцца аб сваім здароўі. Часам, мы і не разумеем важнасці мерапрыемстваў па вакцынацыі, бо праходзяць яны бясплатна: часткова выкарыстоўваюцца сродкі бюджэта, часткова – прадпрыемстваў. Сёлета актыўнасць насельніцтва вышэйшая, што звязана з каранавірусам. Пры заражэнні адразу двума захворваннямі цяжка ўявіць наступствы хваробы. У прывітага ад грыпу чалавека рызыка заражэння значна меншая, а калі і ўзнікае захворванне, то працякае яно лягчэй. Грып – вельмі сур’ёзная хвароба, нярэдка ўзнікаюць ускладненні, таму вакцынавацца варта. Я раблю гэта штогод. На ўласным вопыце ўпэўніўся ў станоўчых выніках: дзякуючы прышчэпцы захворванні пераношу лёгка.

Ірына СТЫРНІК
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup